"АД ХАТЫ-ЧЫТАЛЬНІ ДА ЦБС"

З ГІСТОРЫІ БІБЛІЯТЭЧНАЙ СПРАВЫ НА

УЗДЗЕНШЧЫНЕ

     На розных этапах развіцця нашага грамадства важная роля належыла кнізе і бібліятэцы.

Яшчэ ў першыя гады Савецкай улады пры кожным партыйным камітэце, кожнай ячэйцы стваралі бібліятэкі і чытальні. Як і паўсюдна ў гэты час у нашым раёне былі хаты-чытальні. Пераважна ў іх працавалі мужчыны, бо яны былі больш пісьменныя. Загадчык хаты-чытальні ў вёсцы быў фігурай паважанай.

   У 1919 годзе пачынаюць ствараць бібліятэкі пры валасных выканкамах. У сакавіку гэтага года адукацыйна-асветніцкім аддзелам Мінскага губернства ваеннага камісарыята былі падабраны невялікія бібліятэчкі (150 выданняў кожная) і разасланы ў кожную воласць Мінскай губерніі. У Уздзенскі раён трапіла 2 такія бібліятэчкі: у Уздзенскую і Магільнянскую воласці.

   Прыцягненнем насельніцтва да чытання займаліся таксама земскія бібліятэкі, бібліятэкі таварыстваў цвярозасці, яўрэйскія грамадскія бібліятэкі, быўшыя памешчыцкія бібліятэкі. Адной з такіх была бібліятэка Наркевічаў-Ёдкаў у наднёманскім палацы, якую ў розныя часы наведвалі У. Сыракомля, Я. Колас.

  У 1921 годзе адбылася цэнтралізацыя бібліятэчнай справы ў Беларусі, у выніку якой бібліятэкі Уздзеншчыны ўвайшлі ў Ігуменскую ўездную сетку, у складзе якой была Ігуменская цэнтральная бібліятэка і 21 валасное аддзяленне, з іх 2 – на тэрыторыі цяперашняга нашага раёна. Адначасова ў гэты перыяд праводзіцца работа па ўмацаванню бібліятэк пры дзяржгасах і хатах-чытальнях. Бібліятэкі камплектаваліся беларускай, яўрэйскай, польскай, расійскай літаратурай. У шэрагу вёсак, на прадпрыемствах ствараюцца чырвоныя куткі, пры якіх дзейнічаюць бібліятэкі-перасоўкі.

     Як сведчаць дакументы тых часоў, адна бібліятэка адкрывалася на 18 тыс. жахароў, хата-чытальня – на 8 тыс. жыхароў.

 Хаты-чытальні, бібліятэкі з’яўляліся цэнтрамі палітасветнай работы, вылі барацьбу з непісьменнасцю. Таму вялікая ўвага звярталася на іх расшырэнне. Ставілася мэта – каб да канца пяцігодкі на кожныя два сельсаветы была адна хата-чытальня. Аднак, гэтыя абавязацельствы былі перавыкананы: у 1932 годзе ўжо было па адной хаце-чытальні ў кожным сельскім Савеце. У хатах-чытальнях таго часу працавалі будучыя вядомыя пісьменнікі, нашы землякі Сымон Баранавых (в. Рудкова), Антон Бялевіч (Хатлянскі сельскі Савет).

   У прадваенныя гады бібліятэкі, хаты-чытальні з’яўляліся цэнтрамі сацыялістычнай культуры на вёсцы. Да іх работы далучаўся актыў мясцовай інтэлігенцыі: настаўнікі, урачы, аграномы.

   Як паведамляла газета “Советская Белоруссия” за 20 верасня 1939 года, “…С каждым годом растут сеть сельских библиотек БССР и ассигнования на содержание их. По Минской области в этом году открыто 20 сельских библиотек. Каждой вновь организованной сельской библиотеке отпущено 5 тыс. руб. на оборудование и приобретение книг. Новые библиотеки открыты в Краснослободском, Узденском, Копыльском и других районах”.

    У гады Вялікай Айчыннай вайны ўсе бібліятэкі былі знішчаны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Іх аднаўленне адбылося ўжо ў першыя пасляваенныя пяцігодкі.

   У 1944 годзе, пасля вызвалення раёна, на базе ўласнай бібліятэкі радыста Варашылаўскай брыгады партызан Шапашнікава і на базе збораў літаратуры ў насельніцтва, была арганізована бібліятэка парткабінета, з якой у гэтым жа годзе, у снежні, была выдзелена Уздзенская раённая бібліятэка. У 1945-1946 гг. Яе загадчыкам працаваў будучы вядомы спартсмен Беларусі, заслужаны трэнер па веласпорту, ураджэнец в. Забалацце Павел Паўлавіч Чарнавус.

      У 1952 годзе была адкрыта дзіцячая раённая бібліятэка.

     У 1957 годзе ў Мінскай вобласці праводзіўся агляд раённых і гарадскіх дзіцячых бібліятэк. Прыняла ў ім удзел і Уздзенская дзіцячая раённая бібліятэка. Яе загадчыцай у той час працавала А. І Сташэўская. Па выніках конкурсу Уздзенскай дзіцячай раённай бібліятэцы было прысвоена званне “Лепшая дзіцячая бібліятэка вобласці”, загадчыца бібліятэкі была ўзнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства культуры СССР.

   Значная падзея ў жыцці бібліятэк раёна адбылася ў 1960 годзе, калі раённай бібліятэцы прысвоілі імя Паўлюка Труса. Была не толькі ўшанавана памяць паэта-земляка, але і адзначаны адзін з галоўных накірункаў работы бібліятэк Уздзеншчыны – краязнаўства.

Змест работы бібліятэк вызначаўся агульнадзяржаўнай палітыкай па пытаннях развіцця бібліятэчнай справы, галоўнымі палітычнымі і грамадскімі падзеямі ў жыцці краіны. Шмат ўвагі бібліятэкі ўдзялялі ідэйна-палітычнаму, маральнаму, эстэтычнаму выхаванню, у дапамогу прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці.

    У лістападзе 1977 года бібліятэкі раёна былі аб’яднаны ў цэнтралізаваную бібліятэчную сістэму. У яе склад увайшлі 2 раённыя – дарослыя і дзіцячая, 32 сельскія. Работа бібліятэк скіроўвалася на паляпшэнне зместу і арганізацыі вольнага часу насельніцтва, на задавальненне іх попыту на кнігу і іншыя крыніцы інфармацыі.

    Свой творчы ўклад у краязнаўства ўнеслі бібліятэкары Цэнтральнай раённай бібліятэкі імя П. Труса, займаючыся выдавецкай дзейнасцю. Пры іх удзеле былі выдадзены першыя зборнікі вершаў мясцовых аўтараў “Зямля мая, край маляўнічы” (1993 г.), “Край мой там, дзе Нёман льецца” (1994 г.). Імі складзены і выдадзены бібліяграфічныя паказальнікі “Узда” (1994 г.) і “Кандрат Крапіва” (1996 г.), храналогія падзей на Уздзеншчыне “Гісторыі нашай даты” (2002 г.), зборнік легенд і паданняў аб Уздзеншчыне “Былых часоў паўстання…” (2003 г.).

    Сапраўднымі краязнаўцамі зарэкамендавалі сябе Л. В. Салавей, бібліятэкар Лашанскай сельскай бібліятэкі, якая стварыла пры сваёй бібліятэцы карцінную галерэю з твораў мастака Івана Салаўя, клуб краязнаўцаў “Спадчына”; Р. Ф. Дубовік, бібліятэкар Забалацкай сельскай бібліятэкі, на базе якой часта праводзіцца вучоба бібліятэкараў раёна па пытаннях краязнаўства; Л. А. Астравух, бібліятэкар Кухцічскай сельскай бібліятэкі, якая прыняла эстафету добрых спраў ад бібліятэкара-франтавіка М. П. Туміловіча і сама пастаянна знаходзілася ў творчым пошуку.

        Усе бібліятэкі шмат увагі ўдзялялі папулярызацыі творчасці народных умельцаў.

      Бібліятэкары раёна выступалі сапраўднымі прапагандыстамі беларускай мовы. У бібліятэках уся наглядная агітацыя была аформлена на роднай мове, ёю карысталіся пры правядзенні нарад, семінараў, масавых мерапрыемстваў.

Краязнаўчая работа бібліятэк была ацэнена высока. У 1994 годзе ЦБС стала пераможцам у рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”.

   Традыцыйная функцыя бібліятэк набыла новы сэнс. Кожная бібліятэка імкнулася мець свой адметны твар. Пры афармленні інтэр’ераў бібліятэкары выкарыстоўваліся прадметы нацыянальнага каларыту: вырабы народных майстроў, паробкі з прыроднага матэрыялу, фітадызайн.

   Шмат увагі ўдзялялася арганізацыі пры бібліятэках клубаў па інтарэсах, гурткоў, аматарскіх аб’яднанняў. Накірунак іх дзейнасці меў шырокі спектр.

   Узмацніўся пазітыўны імідж бібліятэк праз узаемадзеянне з мясцовымі органамі кіравання, грамадскімі фарміраваннямі, сродкамі масавай інфармацыі, змяніліся традыцыйныя бібліятэчныя тэхналогіі, характар зносін з рознымі сацыяльнымі групамі, укараніліся інавацыйныя формы абслугоўвання насельніцтва, пашырылася кола паслуг, якія яны прапаноўваюць.

     Усе гэтыя цікавыя справы рабілі і робяць цікавыя людзі. Шэраг з іх у розныя часы ўзнагароджваліся значком “За выдатную работу”. Гэта П. І. Шыдлоўскі, самадзейны кампазітар, загадчык Прысынкаўскай хаты-чытальні ў пасляваенныя гады, Д. Ф. Слаўковіч, пісьменнік, які працаваў загадчыкам дзіцячай раённай бібліятэкі ў 1962-1977 гг., А. М. Папко, загадчык раённай бібліятэкі ў 60-70-я гг., Л. А. Люштык, загадчыца прыклубнай Касцяшоўскай бібліятэкі ў 70-я гг., Г. М. Саладуха, загадчыца Лашанскай прыклубнай бібліятэкі ў 70-я гг.

"Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Уздзенскага раёна", 2003. 

БІБЛІЯТЭКА XXI СТАГОДДЗЯ

   Дзяржаўная ўстанова культуры “Уздзенская цэнтральная раённая бібліятэка імя П. Труса” – гэта культурна-асветніцкі цэнтр, які задавальняе інфармацыйны запыт чытачоў. Бібліятэка адчынена для кожнага, хто мае патрэбу атрымаць неабходную інфармацыю, пашырыць веды, карысна і цікава правесці вольны час.

    З 18 лістапада 2013 года цэнтральная раённая бібліятэка імя П. Труса атрымала пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі юрыдычнай асобы Уздзенскага райвыканкама і стала Дзяржаўнай установай культуры “Уздзенская цэнтральная раённая бібліятэка імя П. Труса”. Бібліятэка аб’ядноўвае сетку публічных бібліятэк раёна, куды ўваходзяць – дзіцячая раённая бібліятэка, 12 сельскіх бібліятэк і бібліятэка-клуб, якія функцыяніруюць на правах філіялаў.

   За 71-гадовую гісторыю ўстанова заваявала аўтарытэт у сваіх наведвальнікаў. Штогод бібліятэка абслугоўвае 3200 карыстальнікаў самых розных узростаў, прафесій і сацыяльных груп. Кнігавыдача складае 55 тыс. экз. дакументаў.

   У красавіку 2014 года алмазам на Уздзеншчыне заззяў новы Палац культуры, дзе размясцілася і раённая бібліятэка. Гэта падзея станоўча паўплывала на імідж і дзейнасць бібліятэкі. Створаны камфортныя ўмовы для абслугоўвання карыстальнікаў, разгорнуты кніжныя выставы на абанеменце і ў чытальнай зале. У прасторных залах ёсць магчымасць экспанаваць навінкі беларускай і замежнай літаратуры, выстаўляць у адкрытым доступе энцыклапедычныя і даведачныя выданні з чытальнай залы, ладзіць выставы мастакоў і мясцовых майстроў.

   Каб трывала заняць нішу ў інфармацыйнай прасторы рэгіёну, неабходна шукаць новыя спосабы папулярызацыі кнігі.

  У 2015 годзе своеасаблівым брэндам бібліятэкі стала краязнаўчая літаратурная гасцёўня “У Паўлюка”.      Гэтаму садзейнічала вялікая пошукава-творчая работа, якая доўжылася не адзін год.

Бібліятэка, як ніякая іншая ўстанова, стала запатрабаванай для правядзення значных мерапрыемстваў з рознымі катэгорыямі насельніцтва. У мэтах знаёмства з галоўнай кніжнай скарбніцай раёна наведалі: дэлегацыі гарадоў-пабрацімаў г. Шатура Маскоўскай вобласці, г. Гробіня (Латвія), г. Яван (Таджыкістан), губернатар Мінскай вобласці С.Б.Шапіра, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У.С. Цыдзік, навукоўцы (У.М. Кісялёў, Г.М.Лыч, Л.А. Дзямешка),  артысты (У. Радзівілаў, А. Сухараў), мастакі  (В. Сайко, Л. Гоманаў, Ф. Ладуцька),  пісьменнікі, калегі з Дзяржынскай і Бярэзінскай бібліятэчнай сістэмы. Новыя магчымасці  ўразілі  і школьных бібліятэкараў, ўдзельнікаў V абласнога педагагічнага марафону.

  Супрацоўнікі бібліятэкі рэалізуюць шматлікія акцыі, творчыя праекты, дабрачынныя праграмы. З вялікім поспехам праходзяць мерапрыемствы ў межах інфармацыйна-асветніцкай акцыі “Знаёмыя імёны – новыя сустрэчы”, краязнаўчага праекту “Мае землякі – мой гонар”, у цыкле выстаў народных умельцаў “Залатыя рукі ўздзенскіх майстроў”, “Адрес милосердия – библиотека”.

   З пачатку 2015 года ЦРБ імя П. Труса актыўна ўключылася ў абвешчаны кіраўніком дзяржавы Год моладзі. Аддзелам бібліятэчнага маркетынга быў распрацаваны раённы літаратурна-асветніцкі праект “Бібліятэка. Моладзь. Кніга”. Сярод яго асноўных напрамкаў – падтрымка адораных пачынаючых пісьменнікаў і паэтаў-аматараў, прадстаўленне пляцоўкі для рэалізацыі смелых крэатыўных ідэй, адкрыццё новых імёнаў, сустрэчы  сучасных беларускіх пісьменнікаў з маладзёжнай аўдыторыяй.

  Бібліятэка з’яўляецца своеасаблівым цэнтрам духоўнай культуры. У справаздачным годзе кожнае мерапрыемства гэтай тэматыкі пакідала адметны след у памяці ўдзельнікаў. Ладзіліся выставы духоўнай літаратуры на абанеменце і ў чытальнай зале: “Светлае. Добрае. Вечнае”, “З верай па жыцці”, дзе ў адкрытым доступе дэманстраваліся рэлігійна-асветніцкія выданні, малітоўнікі, аўдыёкнігі, вышытыя карціны з выявамі святых Ліліі Шымановіч.

  Пастаянным клопатам супрацоўнікаў бібліятэкі застаецца абнаўленне кніжнага фонду з улікам запатрабаванняў і інтарэсаў чытачоў.

   Бібліятэка мае ўніверсальны фонд, які налічвае звыш 42 тыс. экзэмпляраў дакументаў: кнігі, часопісы, газеты, электронныя выданні і інш.

  Сёння бібліятэка мае: 12 камп’ютэраў, 4 шматфункцыянальныя ўстройствы,  ксеракс, каляровы прынтар, факс, брашуратар, ламінатар. Бібліятэка мае высокаскарасны доступ к сетцы інтэрнэт, дзе дзейнічае зона WI-FI. Для паслуг карыстальнікаў прадстаўлены  “Публічны цэнтр прававой інфармацыі”, ЭБДПІ “Эталон”.

 Платныя паслугі, якія аказвае бібліятэка, арыентаваны на задавальненне дадатковых запытаў наведвальнікаў і пашырэнне даступнасці карыстання інфармацыйнымі рэсурсамі. Штогод бібліятэка аказвае насельніцтву 25 відаў паслуг з выкарыстаннем інфармацыйных і камп’ютэрных тэхналогій. У выніку прыбытак за 2015 год склаў  19,2  мільёнаў рублёў.

   Змястоўна працуюць створаныя пры бібліятэцы клубы і аматарскія аб’яднанні: літаратурна-мастацкая гасцёўня “У Паўлюка”, дыскусійны клуб для сямей, якія выхоўваюць прыёмных дзяцей “Мая сям’я”, клуб для пажылых чытачоў “Залаты ўзрост”, літаб’яднанне “Нёманец”. Клубы па інтарэсах аператыўна адклікаюцца на патрабаванні часу, даюць магчымасць аб’яднаць карыстальнікаў бібліятэкі.

  Вядучыя напрамкі аддзела бібліятэчнага маркетынга – практычная дапамога бібліятэкам раёна, абагульненне і ўкараненне перадавога вопыту, кантроль за дзейнасцю сельскіх бібліятэк, распрацоўка сцэнараў да масавых мерапрыемстваў, даследчая работа, рэдакцыйна-выдавецкая дзейнасць, арганізацыя бібліятэчнай рэкламы, пашырэнне сувязей з грамадскасцю.

    Падводзячы вынікі 2015 года, трэба адзначыць, што сваім галоўным набыткам калектыў лічыць тое, што бібліятэка стала для жыхароў Уздзеншчыны месцам для атрымання неабходнай інфармацыі, зносін, сустрэч, кропкай прыцягнення, дзе нараджаюцца і рэалізоўваюцца ідэі. Верым, што наперадзе ў нас шмат цікавых спраў, таму  што побач з намі нашы верныя сябры – чытачы!

Дырэктар ДУК “Уздзенская цэнтральная

раённая бібліятэка імя П. Труса”

Аксана Драчан