«Я на гэтай зямлі нарадзіўся…» – творчая вечарына і прэзентацыя новых кніг Віктара Сабалеўскага прайшла пад такой назвай 25 красавіка ў Уздзенскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя П. Труса. Імя гэтага чалавека добра вядома на Уздзеншчыне, на Міншчыне. Журналіст, паэт, публіцыст, кіраўнік літаратурнага аб’яднання «Неманец», краязнаўца. Трапна заўважылі выступоўцы: каб дэталёва ведаць чалавека, трэба чытаць яго творы, без гэтага цяжка зразумець пачуцці, якімі прасякнута яго душа.
Вершы, байкі, нарысы, замалёўкі, публіцыстычныя нататкі Віктара Сабалеўскага з задавальненнем слухаюць школьнікі, студэнты, ваеннаслужачыя, людзі сталага ўзросту, з якімі творца сустракаецца, знаёмяцца з яго творамі ў кнігах і перыядычным друку. Лірыка аўтара лёгка кладзецца на музыку, што і пацвердзілі на вечарыне Ала Шыбко і Віталій Мкртчан.
Шчырых слоў прызнання, удзячнасці за задавальненне ад пачутага і ўбачанага было шмат, як і сяброў-аднадумцаў, якія дружна падтрымалі таленавітага чалавека, парадаваліся яго творчым знаходкам.
Святлана Міхайлоўская