2 лістапада 2017 года

2 лістапада ў літаратурнай гасцёўні цэнтральнай бібліятэкі адбылася тэматычная вечарына, прысвечаная 100-годдзю Кастрычніцкай рэвалюцыі.

У гісторыі здараюцца падзеі, глыбіню якіх магчыма ўсвядоміць толькі праз пэўны час. Такой падзеяй і стала Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 года. На тэматычную вечарыну “Вехи истории: Октябрь 1917 года”  сабраліся ўдзельнікі клуба “Залаты ўзрост”. Для прысутных была падрыхтавана мультымедыйная прэзентацыя, прысвечаная гэтай гістарычнай падзеі. Увазе прысутных былі прапанаваны кадры кінахронікі, фотаздымкі мінулых гадоў, музыка, патрыятычныя песні, кадры з мастацкіх фільмаў.

У ходе мерапрыемства прагучала інфармацыя пра заснаванне Ордэна Кастрычніцкай Рэвалюцыі, пра тых, хто ў свой час быў ім узнагароджаны, пра ўраджэнцаў  Уздзеншчыны, што яго атрымалі: А. Бондара, У. Барбарчыка, М. Герасіменку, Г. Дубовіка і іншых працаўнікоў раёна.

Прысутныя дзяліліся ўспамінамі аб тым, як святкавалі дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, аб сваёй камсамольскай маладосці, успаміналі тыя далёкія гістарычныя падзеі.

 

5 лістапада 2017 года

“Наш адказ асенняму змроку – радасць творчасці!” – пад такім дэвізам прайшла чарговая сустрэча членаў літаратурна-творчай суполкі “Вясёлка”.

Не сакрэт, што восень – цудоўная пара,  і, як сказаў класік, “очей очарованье”. Усе ведаюць, што “увосень у гаспадара поўна гумно і кішэнь”. Аднак для нас, амаль гараджан, адарваных ад зямлі і не дастаўшых да неба, восень – гэта мала сонца, шмат цемры,  імглістай макрэчы з надаеднымі вятрамі і, як вынік, – асенняя дэпрэсія. Як з ёй змагацца, чым сябе радаваць у гэтую слотную пару? Падзяліцца рэцэптамі пераадолення сезоннай хандры запрасіла ўдзельнікаў сустрэчы вядучая Вольга Віяленцій. Атрымаўся неблагі спісак, у якім: нарадзіць дзіця (і вам не будзе калі сумаваць!), болей гуляць, зрабіць што-небудзь сваімі рукамі, чытаць добрыя кніжкі, заняцца любімай справай, часцей сустракацца з сябрамі, запаліць шмат свечак, пісаць вершы…

Апошняя ўмова і стала галоўнай тэмай сустрэчы. Два гады запар “вясёлкаўцы” адпраўлялі вершы і прозу калегам у падмаскоўную Шатуру, дзе выдаецца літаратурны альманах “Сфера притяжения”. У верасні, калі дэлегацыя Уздзенскага раёна была ў Шатуры са штогадовым візітам,  зборнікі, у якія ўвайшлі творы нашых землякоў, нарэшце з’явіліся ў бібліятэцы. Патрымаць у руках тоўсценькія асобнічкі, пагартаць, убачыць свае творы, надрукаваныя амаль што ў Маскве (за граніцай!), хацелі ўсе, але ўдалося толькі Ірыне Бельскай, Валерыі Шкодзе ды Яўгену Рудакоўскаму. У астатніх былі вельмі важныя, неадкладныя справы ў гэты дзень…

Свой першы, пакуль што “самвыдатаўскі” зборнік накладам у два экзэмпляры атрымаў і Улад Лычкоўскі. Гэта быў спецыяльны падарунак-сюрпрыз ад раённай бібліятэкі, і назвалі мы зборнік радком з верша аўтара – “Всё ещё сбудется”. І патрапілі, як кажуць, у яблычак,   бо мары яго ўжо збываюцца: Улад паступіў у БДУКМ, набывае прафесію рэжысёра, вельмі зацікавіўся шматлікімі культурнымі праектамі сваёй “альма матэр” і паспяхова ў іх удзельнічае.

 А мы паслухалі вершы і прозу нашых аўтараў,  запалілі свечкі ў гонар кніжак, якія перавярнулі свядомасць кожнага з нас, абмеркавалі тэмы наступных сустрэч …

Чарговая ЛітПРЫШЧЭПКА ў юбілейны для беларускай кнігі год была прысвечана сучаснай беларускай літаратуры.  Кожны ўдзельнік атрымаў “хатняе заданне” – тую кнігу, якой “прышчапіўся”, знайсці, прачытаць і расказаць пра яе сябрам.

Да наступных сустрэч, “Вясёлка”!

P.S. Дарэчы, шаноўныя “вясёлкаўцы”! Атрымаць альманах “Сфера притяжения” са сваімі публікацыямі можна будзе ў час прэзентацыі, якая адбудзецца крыху пазней. Сачыце за афішай на сайце uzdalib.by!

 

15 лістапада 2017 года

Працягваецца цеснае супрацоўніцтва ўдзельнікаў літаб’яднання “Нёманец” з літаратарамі Дзяржынскага раёна. Апошняя святочная сустрэча “Міншчына – ты сэрца Беларусі” адбылася 15 лістапада ў Дзяржынскай раённай бібліятэцы. Тэмай мерапрыемства была абрана значная падзея – 80-годдзе з дня ўтварэння Мінскай вобласці, якую мы адзначым 15 студзеня 2018 года.

Дзяржынскія сябры запрасілі на сустрэчу самога “Францыска Скарыну”, які агучыў прывітальны адрас і прэзентавалі выставу старадрукаў з прыватных калекцый жыхароў горада і фондаў бібліятэкі “Нам кніга вечнае святло”. Усім удзельнікам літаратурнага дзейства было прапанавана запісаць свае запаветныя думкі на лістках і змясціць іх на “Дрэве жаданняў”.

У мерапрыемстве прымала ўдзел начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзяржынскага райвыканкама Н. І. Сінюковіч, якая пажадала новых творчых здзяйсненняў і на памяць аб нашай сустрэчы падаравала вечны каляндар дзяржынскага майстра па вырабах з дрэва.

Уздзенская дэлегацыя ўдала прадставіла віншаванне-кампазіцыю пра адметныя мясціны сталічнага рэгіёна, дзе знайшліся цёплыя словы пра кожны раён Мінскай вобласці, а ў падарунак гасцям прыпаднеслі кошык з прысмакамі, дзе на кожнай этыкетцы было слова “Мінская”.

Амаль на тры гадзіны ўсе акунуліся ў плынь творчасці: слухалі цудоўныя вершы, байкі, казкі, дзе ў кожным творы гучала любоў і павага да Радзімы, гонар за таленавітых і працавітых людзей, якія жывуць побач з намі.

Напрыканцы мерапрыемства дырэктар Дзяржынскай ЦБС Валянціна Клімовіч выказала ідэю, каб творы, якія прагучалі на  мерапрыемстве аб’яднаць у зборнік пад назваю “У вянок Мінскай вобласці” і зрабіць яго прэзентацыю.

 

9 лістапада 2017 года

Вучні раённай гімназіі 9 лістапада былі запрошаны на гадзіну-ўспамін “Напісанае-перажытае” з нагоды 95-годдзя з дня нараджэння пісьменніка Васіля Гурскага.

На мерапрыемства завітаў член Саюза пісьменнікаў Беларусі, былы сябар Васіля Гурскага Дзмітрый Вінаградаў, які з’яўляецца аўтарам кнігі “Время в самом себе”, прысвечанай юбіляру.  Дзмітрый Леанідавіч дзяліўся з вучнямі ўспамінамі і ўражаннямі аб сустрэчах з пісьменнікамі-ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, расказваў пра жыццё і творчасць Васіля Рыгоравіча Гурскага, адказваў на пытанні. Гімназісты таксама азнаёміліся з выстаўкай, прысвечанай юбілею пісьменніка.