У пачатковых класах Суткаўскай базавай школы навагоднія святы пачаліся з 10 снежня пазнавальна-забаўляльнай праграмай “У Новы год – з кнігай”. З захапленнем разглядвалі дзеці незвычайныя кнігі, якія ёсць у нашых бібліятэках: вельмі маленькія і самыя вялікія, з 3D-эфектам і незвычайнай формы, кнігі-пазлы, кнігі-раскладушкі, кнігі, з якімі можна мыцца ў ванне… Але ўсё ж галоўнае ў кнігах не вокладка, а змест. Аказалася, што ўдзельнікі мерапрыемства і са зместам дзіцячых кніг добра знаёмы. Аб гэтым сведчыла віктарына, якую правялі бібліятэкар Слабадской сельскай бібліятэкі Наталля Лабковіч і метадыст раённага Дома культуры Вольга Тоўстая. Вядучыя не паспявалі задаць пытанне, як тут жа амаль хорам гучалі адказы. Навагодні настрой дапамаглі стварыць сурпрызы ад Дзеда Мароза: літаратурныя званочкі з навагоднімі вершамі беларускіх паэтаў і пажаданні ад яго кожнаму з дзяцей. А колькі эмоцый было на імправізаванай дыскатэцы! І хорам, і па аднаму дзеці дзякавалі за цудоўна праведзены час, уручылі гасцям сімвал сваёй школы – кветкі-васількі і прапанавалі нам, дарослым, напісаць пісьмы Дзеду Марозу на спецыяльных яркіх паштоўках, каб і нашы мары здзейсніліся. Вялікі дзякуй усім!