14 студзеня 2016 года

  75-годдзю з дня нараджэння вядомага беларускага спевака, кампазітара, аранжыроўшчыка – кіраўніка ансамбля “Песняры” Уладзіміра Мулявіна быў прысвечаны вечар памяці “Я буду маліцца і сэрцам, і думамі”, які прайшоў у літаратурнай гасцёўні “У Паўлюка” уздзенскай раённай бібліятэкі. Вечар прайшоў у форме дыялога, удзельнікі якога шчыра і пранікнёна гаварылі аб асобе У. Мулявіна, аб яго творчасці, аб тым, як асабова на іх паўздзейнічала музычная спадчына “Песняроў”. Прысутныя ў момант “лірычных  адступленняў” прыгадвалі выпадкі  са сваёй біяграфіі, якія нейкім чынам звязаны з песнямі У. Мулявіна.

   Вольга Бокуць-Чабатарова прачытала ўласны верш, прысвечаны Уладзіміру Мулявіну. На працягу вечара гучалі песні ў выкананні “Песняроў” і У. Мулявіна, прысутныя віртуальна папрысутнічалі на канцэрце таленавітага музыканта. 

15 студзеня 2016 года

  Другі дзень запар бібліятэка збірае гасцей на вечар памяці Уладзіміра Мулявіна.  15.01.2016г. гасцямі цэнтральнай раённай бібліятэкі сталі вучні санаторнай школы-інтэрната. Спачатку школьнікі наведалі чытальную залу бібліятэкі, дзе азнаёміліся з бібліятэчным фондам, мелі магчымасць выбраць кнігі на свой густ,  патрымалі ў руках цікавыя, часам рэдкія,  экземпляры.

  Вечар адкрывала экскурсія-расповяд па выставе, што размясцілася ў чытальнай зале бібліятэкі. Алена Аляксандраўна Кучук  пазнаёміла вучняў з яе экспанатамі, звярнула  ўвагу на кнігі беларускіх аўтараў-класікаў, чые вершы былі пакладзены “Песнярамі ” на музыку.  Не абыйшлі сваёю ўвагаю школьнікі  і рэтра-“гаджэты”: грампласцінкі, бабінныя стужкі, аудыёкасеты, якія ўдала знайшлі сваё месца на паліцах выставы разам з кнігамі, нотнымі лістамі, партытурамі  песняроўскіх песен, вокладкамі самых папулярных грампласцінак гурта.

   Працягваўся вечар у літаратурнай гасцёўні, дзе ладзілася непасрэднае “дзейства”. Вучні апынуліся ў палоне музыкі, цікавых гістарычных звестак пра жыццёвы і творчы шлях  “Песняра”.  Вядучыя вечара Вольга Яўгенаўна Віяленцій і Ганна Міхайлаўна Аўсеенка ўмела ўключылі школьнікаў у размову, прымусілі думаць, спачуваць, захапляцца, а таксама… спяваць.  Упрыгожаннем вечара стала выступленне Алега Мікалаевіча Каламійца, загадчыка метадычнага аддзела раённага дома культуры, сапраўднага прыхільніка творчасці Мулявіна, які сваім выкананнем песні з рэпертуара гурта “Песняры”, даказаў, што песняроўскія творы – шлягеры на ўсе часы і на ўсе пакаленні. 

14 студзеня 2016 года

   Па благаслаўленні благачыннага  Уздзенскай акругі а.Грыгорыя і пад непасрэдным  кіраўніцтвам протаіерэя а.Віталія ўдзельнікі нядзельнай школы, што нядаўна арганізавана пры  Свята-Пакроўскай царкве (в. Хатляны), наведалі бальніцу сястрынскага догляду ў вёсцы Цялякава.

   Акрамя шматлікіх падарункаў ад хатлянскіх вернікаў  і кніг з цэнтральнай раённай бібліятэкі імя П.Труса, пацыентаў бальніцы парадавала каляднае прадстаўленне. З увагай і замілаваннем сачылі старэнькія нямоглыя гледачы за дзеяй, што разгортвалася каля батлейкі, слухалі шчымлівыя калядныя спевы.

   А потым дружнымі апладысментамі дзякавалі фальклорнаму ансамблю “Крынічанька” Хатлянскага СДК, які хоць і не ў поўным складзе, але шчыра і прафесійна выканаў некалькі песень.

Хораша было ўсім – гледачам, артыстам,  супрацоўнікам бальніцы, арганізатарам акцыі. Вельмі патрэбна такая цеплыня і дабрыня кожнаму  з нас, і не толькі ў калядныя дні.

19 студзеня 2016 года

   Сапраўдным святам сучаснай паэзіі і прозы стала сустрэча літаратурных аб’яднанняў  Уздзенскага, Дзяржынскага і Клецкага раёнаў, якая адбылася 19 студзеня ў Дзяржынску. Тэмай сустрэчы, вядома ж, сталі Каляды: лірычныя, гумарыстычныя, філасофскія творы  пра зіму і зімовыя святы.

   Уразілі гаспадары яркай сустрэчай: Людзміла Круглік і Антон Анісовіч агнявымі прыпеўкамі задалі такі тон, што амаль з парога хацелася кінуцца ў скокі.

 Удалым атрымалася і уздзенскае прывітанне: “Нёманец” праінсцэніраваў верш ураджэнца Дзяржыншчыны паэта Артура Вольскага “Калядкі”, а сама  спадарыня Каляда (Тамара Антонаўна Каляда) частавала гасцей смачнымі “сняжкамі”.

   А далей усе акунуліся ў плынь творчасці і  амаль тры гадзіны  слухалі   цудоўныя вершы, байкі, казкі, прытчы…

    Агульную думку трапна выказаў спадар А.Анісовіч:

         “Так і ў нас, як з зерня вырастае колас,

         Вырас саюз: “Нёманец”, “Выток” і “Голас”!

29 студзеня 2016 года

 

   Яркай палітрай талентаў ззяла і іскрылася "Вясёлка" на чарговым паседжанні творчай маладзёжнай суполкі.

  Пачалося ўсё з традыцыйнай "Літаратурнай прышчэпкі". На гэты раз, вядома ж, "прышчапляліся" творамі Кандрата Крапівы. Ля выставы "Крапівінскі скарб", у чытальнай зале, шчыра гучалі радкі баек нашага славутага земляка - такім чынам моладзь далучылася да акцыі "Чытаем Крапіву разам!".

  Пасля "вясёлкаўцы" наведалі творчую майстэрню Яўгеніі Сушкевіч, якая ўпершыню далучылася да суполкі, і, дарэчы, прыняла актыўны ўдзел у афармленні выставы, прысвечанай творчасці Крапівы. А далей усе размясціліся ва ўтульнай гасцёўні. Лаўровая галіна перамяшчалася з рук у рукі, запрашала падзяліцца сваімі здабыткамі, расказаць, чым каляды парадавалі, што ў планах значыцца... Аксана Валер'еўна Драчан запрасіла моладзь на маючую адбыцца сустрэчу з мастаком-карыкатурыстам Анатолем Гармазой. Тут жа "вясёлкаўцы" паспрабавалі зрабіць трапныя, вясёлыя подпісы да карыкатур майстра. Ірына Бельская падрыхтавала дайджэст літаратурных конкурсаў, у якіх можна паспрабаваць свае сілы маладым аўтарам. Юрый Сцепановіч здзівіў прысутных сваім майстэрскім выкананнем мелодый пад гітару, і, асабліва, выкананнем байкі Кандрата Крапівы ў музычным варыянце. На працягу ўсяго вечара адбываўся "конкурс сімпатый", калі кожны ўдзельнік меў магчымасць аддаць свой голас у выглядзе смайліка любому прысутнаму. Напрыканцы вечара віталі пераможцу - ім стала Яўгенія Сушкевіч, яна атрымала сімвал "Вясёлкі" - жоўтую філіжанку.

  Тры гадзіны, што ладзілася сустрэча, праляцелі, як адна хвіліна. А эмоцый і пазітыву падарыла ўдзельнікам вельмі многа! Прыемныя ўражанні, новыя планы.... Наперадзе новыя сустрэчы!