1 красавіка 2016 года

 

    У госці да бібліятэкараў завіталі вучні 7 – 8 класаў санаторнай школы. Дзеці толькі прыехалі да нас у Узду і ім было цікава больш даведацца пра гэта мястэчка Беларусі. Бібліятэкар Ліана Тападзе правяла экскурсію, расказала прысутным пра пісьменніцкі здабытак раёна, пра знакамітую вёску Нізок, адкуль у свет выйшла некалькі пісьменнікаў. Была паказана інтэрактыўная выстава “Крапівінскі скарб”, прысвечаная 120-гадоваму юбілею Кандрата Крапівы. Затым слухачы разам з экскурсаводам накіраваліся ў літаратурную гасцёўню, дзе паглядзелі 2 фільмы: пра Лідзію Арабей - “Радкі майго жыцця” і “Уздзенская ідылія” – гісторыка-краязнаўчы экскурс.

6 красавіка 2016 года

 

   У чарговы раз на творчую сустрэчу сабраліся паэты літаратурных аб'яднанняў Клецка, Узды і Дзяржынска. У гэты сонечны красавіцкі дзень гасцей вітаў клецкі  "Голас". "Вясна, паэзія, гумар" - такую назву атрымала сустрэча. Утульная зала Клецкага цэнтра культуры ў гэты дзень стала творчай пляцоўкай не толькі для паэтаў і пісьменнікаў "Нёманца", "Голаса", "Вытоку", але і для артыстаў-выканаўцаў песень, пакладзеных на вершы клецкіх паэтаў. Гаспадары сустрэчы і іх госці чыталі вершы, расказвалі калегам пра свае творчыя планы, спявалі. Удзельніца літаратурнага аб'яднання "Голас" (г.Клецк) Таццяна Цвірка прысвяціла гасцям сустрэчы свой верш.

 

У шосты дзень красавіка

(Святочным ён здаецца!).

Я шчыра рада вас вітаць

У нашым сціплым Клецку.

Няхай сустрэча наша ўсіх

Цяплом сардэц сагрэе.

Хачу прызнацца вам услых:

То – слаўная падзея.

Раёны тры – у трэці раз

Ў вянок адзін спляліся.

Сябры мае, у добры час

Калісьці мы сышліся!

Пасеялі нямала спраў

У радочкі творчай нівы,

Хай будзе наш сумесны сплаў

І шчодры, і ўрадлівы!

Ужо мы з вамі сваякі,

Мы родныя па душах!

Хай ткуцца новыя радкі

Прыгожа і нязмушана!

Хай мілуе вас бацька-лёс

Асобы! Творцы! Людзі!

За тое дзякуй, што вы ёсць!

І хай “сто лят” вам будзе!

                                      Таццяна Цвірка

   06.04.2016 г.     

 

    Удзельнікі літаратурнага аб'яднання "Нёманец" В. Сабалеўскі і Г. Нічыпаровіч атрымалі з рук Алены Стэльмах, пісьменніцы, члена праўлення Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, дыпломы выдавецкага дома "Звязда".

13 красавіка 2016 года

 

      У літаратурнай гасцёўні цэнтральнай раённай бібліятэкі адбылося свята. Тамара Антонаўна Каляда сабрала калег па літаратурным аб'яднанні "Нёманец", сяброў, аднадумцаў на творчы вечар з нагоды свайго юбілею.

Прыйшлі павіншаваць калегу Сняжана Лешчанін, Таццяна Цехнебедзіна, Дзмітрый Вінаградаў, Ніна Лятун, Вольга Бокуць-Чабатарова, Галіна Нічыпаровіч. Былі сяброўкі Тамары Антонаўны Уладзіслава Махлай і Наталля Кашынская.

     Бібліятэкар аддзела абслугоўвання Ліана Тападзе адкрыла мерапрыемства, распавяла пра гэтага прыгожага душой чалавека. Затым Тамара Антонаўна ўзяла ініцыятыву ў свае рукі і прэзентавала слухачам сваю новую кнігу “ Паэма пра гасціннасць”, якую яна прысвяціла паэтэсе і пісьменніцы, Члену Саюза пісьменнікаў Беларусі Галіне Міхайлаўне Нічыпаровіч. Уважлівая публіка з цікавасцю слухала паэму.

     Затым былі ўзаемныя віншаванні. Віноўніца выразіла словы ўдзячнасці  бібліятэкару ЦРБ Ганне Аўсеенцы, загадчыцы метадычнага аддзела Вользе Віяленцій, фатаздымак якой Тамара Антонаўна выкарыстала ў сваёй кнізе вершаў “Белая раніца”. Наступіла чарга прымаць словы падтрымкі ад калег-пісьменнікаў. Дырэктар цэнтральнай раённай бібліятэкі Аксана Драчан уручыла  ад супрацоўнікаў добры падарунак. Было выказана шмат шчырых пажаданняў. Веснавыя прыгожыя кветкі ад сяброў яшчэ больш ажывілі абстаноўку. Супрацоўнікі метадычнага аддзела ўнеслі пад спевы “Happy Birthday to you!” уласнаручна прыгатаваны Тамарай Антонаўнай замыславаты пірог, аздоблены свечкамі. Вольга Віяленцій правяла з прысутнымі цікавую віктарыну.

      Усе засталіся задаволенымі, успаміны аб свяце надоўга застануцца ў памяці і юбіляршы, і людзей, якія прыйшлі, каб падтрымаць яе ў такі знамянальны дзень.

15 красавіка 2016 года

 

   Атмасфера шчырасці і сяброўскай ўзаемапавагі панавала 15 красавіка ў чытальнай зале раённай бібліятэкі. Грамадскасць раёна ўшаноўвала ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Уладзіміра Яфімавіча Парабковіча. Ён з таго пакалення салдатаў Перамогі, што вынеслі на сваіх плячах увесь цяжар вайны.

   Павіншаваць юбіляра  прыйшлі: старшыня раённага савета дэпутатаў І.А.Пятровіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі А.Г.Спірына, прадстаўнік адміністрацыі кампаніі “Марк Фармэль” Л.М.Шыбко, старшыня Беларускага Саюза афіцэраў Уздзенскага раёна  Я.М.Уласевіч і Саюза воінаў-інтэрнацыяналістаў І.П.Аліпаў, старшыня Уздзенскай раённай арганізацыі ветэранаў Т.І.Лычкоўская, А.К.Якуценка.

  Шмат цёплых слоў прагучала ў адрас юбіляра. Успаміналі вялікі працоўны і жыццёвы вопыт Уладзіміра Яфімавіча, актыўную грамадзянскую пазіцыю, шматбаковую  грамадскую дзейнасць.

   Віншавалі У.Я.Парабковіча вучні  СШ №2 імя К.Крапівы і раённай гімназіі, метадыст раённага аддзела адукацыі А.В.Шыманская, дырэктар Уздзенскай раённай бібліятэкі імя П.Труса А.В. Драчан, удзельніца клуба “Залаты ўзрост” В.Р.Бокуць-Чабатарова.

   Сапраўдным апафеозам свята стаў візіт калег Уладзіміра Яфімавіча  з Беларускага саюза ваенных маракоў: сябра-франтавік,  салавецкі юнга, капітан-лейтэнант у адстаўцы Аляксандр Фёдаравіч Шаршавін, галоўны карабельны старшыня  ў адстаўцы Уладзімір Мікалаевіч  Качура, капітан 2 ранга запаса Беражны Барыс Мікалаевіч.

   Музычныя нумары, якія падарылі юбіляру Алег Каламіец і вакальная група “Сакавіца” аддзялення дзённага знаходжання асоб састарэлага ўзросту, таксама былі вытрыманы ў марской тэматыцы.

Вечар-ушанаванне суправаджаўся мультымедыйнай прэзентацыяй, прысвечанай юбіляру, дакументальнымі відэаматэрыяламі.

22 красавіка 2016 года

 

   Гадзіна ўспамінаў “Чернобыль: не гаснет памяти свеча” адбылася 22  красавіка ў цэнтральнай бібліятэцы. На сустрэчу з пісьменнікам Дзмітрыем Вінаградавым  прыйшлі  вучні 9 “В” класа Уздзенскай сярэдняй школы №2 імя К. Крапівы.

   30 гадоў прайшло з таго часу, як адбылася гэта жудасная катастрофа, але  памяць пра яе  застаецца. У літаратуры, публіцыстыцы ў свой час  з’явілася шмат твораў, прысвечаных тэме Чарнобыля. Дзмітрый Леанідавіч Вінаградаў у сваёй творчасці таксама неаднойчы звяртаўся да гэтай тэмы. У 2013 годзе ён выдаў кнігу “ Время выбрало нас”, у якой апісвае рэальныя факты,  звычайныя перажыванні і непакой чалавека, на лёс  якога выпалі перашкоды, і які ставіць сваёю мэтай выратаваць жыццё і здароўе блізкіх людзей.  Расказаў пісьменнік і пра кнігу «Хойнікшчына. Легенды. Падзеі.Людзі.»

  Гутарка працягвалася амаль 2 гадзіны.  Вучні ўважліва слухалі пісьменніка, задавалі пытанні, азнаёміліся з выставай літаратуры, прыгатаванай бібліятэкарамі.

29 красавіка 2016 года

 

  У цэнтральнай раённай бібліятэцы імя П.Труса адбыўся вечар-ушанаванне нашага земляка Уладзіміра Мікалаевіча Кісялёва з нагоды яго  85-годдзя.

  Галоўная справа жыцця Уладзіміра Мікалаевіча – вывучэнне  і даследаванне роднай зямлі, Наднямоння. Блакітная стужка Нёмана знітавала яго лёс з гісторыяй родных мясцін, з лёсамі і знакамітых гістарычных асобаў,  і простых людзей. У.М.Кісялёў – аўтар краязнаўчых работ, прысвечаных  вытоку Нёмана, кніг і нарысаў, прысвечаных людзям Наднямоння. Уражвае нават пералік кніг: “На истоках Нёмана”, “Пуцявінамі Наднямоння”, “Прафесар электраграфіі і магнетызму”, “Парадоксы “электрического человека”, “Исследователь внимательный и трудолюбивый”, “Наднёманскімі пуцявінамі”.

  Павіншаваць юбіляра сабралася шмат гасцей, аднадумцаў, паплечнікаў, сяброў. Шчырыя словы прывітання гучалі ад дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Схода Рэспублікі Беларусь У.С.Цыдзіка, пісьменніка, старшыні Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі М.П.Пазнякова, пісьменніка, крытыка, публіцыста Я.І.Хвалея, пісьменніцы А.А. Стэльмах, членаў літаратурных аб’яднанняў “Выток” (Дзяржынск) і “Нёманец” (Узда), настаўнікаў, бібліятэкараў, музейных работнікаў, прадстаўнікоў раённай улады.

  Уладзімір Мікалаевіч адзначыў, што нават сам тэрмін краязнаўства мае больш змястоўны сэнс, па сутнасці, гэта –  Радзімазнаўства. Тое, без чаго любому чалавеку не стаць асобай, але  асабліва важна для маладога пакалення. Таму прыемна, што побач з Маэстра Краязнаўства (так назваў Уладзіміра Мікалаевіча выкладчык Уздзенскага сельскагаспадарчага ліцэя П.Д.Апановіч) у гэты дзень былі вучні СШ №2 імя К.Крапівы начале з А.М.Ярмольчыкам, гімназісты з настаўнікамі Г.В.Гладкай і І.А.Ткачэнкам.

   Няма ў свеце больш пачэснай місіі, чым кропля за кропляй захоўваць памяць аб сваёй маленькай радзіме, бо як маленькія ручайкі і рэчкі збіраюцца ў магутныя акіяны, так гісторыя кожнага куточка роднай зямлі становіцца гісторыяй нашай Беларусі.

Здалёк прыйшла гісторыя Узды

У нашы дні, што кружаць апантана.

І скрозь пласты гадоў – яе сляды

У помніках, будынках мураваных.

 

Касцёл драўляны не забыў майстроў,

Чыімі збудаваны быў рукамі.

Капліца-піраміда з камянёў

Завішаў памяць сцеражэ вякамі.

 

Блакітам ззяе вежа на царкве

Апосталаў святых Пятра і Паўла.

Край курганоў сівых жыве,

Легендаў тут і талентаў нямала.

 

 

Наркевіч –Ёдка край праславіў свой,

Да Бібліі ўступ пісаў тут Будны.

Рассыпаны Кандратам Крапівой

Іскрысты гумар людзі не забудуць.

 

Цячэ ў Вусу Уздзянкі водны шлях.

Віруе горад – кропелька Сусвету.

Радзіме прысвячаюць у вяках

Агонь душы пісьменнікі, паэты.

 

Святую повесць тых сівых вякоў,

Што аб’яднала наша Прынямонне,

Вяртае сваёй працай Кісялёў –

Галоўны скарбнік Уздзеншчыны й сёння.

                               Верш Г.Нупрэйчык, В.Сабалеўскі

За шчырую плённую працу Вам, Уладзімір Мікалаевіч, нізкі паклон ад землякоў!