Падарунак краязнаўцам — Дзяржаўная ўстанова культуры

Падарунак краязнаўцам

 У Уздзенскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя П. Труса 16 лістапада адбылася прэзентацыя краязнаўчага календара на 2027 год. Пра выданне гэтага змястоўнага маляўнічага даведніка ў чарговы раз парупіўся вядомы ў раёне краязнаўца, прадпрымальнік Аляксандр Нікітка. З 2007 года ён адбірае пэўную асобу, падзею, мясціну, што пакінулі адметны след у гісторыі Уздзеншчыны, і выносіць іх на паліграфічнае палатно, каб затым на працягу года яны ў дзяржаўных установах, прыватных уладаннях, калекцыях шаноўных гасцей раёна нагадвалі пра тое, чым багаты наш край. Героямі такіх шырокафарматных календароў станавіліся ўраджэнцы гэтых мясцін, вядомыя ўсёй Беларусі паэты, мастакі, навукоўцы, краязнаўцы, рэлігійныя дзеячы, архітэктурныя збудаванні і маляўнічыя прынёманскія мясціны.

Краязнаўчы каляндар 2027 года прысвечаны жыццю і творчасці вядомага на Уздзеншчыне самадзейнага кампазітара, паэта, шматгадовага кіраўніка Прысынкаўскага хора, Заслужанага дзеяча культуры Беларусі Паўла Іванавіча Шыдлоўскага (1908 – 1992 гады). З біяграфіяй і творчымі справамі творцы пазнаёмілі прысутных супрацоўнікі бібліятэкі, прыгадалі ўспаміны з асабістых сустрэч з гэтым вядомым чалавекам, прысвяцілі яму вершы і цёплыя словы Аляксандр Нікітка, унучка дзеяча культуры Людміла Шыдлоўская, пісьменнік Віктар Сабалеўскі, мастак Алесь Філіповіч, колішні дырэктар РДК Людміла Цвірко, землякі Паўла Іванавіча, наведвальнікі бібліятэкі. У наступным годзе ў раёне плануецца правесці шэраг іншых мерапрыемстваў, прысвечаных ушанаванню памяці П. Шыдлоўскага.

                                                                                                                                                                              Віктар Сабалеўскі

Прокрутить вверх