13 студзеня 2018 года

 

Да 80-годдзя ўтварэння Мінскай вобласці цэнтральная раённая бібліятэка падрыхтавала мультымедыйную віктарыну, у якой  паўдзельнічалі  вучні санаторнай школы-інтэрната. Зацікаўленыя і актыўныя, сямікласнікі хутка знаходзілі адказы на пытанні, паказаўшы добрае веданне гісторыі сваёй малой радзімы. За правільныя і дакладныя адказы вучні атрымлівалі "смайлікі", якія напрыканцы сустрэчы маглі абмяняць на невялікія падарункі ад БРСМ.

19 студзеня 2018 года

У літаратурнай гасцёўні цэнтральнай раённай бібліятэкі сабраліся ўдзельнікі літаб’яднання “Нёманец” на творчую сустрэчу пад агульнай назвай “Паэзія - душы выток”.

Бібліятэкары падрыхтавалі для гасцей мерапрыемства мультымедыйную прэзентацыю “Каляды-калядкі”, у якой расказалі пра старажытныя традыцыі святкавання Калядаў на Беларусі, віншавалі прысутных са святамі. Удзельнікі літаб’яднання ў сваю чаргу выказвалі цёплыя словы віншавання бібліятэцы, чыталі свае новыя творы, падводзілі вынікі мінулага года, складалі планы на будучае. Падчас сустрэчы адбылася прэзентацыя зборніка вершаў "Калі бярэшся за пяро...", выдадзенага ДУ "Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці". У двухтомніку змешчаны вершы членаў народнага клуба "Жывіца".

Сустрэча атрымалася шчырай, па-сямейнаму цёплай і добразычлівай.