8 снежня 2017 года

У цэнтральнай бібліятэцы адбылася прэзентацыя літаратурнага альманаха “Сфера притяжения”, на якую былі запрошаны пісьменнікі і аматары прыгожага слова, чые творы трапілі на старонкі выдання. Ва ўрачыстай атмасферы ўсім прысутным аўтарам былі ўручаны літаратурныя зборнікі, якія выдаюцца ў г. Шатура. Увазе прысутных была прапанавана мультымедыйная прэзентацыя, прысвечаная гэтаму гораду.

Удзельнікі мерапрыемства абмяркоўвалі надрукаваныя творы, дзяліліся ўражаннямі аб зборніку, дэкламавалі вершаваныя радкі балгарскіх, рускіх паэтаў, вершы сваіх землякоў, якія асабліва спадабаліся.

 

14 снежня 2017 года

Арыенціры бібліятэчнай дзейнасці – пад такой назвай адбылася нарада бібліятэчных работнікаў школьных і публічных бібліятэк Уздзенскага раёна. Прыемна адзначыць, што ўдзел у гэтым знакавым мерапрыемстве прымалі: Л.Г. Кірухіна, галоўны рэдактар перыядычных выданняў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, А.Ю. Кніжнікава, дырэктар Мінскай абласной бібліятэкі імя А.С. Пушкіна, Корбут А.Г., спецыяліст кнігагандлёвай кампаніі “ЛибриФан” і прадстаўнікі кнігагандлёвай кампаніі БукЛайнГрупп.

У сваім выступленні Кірухіна Л.Г. дэтальна прадставіла і ахарактарызавала сучасны стан бібліятэчнай справы ў краіне, прааналізавала прафесійную падрыхтоўку спецыялістаў бібліятэк, прадставіла відэапрэзентацыю “Роля прафесійных выданняў у павышэнні кампетэнцый бібліятэкараў”, выказала надзею, што ў далейшым не будзе скарачэння бібліятэчных устаноў.

Ад Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Людміла Генадзьеўна перадала ў дар уздзенскім чытачам шматтомнае выданне “Кніжная спадчына Францыска Скарыны”, прысвечанае 500-годдзю беларускаму кнігадрукаванню і ўяўляе сабой поўнае факсімільнае ўзнаўленне кніжнай спадчыны Францыска Скарыны. У яго аснову пакладзены электронныя копіі кніг, што захаваліся ў бібліятэках і музеях Беларусі, Расіі, Украіны, Германіі. Для лепшага разумення сутнасці і значэння спадчыны беларускага першадрукара кожная з кніг выйшла ў суправаджэнні навуковых каментарыяў, а таксама з перакладамі яго прадмоў і пасляслоўяў на беларускую, рускую і англійскую мовы.

Корбут А.Г. прадставіла агляд пазнавальных і развіваючых кніг выдавецтва “ЛибриФан” для дзяцей , падарыла прыгожа ілюстраваную кнігу А. Усачова “Дело было в Новый год” з дыскам і песнямі аўтара.

Напрыканцы сустрэчы была праведзена экскурсія па бібліятэцы, дзе госці ўбачылі выдатныя ўмовы для работы і абслугоўвання чытачоў. Пазнаёміліся з выставай-панарамай метадычных распрацовак і з буклетамі-справаздачамі найбольш цікавых і запамінальных фрагментаў мерапрыемстваў па прапагандзе кнігі і чытання сярод насельніцтва, даведаліся аб дзейнасці літаб’яднання “Нёманец”, клуба для пажылых людзей “Залаты ўзрост”, клуба для бацькоў, якія выхоўваюць прыёмных дзяцей “Мая сям’я”, літаратурнай гасцінай “У Паўлюка”, школе здаровага ладу жыцця “Родник здоровья”.

Аб пошуку эфектыўных формаў работы з непаўналетнімі падзялілася думкамі Вольга Віктараўна Колас, загадчык раённай дзіцячай бібліятэкі, падчас наведвання дзіцячай бібліятэкі. У ходзе размовы высветлілася, што ў кожнага аднолькавыя праблемы і адны задачы па далучэнню маленькіх чытачоў да кнігі.

Удзельнікам нарады такое мерапрыемства вельмі спадабалася, бо былі адзначаны актуальныя і сучасныя тэмы, што садзейнічала абмену вопытам і ўмацаванню прафесійных кантактаў.

                                                         Аксана Драчан, дырэктар ДУК “Уздзенская цэнтральная раённая бібліятэка

16 снежня 2017 года

 

У рамках інфармацыйна-асветніцкай акцыі "Умей сказать - НЕТ!" у Дзешчанскай СШ прайшоў Дзень прафілактыкі, які арганізавала цэнтральная раённая бібліятэка сумесна з медработнікамі. Фельчар -валеолаг РЦГіЭ Лапуста Н. П. расказала ўдзельнікам мерапрыемства аб наступствах ужывання наркатычных сродкаў, небяспечнасці ўтварэння залежнасці ад шкодных звычак, прапанавала да прагляду відэаролік. Бібліятэкар цэнтральнай раённай бібліятэкі Аўсеенка Г.М.пазнаёміла вучняў з друкаванай прадукцыяй па гэтай тэме, раздала школьнікам лістоўкі, буклеты.

20 снежня 2017 года

Раёння бібліятэка запрасіла вучняў сярэдняй школы №1 імя А.С. Пушкіна на ўрок міласэрнасці “Спеши творить добро”.

Пра гісторыю ўзнікнення валанцёрскага руху, накірункі дабрачыннай дзейнасці, грамадскія арганізацыі, што працуюць ў гэтай сферы ў нашай краіне, расказвала вучням бібліятэкар цэнтральнай бібліятэкі Аўсеенка Г.М. Да прагляду школьнікам была прапанавана відэапрэзентацыя, відэаролікі. Былі ў літаратурнай гасцёўні, дзе ладзілася мерапрыемства і запрошаныя госці: Ніна Канстанцінаўна Крысько і Кабякова Таццяна Паўлаўна. Яны, прадстаўнікі старэйшага пакалення, расказалі пра свае ўласныя валанцёрскія справы, заклікалі маладое пакаленне падтрымліваць грамадскую ініцыятыву ўзаемадапамогі і дабрачыннасці.