2 сакавіка 2016 г.

 

     Літаратурна-мастацкі вернісаж “Талент Крапівы натхняе” адбыўся 2 сакавіка ў Палацы культуры. Пачэснымі гасцямі мерапрыемства сталі  мастакі-перасоўнікі  Фёдар Ладуцька (Мінск) - сябра Беларускага саюза мастакоў ,прафесар Беларускай Акадэміі мастацтваў Яўген Шунейка (Мінск), Андрэй Лычкоўскі (Узда). Багатая экспазіцыя творчых работ мастакоў упрыгожыла выставачную залу 3-га паверха Уздзенскага палаца. Побач з экспазіцыяй прафесійных мастакоў  размясціліся малюнкі вучняў Уздзенскай дзіцячай школы мастацтваў, прысвечаныя творчасці К. Крапівы. Цёплымі словамі прывітала гаспадароў і гасцей свята загадчык аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Алена Спірына.

    Прывітальны ліст у адрас гасцей і ўдзельнікаў вернісажа даслала ўнучка Кандрата Крапівы Алена Ігараўна Атраховіч, якая не змагла асабіста прысутнічаць на свяце. Свой талент  і прыгож ую лірычную песню падаравалі прысутным  ўдзельнікі народнага ансамбля народнай песні “Зборная субота”. На працягу ўсяго мерапрыемства ў зале лунала атмасфера творчасці, узрошчаная прыкладам неўтаймаванага таленту нашага славутага земляка Кандрата Крапівы. Не абыйшлося і без традыцыйнай  “літаратурнай прышчэпкі”, якую арганізавала загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынга Вольга Віяленцій. На гэты раз “прышчапляліся” загадкамі Крапівы, і хоць адрасаваліся яны больш дзіцячай аўдыторыі, актыўнымі  ўдзельнікамі былі і дарослыя. Сапраўдным упрыгожваннем свята стала выступленне ўдзельнікаў аматарскага аб’яднання “Чароўны ліхтарык”, што дзейнічае пры бібліятэцы СШ №1 імя А.С. Пушкіна, кіраўнік Ірына Васільеўна Бельская. Яны падрыхтавалі інсцэніроўку байкі Крапівы “Воўк і гуманіст”. У выкананні вучняў раённай гімназіі Іллі Галіцкага і Іллі Касабуцкага прагучаў верш “Янка і Карла”. Валерыя Віяленцій  (СШ №2)прачытала байку “Зубы”, а верш “Крапіва” -  Алеся Шэмет.  Творчасць Крапівы натхніла да творчасці не толькі мастакоў, удзельнікі літаратурнага аб’яднання “Нёманец” вынеслі на суд слухачоў свае сатырычныя творы. Яны гучалі ў выкананні Тамары Каляды, Мікалая Галавенчыка, Віктара Сабалеўскага, Алы Шыбко, Валянціны Шытыка, Ніны Лятун, Дзмітрыя Вінаградава.  Майстар-клас удзельнікаў выставы, прафесійных мастакоў і маладой мастачкі Яўгеніі Сушкевіч, не пакінуў абыякавым ніводнага прысутнага, а атрымаць асабісты партрэт з рук майстра – сапраўднае шчасце, і такіх шчасліўчыкаў было нямала.

10 сакавіка 2016 г.

 

   Удзельніцы клуба "Мая сям'я" сабраліся ў літаратурнай гасцёўні, каб за кубачкам гарбаты адзначыць вясенняе свята - Дзень жанчын. Мамы, якія выхоўваюць прыёмных дзяцей прымалі ў гэты дзень віншаванні ад супрацоўнікаў бібліятэкі. На мерапрыемства завітала галоўны спецыяліст аддзела адукацыі спорту і турызму райвыканкама Н.А. Герман. Яна павіншавала матуль са святам, уручыла святочныя падарункі і выказала цёплыя словы ўдзячнасці за міласэрнасць, мудрасць і вернасць сваім сем'ям. Удзельніца клуба Галіна Петухоўская прачытала ўласныя вершы, прысвечаныя жанчынам. Размову пра выхаванне дзяцей, здабыткі і цяжкасці жыцця жанчыны працягвалі за "салодкім сталом".

11 сакавіка 2016 г.

 

   Маленькія чытачы - выхаванцы дзіцячага цэнтра развіцця дзіцяці "Вясёлка" - завіталі 11 сакавіка ў раённую бібліятэку. З цікавасцю слухалі маленькія наведвальнікі расповяд пра дзядулю Кандрата, аглядалі "крапівінскі падворак", цацачных жывёл - герояў твораў К. Крапівы. А пасля знаёміліся з цікавымі кнігамі: маленькімі і вялікімі, прыгожымі, з вялікай колькасцю малюнкаў, адказвалі на пытанні бібліятэкараў і сваёй выхавальніцы. 

17 сакавіка 2016 г.

 

  Цікавую і пазнавальную сустрэчу-дыялог 17 сакавіка падрыхтавалі для васьмікласнікаў раённай гімназіі бібліятэкары цэнтральнай бібліятэкі і запрошаныя госці: фельшар-валеолаг РЦГіЭ Наталля Лапуста і інспектар-валеолаг цэнтральнай раённай бальніцы Святлана Касабуцкая. На працягу амаль гадзіны вялася адкрытая змястоўная размова, у ходзе якой прагучала шмат слушных думак наконт захавання і падтрымкі здаровага ладу жыцця, недапушчальнасці ўкаранення і пазбаўлення ад шкодных звычак. З цікавасцю вучні слухалі кампетэнтныя парады ўрачоў, задавалі пытанні, глядзелі павучальныя відэаролікі.

23 сакавіка 2016 г.

 

  У цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылося пасяджэнне членаў літаратурнага аб’яднання “Нёманец”, прысвечанае Міжнароднаму дню паэзіі.

   Прыйшлі  актыўныя яго ўдзельнікі: Тамара Каляда, Вольга Бокуць-Чабатарова, Валянціна Шытыка, Ніна Лятун, Іван Сурман. Ліяна Тападзе, бібліятэкар і ўдзельніца аб’яднання, расказала пра гісторыю ўзнікнення свята паэзіі, зацверджанага ЮНЕСКА.

   У кожнага творцы была магчымасць пачытаць вершы. Вольга Бокуць-Чабатарова прынесла для праслухоўвання дыскі з запісамі сваіх песень. Незаўважна праляцелі 3 гадзіны, на працягу якіх прысутныя прыйшлі да высновы, што паэзія  – гэта нязменная складальная ў формуле шчасця.