21 жніўня ва ўтульнай літаратурнай гасцёўні “У Паўлюка”, што ў Уздзенскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя П. Труса, у чарговы раз сабраліся пісьменнікі, члены літаратурнага аб’яднання “Нёманец”, каб падзяліцца апошнімі навінамі, уласнымі дасягненнямі і творчымі планамі.
Амаль кожны выступоўца расказаў пра выдадзеныя ўласныя кнігі ў дзяржаўных выдавецтвах і ў серыі “Бальзам жывых крыніц” пры бібліятэцы, друкаваліся яны ў літаратурных газетах і часопісах, правялі шэраг цікавых сустрэч у працоўных калектывах.
Член Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Дзмітрый Вінаградаў расказаў пра высокую ацэнку яго рамана “В сорок первом, от горя черном” у нашай краіне і за мяжой, пра тое, што стаў лаўрэатам абласнога літаратурнага конкурса сярод ветэранаў. Такога ж поспеху ўдастоена і Галіна Нічыпаровіч, а яшчэ ў адным з апошніх нумароў часопіса “Пралеска” змешчана інтэрв’ю з дзіцячай пісьменніцай, вялікая падборка яе вершаў. Віктар Сабалеўскі выдаў краязнаўчую кнігу “Дом, у якім мы жывём” пра мінулае уздзенскага краю, рыхтуе зборнік гумарэсак, баек, які зацікавіць аматараў сатыры і гумару. Дзецям і дарослым адрасавана кніга Таццяны Гай “Вдохновение”.
Цікавымі творамі таксама падзяліліся члены літаб’яднання Тамара Каляда, Вольга Бокуць-Чабатарова, Ніна Лятун, Алена Дрэка.
Удзельнікам мерапрыемства быў прапанаваны відэаролік на верш Г.Нічыпаровіч “Маёй вёсцы”, створаны супрацоўнікамі адзела абслугоўвання і інфармацыі.