15 жніўня чарговы выезд бібліёбуса да чытачоў Лашанскай зоны супрацоўнікі Уздзенскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя П.Труса вырашылі сумясціць з метадычнай дапамогай мясцовай бібліятэцы. Пакуль Ірына Шэйна і Алена Кучук з бібліятэкарам Ганнай Сташэўскай рэдагавалі фонд, абнаўлялі выставы, абмяркоўвалі планы работы на бліжэйшы час, Аксана Івашкевіч і Вольга Віяленцій праехалі па вёсках Калінінск, Антанова, Гушчына, Даўгінава, Ясень, завіталі да чытачоў, якія па розных прычынах самі ўжо не могуць наведваць стацыянарную бібліятэку.
Кнігі – гэта галоўнае, вядома, але ж і пагутарыць вясковым жыхарам са «свежым» чалавекам цікава. Тэмы для гутарак выбіралі самыя розныя: абмеркавалі, як засцерагчыся ад тэлефонных махляроў, жнівеньскай спёкі і атакі усюдыісных вірусаў, падзяліліся рэцэптамі кансервацыі яблыкаў і груш, пахваліліся вынікамі грыбных паляванняў. З задавальненнем і ўсмешкамі прымалі з рук бібліятэкараў традыцыйную «прышчэпку».