3 ліпеня 2016 года

 

   3 ліпеня дасугавая пляцоўка  цэнтральнай раённай бібліятэкі імя П.Труса на святочным гулянні з нагоды святкавання Дня незалежнасці была прысвечана  асноўнай даце культурнага календара  Уздзеншчыны  сёлетняга года – 120-годдзю пісьменніка-земляка Кандрата Крапівы.

    Існуе народная прыкмета: калі стаіш паміж цёзак – загадвай жаданне. Гэты прынцып і выкарысталі бібліятэкары,  арганізаваўшы фотасесію на  паляне  выканання жаданняў “Крапіва – Я – Крапіва”.

У ролі “цёзак” выступілі: партрэт  Кандрата Крапівы работы мастака Яўгена Шунейкі і вялізны “букет” крапівы,  “…што расце вось тут пад плотам”.

  Традыцыйная літаратурная “прышчэпка” таксама была двайная: цытаты з твораў знакамітага байкапісца і рэцэпты – касметычныя, аздараўленчыя, гастранамічныя – пякучкі-крапівы.

Можа таму, што наша пляцоўка была блізка да сцэны, а можа дзякуючы цяньку, але гасцей у нас было шмат. Мяркуем, агульнае наша жаданне збылося – дождж  пасля абеду  пайшоў!

   Дзякуй вам, прыхільнікі творчасці Кандрата Кандратавіча і сябры раённай бібліятэкі, за актыўны ўдзел, добры настрой і пазітыўныя адносіны да бібліятэчных спраў.

6 ліпеня 2016 года

 

    6 ліпеня ў цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылася сустрэча творчай інтэлігенцыі Уздзеншчыны з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу рэспублікі Беларусь, дэлегатам 5-га Усебеларускага народнага сходу  Уладзіславам Станіслававічам Цыдзікам. “Вместе за сильную и процветающую Беларусь ” – пад такім дэвізам ладзілася размова  і гэтакую ж  назву атрымала выстава, падрыхтаваная бібліятэкарамі  да дэтай сустрэчы.

   Уладзіслаў Станіслававіч у сваім выступленні імкнуўся данесці да прысутных асноўныя пытанні, закранутыя кіраўніком дзяржавы на 5 Усебеларускім народным сходзе, расказаў аб выніках рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны.

  Прысутныя, людзі з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, уважліва слухалі дэпутата, задавалі пытанні. Са словамі падтрымкі выступіў  ветэран Вялікай Айчыннай вайны і працы, дэлегат 4-га Усебеларускага народнага сходу Уладзімір Ефімавіч Парабковіч.

  Падчас сустрэчы адбылася прэзентацыя літаратурнага фотаальбома “Зачараваны Беларуссю”, аўтарам якога з’яўляецца Уладзіслаў Станіслававіч. Адзін экземпляр выдання аўтар з цёплымі словамі і аўтографам падараваў бібліятэцы.

8 ліпеня 2016 года

 

    8 ліпеня моладзь з БРСМ і ДТСААФ Уздзенскага раёна, Маладзёжны цэнтр Узды, а таксама члены літаратурна-творчага аб’яднання маладых пісьменнікаў Уздзеншчыны “Вясёлка”(Валерыя Рудакоўская, Вольга Трыгубовіч і Яўгеній Чаглей) прынялі ўдзел у Абласным маладзёжным свяце “БелаРуСьМолодая”, што адбылося ў г. Салігорску.

    Пасля творчага Арт-парада, на плошчы каля Палаца культуры праходзіў конкурс выканаўцаў маладзёжнай песні “Моладзь – за Саюзную дзяржаву”, у якім прыняла ўдзел Вольга Трыгубовіч. На тэматычнай пляцоўцы, адведзенай нашаму гораду,  Яўгеній Чаглей арганізаваў выставу зброі для страйкбольных гульняў, а Валерыя Рудакоўская выконвала для жадаючых аква-грым. Мерапрыемства завяршылася выступленнем Аляксея Хлястова, маладзёжнай дыскатэкай і фестывалем фарбаў! Дадому ўдзельнікі свята вярнуліся задаволеныя і “разупрыгожаныя”!

8 ліпеня 2016 года

 

  8 ліпеня ў літаратурнай гасцёўні раённай бібліятэкі адбылася прэзентацыя кнігі “Истории бабушкиного детства” пісьменніцы Галіны Нічыпаровіч. Кніга адрасавана маленькім  чытачам. Сюжэты сваіх твораў аўтар брала з рэальнага жыцця, таму яны атрымаліся цудоўнымі і непаўторнымі. З выданнем кнігі Галіну Міхайлаўну прыйшлі павіншаваць калегі-ўдзельнікі літаб’яднання “Нёманец”, актыўныя чытачы бібліятэкі. Аўтар у сваю чаргу падзялілася з прысутнымі творчымі планамі, новымі задумамі.

22 ліпеня 2016 года

 

   22 ліпеня цэнтральную раённую бібліятэку наведала здымачная група тэлеканала ОНТ, якая працуе над стварэннем відэафільма (ў цыкле праекта “Обратный отсчет”) пра нашага славутага земляка-навукоўца Якуба Наркевіча-Ёдку. Асаблівую цікавасць у журналістаў выклікала ўнікальнае выданне  - кніга на французскай мове, надрукаваная ў 1896 годзе ў Францыі і прысвечаная асобе знакамітага прафесара магнетызму. Некаторы час гэтае выданне знаходзілася ў асабістым кнігазборы Адама Мальдзіса, а пасля была падаравана уздзенскай бібліятэцы даследчыкам-гісторыкам Уладзімірам Мікалаевічам Кісялёвым.

22 ліпеня 2016 года

 

    Група школьнікаў СШ №1 22 ліпеня былі гасцямі чытальнай залы цэнтральнай раённай бібліятэкі. Для іх бібліятэкары падрыхтавалі цікавую і карысную інфармацыю на тэму “Культурныя традыцыі беларусаў: Зажынкі”. Вучні пазнаёміліся з выставай літаратуры “Нашай нівы звонкае свята”, прачыталі беларускія прыказкі і прымаўкі, прысвечаныя хлебу і працы хлебароба.

16 ліпеня 2016 года

 

  16 ліпеня ў рамках свята «У рытме лета 2016» літаратурна-творчае аб'яднанне маладых пісьменнікаў Уздзеншчыны "Вясёлка" падрыхтавала квэст-гульню «Вуліцы роднага горада». Да ўдзелу запрашаліся каманды ў складзе пяці чалавек. На гарадскім стадыёне а 12 гадзіне сабраліся ўдзельнікі, гатовыя праявіць камандны дух і раскрыць сябе з розных бакоў. У гэтым ім дапамагалі творчыя пляцоўкі, на якіх прапаноўваліся гульні і заданні. Спачатку камандзе трэба было прыдумаць назву і выбраць капітана. А пасля іх ужо чакалі пляцоўкі:

  • «Хто ёсць хто?» (конкурс на веданне літаратурных герояў і іх роляў);
  • разгадаць назвы папулярных кніг у гульне «Кракадзіл»;
  • успомніць байкі К. Крапівы ці прыдумаць свой верш і адлюстраваць герояў, пераапранаючыся на пляцоўцы «Тэатралізацыя баек» (прымеркавана да 120-годдзя з дня нараджэння К. Крапівы);
  • даведацца аб цікавых фактах пра «Беларускія паясы» і заплесці ўсёй камандзе з паясоў касу;
  • у традыцыйнай Літаратурнай ПРЫШЧЭПЦЫ выразна працытаваць маладых паэтаў Уздзеншчыны;
  • намаляваць крэйдамі на асфальце фантазіі на тэму: «Кнігі і бібліятэкі будучыні».

    Пакідаюы кожную пляцоўку, каманда атрымлівала частку фразы, якую потым трэба было скласці ў цытату. У выніку павінна было атрымацца: “Книги – корабли мысли, странствующие по волнам времени и бережно несущие свой драгоценный труд от поколения к поколению”.

   Дапамагалі справіцца з заданнямі куратары квэст-гульні і члены Літаратурна-творчага аб’яднання “Вясёлка”: Валерыя Рудакоўская, Ірына Бельская, Юрый Сцепановіч, Аліна Козел, Вольга Віяленцій, Яўген Рудакоўскі і Яўген Чаглей.

   Найбольшай колькасцю балаў вызначыліся каманды: «Уздзенский ГСПЛ», «Воздушные» і «4 + 1». Яны і падзялілі паміж сабой адпаведна першыя тры месцы. Віншуем! Вы былі самымі арыгінальнымі і крэатыўна падыходзілі да выканання ўсіх заданняў!