Сустрэча з класікай — Дзяржаўная ўстанова культуры

Сустрэча з класікай

У далёкім 1939 годзе класікам беларускай літаратуры Кандратам Крапівой была створана камедыя “Хто смяецца апошнім”, а ў 1954-м гэты твор быў экранізаваны на кінастудыі “Беларусьфільм” рэжысёрам У. Корж-Сабліным. Асноўныя ролі кінастужкі выканалі артысты купалаўскага тэатра, народныя і заслужаныя майстры сцэнічнага мастацтва. Створаныя імі і геніем вялікага сатырыка вобразы – Гарлахвацкага, Тулягі, Зёлкіна, ды іншыя – жывуць і сёння, як носьбіты негатыўных з’яў у нашым грамадстве.

17 лістапада у гэтым пераканаліся прысутныя на паказе чорна-белай кінастужкі ў сценах Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь. Фільм з фонду залатой класікі беларускага кіно быў у чарговы раз прадэманстраваны ў рамках праекта “Магія кінакадра” і прымеркаваны да 130-й гадавіны з дня нараджэння К. Крапівы. На яго прагляд былі запрошаны знаўцы творчасці вялікага сатырыка, навукоўцы, бібліятэкары, у тым ліку і прадстаўнічая дэлегацыя з Уздзеншчыны, малой радзімы песняра – пісьменнікі, члены літаб’яднання “Нёманец”, чытачы раённай бібліятэкі.

Да кінапаказу арганізатары мерапрыемства падрыхтавалі выстаўку кніг і часопісаў пра К. Крапіву, камедыю “Хто смяецца апошнім”, кінафільм, у тым ліку і змястоўную бібліятэчку з твораў уздзенскіх аўтараў. Незабыўныя ўражанні засталіся ў гледачоў ад судакранання з атмасферай больш як 70-гадовай даўніны. Затым у абмеркаванні твора прынялі ўдзел супрацоўніца інстытуту этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук Беларусі Антаніна Карпілава, спецыяліст Нацыянальнай бібліятэкі Юлія Амосава, дырэктар Уздзенскай раённай бібліятэкі імя П. Труса Аксана Драчан, пісьменнік, кіраўнік Уздзенскага літаб’яднання Віктар Сабалеўскі. Апошнія расказалі пра тое, як на Уздзеншчыне захоўваецца творчая спадчына К. Крапівы, як сучасныя паэты і празаікі працягваюць сатырычным словам змагацца з негатыўнымі з’явамі ў нашым грамадстве.

                                                                                Віктар Сабалеўскі

https://nlb.by/by/news/nacyjanalnaja-biblijatjeka/satyra-yakaya-ne-staree-film-khto-smyaetstsa-aposhnim/

 

 

 

 

 

Прокрутить вверх