27 лістапада да 95-годдзя Уладзіміра Караткевіча Уздзенская цэнтральная раённая бібліятэка правяла біблія-квэст “Уладзімір Караткевіч: асоба і творчасць”. Удзельнікамі сталі вучні 10 класа сярэдняй школы №1 імя А.С.Пушкіна.
Спачатку пазнаёміліся з біяграфіяй пісьменніка праз відэаролік, які падрыхтавалі супрацоўнікі бібліятэкі, а затым сталі працаваць над конкурснымі заданнямі. Для таго, каб дакладна выконваць іх, вучнёўскія каманды карысталіся інфармацыйным полем бібліятэкі: зборамі твораў пісьменніка, літаратурай на выставе “Быў. Ёсць. Буду”, падручнікамі і дапаможнікамі. Дзесьці дапамагала логіка, а калі-нікалі – інтуіцыя.
Гучалі вершы ў выкананні юнакоў і дзяўчат, супрацоўнікаў бібліятэкі, а таксама віртуальнага госця, нашага земляка Валерыя Сікіржыцкага, які даслаў у бібліятэку відэаролік з вершам У.Караткевіча.
На працягу заняткаў усе разам склалі кластэр па жыцці і творчасці Уладзіміра Караткевіча і паразважалі, чаму мы, беларусы, можам лічыць пісьменніка геніем.



