Да 130-годдзя Кандрата Крапівы — Дзяржаўная ўстанова культуры

Да 130-годдзя Кандрата Крапівы

23 красавіка ва Уздзенскай раённай бібліятэцы адбыліся літаратурна-краязнаўчыя чытанні «Жывое слова Крапівы», да 130-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Кандрата Крапівы. Гасцямі мерапрыемства былі Ю.У.Амосава – галоўны бібліёграф інфармацыйна-аналітычнага аддзела ДУ «Нацыянальная бібліятэка Беларусі», А.А.Данільчык – літаратуразнаўца, перакладчык, кандыдат філалагічных навук, Л.М.Крыванос — старшыня Мінскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі», Т.А.Лаўрык — старшы навуковы супрацоўнік лабараторыі гуманітарнай адукацыі Акадэміі адукацыі, літаратуразнаўца.

На крапівінскіх чытаннях вялася размова аб жыцці і творчасці Кандрата Крапівы, аб яго творах, якія не губляюць сваёй актуальнасці. К.Крапіва на працягу свайго вельмі нялёгкага жыцця з выключнай самаадданасцю працаваў на ніве беларускай літаратуры, навукі, культуры. Удзельнікамі чытанняў быў тэатр-студыя «Вітамін» Уздзенскай сярэдняй школы №2 імя К.К.Крапівы, якія парадавалі прысутных пастаноўкай крапівінскіх баек «Дзед і баба», «Ганарысты парсюк» і іншыя. Пісьменнікі-землякі К.Крапівы, нашы сучасныя аўтары – удзельнікі літаратурнага аб’яднання «Нёманец»: В.Сабалеўскі, Г.Нічыпаровіч, Д.Вінаградаў выступілі перад прысутнымі са сваімі творамі сатырычнага жанру. Ва ўрачыстай абстаноўцы  былі падведзены вынікі раённай літаратурнай віктарыны-конкурсу «Майстар слова – Кандрат Крапіва», якую арганізавала раённая бібліятэка да юбілею К.Крапівы. Пераможцам – вучням школ горада і раёна, дарослым – былі ўручаны дыпломы і падарункі ад РГА «Белая Русь», РК ГА «БРСМ». Цікавымі і пазнавальнымі былі выступленні гасцей крапівінскіх чытанняў: Л.М.Крываноса, А.А.Данільчык, Ю.У.Амосавай, Т.А.Лаўрык. На працягу мерапрыемства гучалі песні ў выкананні супрацоўніцы раённага Дома культуры В.Тоўстай.

https://maaspb.by/z-nagody-130-goddzya-z-dnya-naradzhennya-kandrata-krapivy 

 

Прокрутить вверх