4 лютага 2016г.

 

    У чытальнай зале цэнтральнай раённай бібліятэкі прайшла імпрэза-знаёмства “Сустрэнемся, пагаворым, напішам!”, гасцямі якой былі пісьменніца, член праўлення Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах; дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіслаў Станіслававіч Цыдзік; генеральны дырэктар рэдакцыі газеты “Шапокляк”, мастак-карыкатурыст Анатоль Гармаза.

  Сустрэча пачалася з запрашэння гасцей на імправізаваны “Крапівінскі падворак”, створаны з нагоды 120-годдзя К. Крапівы, дзе госці артыстычна прачыталі ўрыўкі з баек нашага славутага земляка, гэтым самым прыняўшы ўдзел у акцыі “Чытаем Крапіву разам”. Прыемна здзівіў выкананнем байкі “Дыпламаваны баран” пад уласны акампанемент  гітары малады выканаўца, "вясёлкавец", Юрый Сцепановіч. 

   Шмат цікавай інфармацыі аб творчасці А. Стэльмах і А. Гармазы даведаліся ўдзельнікі сустрэчы. Госці прыехалі на сустрэчу з падарункамі для ўдзельнікаў мерапрыемства і чытачоў раённай бібліятэкі. Невялікі канцэрт “Усміхніся весялей” адкрылі самыя юныя ўдзельнікі свята – вучні Уздзенскай раённай гімназіі Павел Лашук і Ілля Галіцкі, якія па-майстэрску выканалі байку К. Крапівы “Янка і Карла”.

  Наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту В. Шытыка, Г. Паўлюшчык, В. Купрыянава прачыталі байкі “Пасылка”, “Дзед і баба”і іншыя творы.

Вольга Бокуць-Чабатарова расказала аб сваім супрацоўніцтве з газетай “Друг пенсионера”, рэдактарам якой таксама з’яўляецца А. Гармаза. Наведвальнікі АДПІ ТЦСАН падрыхтавалі да сустрэчы інсцэніроўку верша М. Някрасава “Мужичок с ноготок”. Добры настрой сустрэчы падтрымала вясёлымі песнямі вакальная група “Сакавіца” пад кіраўніцтвам  М. Русака, створаная пры аддзяленні дзённага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту.

11 лютага 2016 г.

     

    На сустрэчу-дыялог "Остаётся в душе Афганистан"  супрацоўнікі бібліятэкі запрасілі вучняў СШ №2 і  воінаў-інтэрнацыяналістаў – нашых землякоў: Івана Іванавіча Барбарчыка і Івана Паўлавіча Аліпава. Вядучай сустрэчы выступіла бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі Ліяна Тападзе, яна прыгадала асноўныя даты  вайны ў Афганістане, назвала лічбы, якія сведчаць пра вялікія жыццёвыя страты, узгадала прозвішчы камандзіраў і салдат, што ішлі баявымі дарогамі.

   Потым слова ўзяў інструктар службовага сабакаводства Іван Іванавіч Барбарчык. Ён служыў на мяжы, узнагароджаны медалямі.

  Іван Паўлавіч Аліпаў, які падхапіў размову, распавядаў пра цяжкія ваенныя будні: абстрэлы, пераправы, сустрэчы з мірным насельніцтвам Афганістана. Ён правёў у далёкай, ахопленай ваеннымі дзеяннямі, краіне амаль 2 гады.

  Вучні слухалі “аўганцаў” з цікавасцю, задавалі пытанні, разглядалі фотаздымкі з фотаальбомаў гасцей.

    Невялікую падборку слайдаў прадэманстравала школьнікам і бібліятэкар Ліяна Тападзе – гэта былі фотаздымкі з музея Ваеннай гісторыі, кіраўніком якога з’яўляецца Яўген Міхайлавіч Уласевіч.

   Сустрэча паказала, што памяць аб мінулым жыве ў сэрцах былых воінаў, каб мець магчымасць быць правадніком сталасці, мужнасці, адказнасці за лёс Радзімы ў свядомасці наступных пакаленняў.

17 лютага 2016 г.

 

   У рамках абласной міжведамаснай прафілактычнай акцыі “Сябруем з Законам!” адбыўся круглы стол “У свеце праў і абавязкаў” для старшакласнікаў СШ №2 імя К.Крапівы. Мерапрыемства праведзена супрацоўнікамі раённай бібліятэкі і РДК з удзелам начальніка інспекцыі па справах непаўналетніх Я.У.Барталевіча.

    Вядучая мерапрыемства Л.К.Цвірко пазнаёміла школьнікаў з Канвенцыяй аб правах дзіцяці, правамі і абавязкамі. Вучні ўдзельнічалі ў віктарынах, конкурсах: “Правы літаратурных героеў”, “Правы ці абавязкі”, “Ці ведаеце вы Закон?” і інш. Удзельнікам прапанаваліся розныя складаныя жыццёвыя сітуацыі, дзе патрэбна было прыняць правільнае рашэнне з пункту гледжання права. Прафесійнымі парадамі ім дапамагаў Я.У.Барталевіч.

    За правільны адказ вучні атрымоўвалі жэтоны. Па выніках конкурсаў “знаўцамі права” былі прызнаны вучаніца 9 “Б” класа Ісценка Вераніка і вучань 7 “А” класа Кушнер Ілля.

Мерапрыемства суправаджалася мультымедыйнай прэзентацыяй.

19 лютага 2016 г.

Пагавары са мной на мове,

На нашай роднай, не чужой.

Адчуеш ты – у кожным слове

Душа яднаецца з душой.

    Гэтымі радкамі І. Пракаповіча пачалося мерапрыемства, прысвечанае Дню роднай мовы, якое прайшло у літаратурнай гасцёўні раённай бібліятэкі. Паэтычны дыялог ”Каб мова родная гучала” быў падрыхтаваны для дзевяцікласнікаў раённай гімназіі. У час мерапрыемства гучалі вершы аб роднай мове Я. Янішчыц,         Л. Геніюш, Р. Барадуліна, Н. Гілевіча. Вялася размова аб нашым родным беларускім слове. Шмат новых, цікавых фактаў пачулі гімназісты аб гісторыі беларускай мовы, аб цяжкіх шляхах яе станаўлення як нацыянальнай. Для ўдзельнікаў мерапрыемства быў падрыхтаваны агляд кніг на беларускай мове. На прыканцы мерапрыемства вучні прынялі ўдзел у акцыі “Апранаемся па-беларуску”, дзе яны прыгадалі, як на беларускай мове гучаць назвы элементаў адзення.

   Акрамя гэтага, у рамках комплекснага мерапрыемства "Родная мова - крыніца празрыстая", у бібліятэцы на працягу дня праходзіла акцыя "Я - перакладчык". Наведвальнікам, чытачам прапаноўвалася перакласці прыказкі і прымаўкі з рускай мовы на беларускую, а таксама паўдзельнічаць у конкурсе "Адгадай загадку".

  

24 лютага 2016 г.

   

    Вечар-прысвячэнне «Держава армией крепка»  адбыўся ў клубе “Залаты ўзрост”, што дзейнічае пры цэнтральнай бібліятэцы.

   Дзень абаронцаў Айчыны – даніна глыбокай павагі і ўдзячнасці ўсім пакаленням абаронцаў Радзімы. Шмат цёплых віншаванняў у вершах і прозе прагучала ў гэты дзень для мужчын, удзельнікаў клуба. Увазе прысутных былі прапанаваны відэаролікі, песні. З цёплымі словамі віншаванняў выступілі А. В. Драчан , А. К. Якуценка. Лірычны падарунак падрыхтавала Т.А. Каляда. Усе прысутныя ўдзельнічалі ў жартоўнай віктарыне, адгадвалі вясёлыя загадкі пра воінскую службу.