5 мая 2016 года

 

    "Слезинка, перевесившая всё" - такую назву меў тэматычны вечар у клубе "Залаты ўзрост", які адбыўся ў цэнтральнай бібліятэцы 5 мая. Па сцяжынках памяці дзяцей, якія перанеслі жахі Вялікай Айчыннай, прайшлі ўдзельнікі клуба разам з героямі кнігі С. Алексіевіч "Последний свидетель". Эмацыянальна, са слязамі на вачах, прысутныя ўспаміналі сваё дзяцінства. Другая частка сустрэчы была прысвечана песням, якія нарадзіліся ў гады вайны. Гісторыя песень "Катюша", "Синий платочек", "В землянке", "Тёмная ночь", суправаджалася відэаканцэртам. Удзельнікі клуба з захапленнем слухалі галасы К. Шульжэнкі, М. Бернеса, Л. Уцёсава, У. Трошына. Успаміналі і іншыя песні ваеннага часу, выпадкі са свайго жыцця, звязаныя з імі.

Пропуск на свята – слоўца Кандрата

Літаратурная мытня на крапівінскім свяце

 

   14 мая 2016  года ва ўтульным дворыку раённага краязнаўчага музея было ярка і весела: вобласць святкавала 120-годдзе  Кандрата Крапівы. Бібліятэкарам Уздзеншчыны была даручана адказная справа сустракаць гасцей. І мы – справіліся! Падрыхтавалі шпаргалкі-падказкі з вершамі, байкамі і загадкамі юбіляра, аформілі два “мытныя пункты”, прадугледзелі і пропускі ў выглядзе зялёных лісцікаў крапівы.

    Мытня запрацавала: жартамі і смешачкамі сустракалі гасцей Ганна Пугачова і Галіна Астравух, Наталля Сяліцкая і Вольга Віяленцій, Ганна Аўсеенка і Наталля Шчамянок. Але і госці аказаліся “не лыкам шытыя”: сыпалі і цытатамі крапівінскімі, і самымі што ні на ёсць жыццёвымі, вельмі-вельмі праўдзівымі гісторыямі, гумарэскамі,  байкамі, вершамі…  Самым дасціпным  і актыўным дазвалялася пачаставацца “уздзенскімі хрушчамі”, а вялікі прыгожы  каравай з залатымі лічбамі 120 Ганна Аўсеенка ўручыла ганаровым гасцям.

25 мая 2016 года

 

   Праблемы сямейнага чытання і  не толькі  абмяркоўваліся на раённым семінары бібліятэчных работнікаў “Сямейнаму чытанню – наша шанаванне”.

   Да бібліятэкараў завіталі калегі па рабоце з сям’ёй – загадчык аддзела ЗАГС Вольга Махнач, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорта і турызма  Наталля Герман, інспектар групы  прапаганды і навучання Уздзенскага РАНС Ксенія Андросік. Яркія змястоўныя паведамленні гасцей не пакінулі раўнадушнымі прысутных: з цікавасцю слухалі бібліятэкары параўнальны аналіз дэмаграфічнай сітуацыі на Уздзеншчыне з пасляваенных часоў да сённяшняга дня, з болем канстатавалі павелічэнне ліку сямей, што знаходзяцца ў сацыяльна ненадзейным стане, асаблівую ўвагу надалі мерам прафілактыкі па прадухіленні дзіцячага траўматызма. Надзвычайна актуальныя гэтыя звесткі цяпер, напярэдадні вялікіх школьных канікул, калі ўсім службам патрэбна зрабіць усё магчымае, каб вольны час дзяцей быў запоўнены карыснымі і цікавымі справамі.

   Супрацоўнікі раённай дзіцячай бібліятэкі Таццяна Іванова і Вольга Колас расказалі, як працуе створаны на базе бібліятэкі  клуб сямейнага адпачынку “Адпачываем усёй сям’ёй”.

    Сваім вопытам па рабоце з сем’ямі падзяліліся Галіна Астравух, Наталля Сяліцкая, Алена Зубава, бібліятэкары Зенькавіцкай, Ліцвянскай, Хатлянскай сельскіх бібліятэк.

Вынікі семінара падвяла намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Д.А.Макаронак.

 

26 мая 2016 года

 

    26 мая для вучняў 8 класа СШ №2 імя К. Крапівы ў чытальнай зале раённай бібліятэкі адбылася актуальная размова «За облаком табачного дыма» з удзелам фельчара-валеолага Лапусты Н.П. і інструктара-валеолага Касабуцкай С.Л.

   Святлана Касабуцкая расказала дзецям пра шкоднасць палення, асабліва ў маладым узросце, задавала пытанні, даводзіла цікавыя факты з гісторыі тытуню. Наталля Лапуста правяла анкетаванне па тэме, азнаёміла з небяспекай, якая тоіць у сабе ўжыванне шкоднай звычкі. Да мерапрыемства была падрыхтавана кніжная выстава «Жизнь без табака».

29 мая 2016 года

 

"Бэзавыя мары ў людзей на тварах,

У людзей на тварах подыхі вясны.

Майскія гірлянды, жнівеньскі туман...

Мы с табою разам - гэта назаўжды!"

   Такім вершаваным экспромтам Юрый Сцепановіч падвёў вынікі "Бэзавай вечарыны", што прайшла 29 мая ў цэнтральнай раённай бібліятэцы. Амаль чатыры гадзіны крэатывілі члены літаратурна-творчай суполкі "Вясёлка". Музычная "бэзавая віктарына" і літаратурны квіз, віншаванні з днём нараджэння і майстар-клас па "правільнаму"  чытанню вершаў, сувеніры-шэдэўры бэзавага колеру, чарговы зборнік афарызмаў вечарыны - і гэта толькі пералік, далёка не ўвесь, прычым... Госцем вечарыны стаў а.Аляксей з Магільна. Ён нават крыху здзівіў усіх сваёй сучаснасцю, адкрытасцю, як цяпер кажуць, "прасунутасцю". Адзінадушна а.Аляксею ўручылі наш пераходны сімвал - жоўтую філіжанку.

  Традыцыйная "Літаратурная прышчэпка" была прысвечана на гэты раз маленькім апавяданням А.П.Чэхава. Насычаная праграма, сяброўскія стасункі, жывая гітара, мора пазітыўнай энергетыкі - было цікава, весела, карысна.

31 мая 2016 года

 

    31 мая раённая бібліятэка запрасіла вучняў раённай гімназіі на дзень краязнаўства “Ён Радзімаю завецца , непаўторны гэты край”.  У гэты дзень гімназісты азнаёміліся з выставай-экспазіцыяй, прысвечанай 120-годдзю з дня нараджэння К. Крапівы “Крапівінскі скарб”. Затым у літаратурнай гасцёўні навучэнцам была прапанавана віртуальная краязнаўчая віктарына “Уздзеншчына – мая Радзіма”, а напрыканцы сустрэчы вучні прагледзелі відэафільмы “Уздзенская ідылія” і “Выток Нёмана – выток духоўнасці”.