3 ліпеня 2017 года

 

“Квітней, Беларусь!”, пад такой назвай 4 ліпеня ў літаратурнай гасцёўні адбылася тэматычная вечарына, прысвечаная Дню Незалежнасці нашай Рэспублікі. 3 ліпеня стала сімвалам  незалежнасці, а таксама данінай памяці тых, хто самааддана змагаўся з нямецкімі захопнікамі, хто ў пасляваенныя часы будаваў заводы, школы, хто выпускаў першую прадукцыю на прадпрыемствах.

Шмат успамінаў прагучала на вечарыне, шмат эмоцый і ўражанняў было ў гэты дзень. З хваляваннем слухалі прысутныя ўспаміны Надзеі Васільеўны Левандоўскай аб родных, якія пайшлі ваяваць зусім маладымі і загінулі, не дажыўшы да Перамогі. Узнагароды, салдацкія трохкутнікі, фотаздымкі – сведкі памяці аб загінуўшых, якія Надзея Васільеўна паказала прысутным. На сустрэчы прагучаў верш Д. Вінаградава  “Ротный”, які заняў першае месца на конкурсе літаратурнай творчасці ветэранаў Мінскай вобласці.

В. Бокуць-Чабатарова прачытала свае новыя вершы і выканала песню аб роднай Беларусі. Незабыўнымі жыццёвымі ўспамінамі падзяліліся А.К. Якуценка і К. А. Булат. Святочнай, узрушанай часткай праграмы стала выступленне вакальнай групы “Сакавіца” аддзялення дзённага знаходжання людзей сталага ўзросту ТЦСАН. На вечарыне прысутнічалі прадстаўнікі раённага Савета ветэранаў.  Т. І. Лычкоўская ўзнагародзіла граматай і падарункам Н.К. Крысько за актыўную валанцёрскую дзейнасць. Святочную вечарыну суправаджала мультымедыйная прэзентацыя, гучалі папулярныя беларускія песні.

31 ліпеня 2017

 

Супрацоўнікі раённай бібліятэкі і самыя актыўныя яе чытачы прынялі ўдзел ў цырымоніі памінання Мікалая і Магдалены Радзівілаў, пакланіліся праху кніягіні, які будзе перазахаваны ў Чырвоным касцёле Святых Сымона і Алены ў Мінску. 

Шмат людзей наведалася ў гэты дзень у Кальвінскі збор у п. Першамайск. Урну з прахам асветніцы і мецэнаткі прывёз са Швейцарыі на радзіму Алесь Сапега, прадстаўнік асацыяцыі беларусаў. У мерапрыемстве таксама прынялі ўдзел настаўнік СШ №2 імя К. Крапівы Андрэй Мікалаевіч Ярмольчык, пісьменнік Анатоль Бутэвіч. Ксёндз Дзяніс Шастаковіч прачытаў малітву аб супакаенні сямейнай пары Радзівілаў. Былі запалены свечкі, ускладзены кветкі.

Супрацоўнікі бібліятэкі запрасілі замежных гасцей наведаць цэнтральную раённую бібліятэку. За кубачкам гарбаты вялася  размова пра вечныя каштоўнасці, дабрачынныя справы і чалавечую памяць.