7 красавіка 2017 года

 

У літаратурнай гасцёўні цэнтральнай бібліятэкі адбыўся творчы вечар Паліны Кучук пад назвай “Городу снятся сны”. Аўтар вершаў і празаічных твораў вядома ў інтэрнэт-прасторы пад псеўданімам Паліна Рандзір. На літаратурнай вечарыне прагучалі вершы рознай тэматыкі. Да ўвагі слухачоў былі прапанаваны вершаваныя пераклады з англійскай, французскай, польскай моў такіх аўтараў, як Р. Стывенсан, Э. По і інш. Вечарыну аздобіла мультымедыйная прэзентацыя. Гучалі ўрыўкі з твораў Л. Бетховена, Цымера, Э. Марыконе, рок і фолк гуртоў Rammstein і Feit.

24 красавіка 2017 года

 

“Чернобыль в моей жизни” – пад такой назвай у раённай бібліятэцы адбылася гадзіна ўспамінаў з удзелам пісьменніка Дзмітрыя Вінаградава. Падчас сустрэчы Дзмітрый Леанідавіч падзяліўся асабістымі ўспамінамі аб тых часах, якія давялося перажыць; расказаў пра ўласныя кнігі, прысвечаныя тэме Чарнобыля. Вучні 10 класа раённай гімназіі азнаёміліся з кніжнай выстаўкай “Чарнобыль: трагедыя стагоддзя”.

28 красавіка 2017 года

 

На ўрачыстай нарадзе бібліятэчных работнікаў былі падведзены вынікі раённага конкурса па прапагандзе беларускай кнігі “Беларуская кніжніца на хвалі часу”.

Згодна з распрацаваным метадыстамі палажэннем бібліятэкары павінны былі паказаць сваю работу ў трох намінацыях: “Кніжная выстава беларускага пісьменніка-юбіляра”, “Бібліяграфічны агляд беларускіх кніжных навінак”, “Масавае мерапрыемства”. Аднак творчыя памкненні сельскіх бібліятэкараў рэалізаваліся найбольш ў актыўных формах узаемадзеяння з чытачамі – амаль усе выбралі трэцюю намінацыю. Толькі М. Кароль (Сямёнавіцкая СБ) і Т. Шыдлоўская (Слабадская СБК) звярнуліся да  арганізацыі выстаў па творчасці Я.Купалы і Я.Коласа і паказалі як добрае веданне метадычных асноў арганізацыі бібліятэчных кніжных выстаў, так і крэатыўны падыход да афармлення.

Бібліятэкары прадставілі на суд журы сцэнарыі пазнавальна-забаўляльных праграм, віктарын, гульняў, у якіх прапагандавалі творы беларускіх пісьменнікаў, родную мову. На жаль, журы не мела магчымасці наведаць усе мерапрыемствы, таму ўхвалялася прадстаўленне фотасправаздач, публікацый у раённай газеце “Чырвоная зорка”, рэфлексіўных нататак удзельнікаў.

Прыемна ўразіла конкурсная работа А. Жагалковіч (Нёманская СБ). Бібліятэкар аформіла вопыт сваёй бібліятэчнай дзейнасці па прапагандзе беларускай мовы і літаратуры ў выглядзе медыяпрэзентацыі, якая да таго ж мела яскравую краязнаўчую скіраванасць.

Журы ўважліва разгледзела пададзеныя матэрыялы і вызначылася з пераможцамі: трэцяе месца атрымала Н. Сяліцкая (Ліцвянская СБ) за конкурс перакладчыкаў “Мова, блізкая мне змалку”, другое  –  Г. Астравух (Зенькавіцкая СБ) за комплексную праграму, прысвечаную творчасці Алеся Якімовіча “Казачнік з вёскі Чурылава”. А вось на першае месца ўзняліся два ўдзельнікі: А. Жагалковіч з вышэй згаданай медыяпрэзентацыяй “З скарбонкі прынёманскіх казак” і Н. Сямашка  (Дзешчанская СБ) з літаратурным часам па жыцці і творчасці Яўгеніі Янішчыц “Ты пакліч мяне. Пазаві”. Вельмі важкім “плюсам” конкурснай работы Н. Сямашка было тое, што яна прыцягнула да актыўнага ўдзелу старшакласнікаў Дзешчанскай сярэдняй школы.

Усе дасланыя на конкурс работы былі граматна і прыгожа аформлены, мелі ў дадатках пакет фотаздымкаў непасрэдна з мерапрыемстваў, спіскі выкарыстанай літаратуры і публікацыі ў раённай газеце.

Парадавалі бібліятэкары, якія нядаўна працуюць у гэтай сферы: падзяку атрымалі Л. Карніцкая (Кухціцкая СБ) за гульню-віктарыну “Роднай мовы гук чароўны”  і  К. Забодкіна (Цепленская СБ) за конкурсную праграму “Сэрцам роднага слова краніся…”.

Другая частка нарады была таксама святочная: бібліятэкары наведалі інфармацыйна-адукацыйны цэнтр ЦРБ імя П.Труса “Культурная прастора”, прэзентацыю якога правялі В.Курыльчык і А.Кучук, уславілі асобу першадрукара Францыска Скарыны флэшмобам “Таямніцы жыцця  Скарыны” , абмяняліся думкамі па надзённых пытаннях прапаганды беларускай літаратуры, арганізавалі інтэрактыўную выставу “Беларуская кніга на маім стале”.

14 красавіка 2017 года

 

Дзень прафарыентацыі з удзелам студэнтаў і выкладчыкаў БДУКМ адбыўся пад назвай “Мне прапануюць - я выбіраю”.

Прадстаўнікі вучэбнай установы наведалі раённую бібліятэку, сталі ўдзельнікамі квест-гульні. Студэнты прадэманстравалі вучэбныя і творчыя дасягненні. Для вучняў старэйшых класаў раённай гімназіі і СШ №2 імя К.Крапівы былі праведзены прэзентацыі адукацыйных паслуг універсітэта па накірунках падрыхтоўкі спецыялістаў. Жадаючыя мелі магчымасць задаць прадстаўнікам універсітэта пытанні аб спецыяльнасцях і накірунках падрыхтоўкі, асаблівасцях паступлення ва ўніверсітэт у бягучым годзе, умовах навучання, месцах праходжання практыкіі, размеркавання.