9 чэрвеня 2017 года

 

    80-гадовы юбілей Анатоля Канстанцінавіча Якуценкі святкавалі 9 чэрвеня ў раённай бібліятэцы ўдзельнікі клуба “Залаты ўзрост” і запрошаныя на свята чытачы і госці.

Усе прысутныя гаварылі аб юбіляры як аб чалавеку шчырай душы і вялікага добрага сэрца, у якога на любой займаемай пасадзе знаходзіліся цёплыя, добрыя словы для кожнага чалавека. Анатолій Канстанцінавіч з’яўляецца актыўным удзельнікам шматлікіх бібліятэчных мерапрыемстваў па патрыятычнаму выхаванню моладзі.

    Юбіляра ў гэты дзень віншавалі дырэктар ЦРБ імя П. Труса  А. Драчан і супрацоўнікі бібліятэкі, выконваючая абавязкі начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Д. Макаронак, старшыня раённай арганізацыі ветэранаў Т. Лычкоўская, ветэран Вялікай Айчыннай вайны С.С. Аўсяпян, старшыня Беларускага Саюза афіцэраў Уздзенскага раёна  Я. Уласевіч, намеснік рэдактара раённай газеты “Чырвоная зорка” Святлана Міхайлоўская, сябры і калегі юбіляра.

    Шмат цёплых слоў, вершаваных радкоў і песень прагучала ў гэты дзень і ад удзельніцы клуба “Залаты ўзрост” і літаб’яднання “Нёманец” В. Бокуць-Чабатаровай, і ад удзельнікаў вакальнай групы “Сакавіца” аддзялення дзённага знаходжання людзей сталага ўзросту.

Жыццёвы аптымізм, мяккі гумар, адносіны з павагай да людзей, суперажыванне да іх лёсаў – вось якасці, якія пранёс Анатолій Канстанцінавіч праз усё жыццё.

І ў гэты дзень усе прысутныя жадалі яму моцнага здароўя, душэўнай маладосці, нязгаснага свету ў сэрцы. 

 

20 чэрвеня 2017 года

 

У рамках рэспубліканскай акцыі “Лета з добрай кнігай” да выхаванцаў летніка на базе Ліцвянскай школы-сада завіталі госці: пісьменніцы Галіна Нічыпаровіч і Таццяна Цехнебедзіна і член літаратурна-творчай суполкі “Вясёлка” Юрый Сцепановіч (з гітарай!).

Літаратурны дэсант “Лета – лепшых кніг пара” уключаў непасрэдна сустрэчу з пісьменніцамі і музыкам, правядзенне літаратурнай акцыі “Чытаем Купалу і Коласа разам”, аўтограф-сесію з удзельнікамі.

І хто сказаў, што нашым дзецям нецікава чытаць? Бачылі б вы, з якім непадробным імпэтам уключыліся ва ўсе дзеі слухачы, гледачы і чытачы, узростам  ад 8  да 14 гадоў! Чытаць вершы Купалы і Коласа? З задавальненнем!  Слухаць і запамінаць, што расказваюць пісьменніцы? З цікавасцю і каментарыямі! Арганізаваць мабільны аркестр з адной гітары і падручных сталоў? Навыперадкі! Такі акіян станоўчых эмоцый разліваўся ў аўдыторыі, што нікога не здзівіла, калі самі маленькія чытачы запрашалі гасцей прыехаць і ў Сямёнавічы, і ў Падсадскія (на летняй аздараўленчай пляцоўцы адпачываюць дзеці з Ліцвян, Сямёнавіч і акаляючых вёсак).

Прыемна здзівіла, як нязмушана і актыўна выказвалі свае думкі не такія ж дарослыя дзеці: маленькі Сашка, які перайшоў у другі клас, хораша заўважыў на пажаданне Галіны Міхайлаўны Нічыпаровіч берагчы родную мову: Радзіму любяць не за тое, што яна багатая ці прыгожая, а за тое, што яна – наша.

  Завяршылася сустрэча ў бібліятэцы агульным фота на фоне выставы, прысвечанай песнярам беларускай зямлі Янку Купалу і Якубу Коласу.