На сцежках светлай вясны… - Дзяржаўная ўстанова культуры

На сцежках светлай вясны…

16 мая ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя П. Труса адбылося літаратурна-музычнае свята “На сцежках светлай вясны…”, прысвечанае 120-годдзю з дня нараджэння Паўлюка Труса. На мерапрыемстве прысутнічала шмат гасцей. Вершаваную пастаноўку пра жыццё Паўлюка Труса на словы Віктара Сабалеўскага паказалі прысутным удзельнікі тэатральнай студыі “Вітамін” Уздзенскай СШ №2 імя К. Крапівы пад кіраўніцтвам Марыны Шыцікавай. Нараджэнне паэта, яго дзяцінства, вучоба ва Уздзе, студэнцкія гады, літаратурная дзейнасць у сталіцы і пахаванне – усе этапы жыцця адлюстраваны ў пастаноўцы.

– Гэта свята не толькі Узды, раёна, але і ўсёй Беларусі, – адзначыў паэт, галоўны рэдактар часопіса “Полымя” Віктар Шніп.  Цёплыя словы пра нашага земляка сказаў старшыня Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Леанід Крыванос. Пражыў паэт мала, адзначыў ён, усяго 25 гадоў, пры жыцці выдаў дзве кніжкі, але на яго творах выхоўвалася не адно пакаленне, яго творчасць – прыклад сучасным літаратарам як трэба пісаць.

Пра тое, што робіцца па захаванню спадчыны паэта ў сталіцы расказалі пісьменніца, даследчыца творчасці П. Труса, ганаровы архівіст Рэспублікі Беларусь Ганна Запартыка, супрацоўніца Нацыянальнай бібліятэкі нашай краіны Юлія Амосава, абласной бібліятэкі імя А. Пушкіна Таццяна Лаўрык, літаратуразнаўца Аксана Данільчык.  Выступіла і кіраўнік раённай бібліятэкі Аксана Драчан. Яна расказала пра новыя здабыткі аб славутым земляку.

У выкананні салісткі раённага Дома культуры Вольгі Тоўстай прагучалі песні.

https://pushkinka.by/%D1%80%D0%B5%D1%81%D1%83%D1%80%D1%81%D1%8B/%D0%BD%D0%BE%D0%B2%D0%BE%D1%81%D1%82%D0%B8/document-77903.html 

 

Прокрутить вверх