28 верасня супрацоўнікі раённай бібліятэкі прынялі ўдзел у свяце «Вянок сяброўства», якое адбылося ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту пры падтрымцы Пасольства Рэспублікі Малдова. Музей пад адкрытым небам наведалі і прадстаўнікі Уздзенскага раёна: намеснік старшыні райвыканкама А.Жандармава, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі Д.Вінаградаў і Г.Нічыпаровіч, член літаратурнага аб’яднання «Нёманец» Т.Каляда.
Удзельнікаў мерапрыемства чакала святочнае шэсце, канцэртная праграма творчых калектываў малдаўскай дыяспары, прэзентацыя нацыянальнай малдаўскай кухні з майстрам-класам па прыгатаванні страў нацыянальнай кухні, выстаўка-продаж мастацкіх вырабаў з арганізацыяй малдаўскага падворка.
Свае кнігі Віктару Сарачану, старшыні таварыства дружбы Беларусь-Малдова, Надзвычайнаму і Паўнамоцнаму Паслу Рэспублікі Малдова ў Рэспубліцы Беларусь (2017-2021 гг.) падарылі Г.Нічыпаровіч і Д.Вінаградаў.
Пазітыўных эмоцый усім удзельнікам і гасцям свята дадала традыцыйная Уздзенская прышчэпка. Вершы нашых землякоў на рускай і беларускай мовах многія зачытвалі ўслых, адзначаючы іх меладычнасць і вобразнасць.