- Віртуальны музей Паўлюка Труса
- Дзіцячыя гады
- “І пайшоў я ў свет…”
- І будуць дні ў паходах
- Жыцця маладога дарога
- Новы этап у жыцці — “Маладняк”
- “Маладняк” ці “Узвышша”
- Кумір беларускай моладзі
- На прасторах творчасці
- На сцежках славы
- Ушанаванне памяці
- “Мы прыходзім у свет, каб уславіць яго…”
- Чытацкая вернасць
- Прысвячаюцца Паўлюку Трусу
- “Ой, вёска, вёска пры гасцінцы”
Віртуальны музей Паўлюка Труса
Я пайду сваёй
cцежкай-дарогай.
П.Трус
Аднойчы настаўнік школы, сустрэўшыся з бацькам Паўлюка, так расхваліў яго сына, што той першы раз у жыцці паверыў у практычную вартасць граматы.
Дзед Паўлюка, чалавек непісьменны, лічыў, што ўнучак, любімы Паўлючок, не павінен забіваць сабе галаву такой непатрэбшчынай, як грамата, бо яна, на думку старога, толькі сушыць чалавека. Бацька Паўлюка прытрымліваўся погляду дзеда і казаў: “Яшчэ не было чутно, каб з навукі хто-небудзь з простых людзей зарабляў на хлеб. Не вельмі з тае граматы наясіся хлеба… Не навука, а дужасць і спрыт патрэбны простаму чалавеку”.
“Але мяне цягнула да навукі, — пісаў Паўлюк Трус у сваёй аўтабіяграфіі, — маці была на маім баку. Пасля доўгіх хатніх спрэчак бацька згадзіўся з настойлівым жаласным прыставаннем мацеры і аддаў мяне ў школу”. “Няхай вучыцца, — сказаў бацька Паўлюка настаўніку. Але прабіваць сабе дарогу ў жыцці давядзецца яму сваімі кулакамі. Навука для нас, можна сказаць, адно балаўство”.
Пасля сканчэння сынам вясковай школы бацька адвёз яго ў мястэчка Узда, дзе было народнае вучылішча. Лёгка апранены, не заўсёды сытна накормлены, юнак зімой туліўся ў школьным інтэрнаце, а ў цяплейшую пару хадзіў па навуку штодзень пехатою за сем кіламетраў.

Навучанне ў школе акрыліла юнака. Там знайшліся цікавыя сябры, сярод якіх асабліва блізкімі сталі для яго Пятро Глебка і Алесь Якімовіч. Хлопцы часта сустракаліся і чыталі свае частушкі і вершы. Некаторыя вершы падаваліся для змяшчэння ў насценгазету. Хлопцы думалі: як скончым сямігодку, пададзімся ў Мінск вучыцца на настаўнікаў.
Іх яднала ў дружбе вялікая любоў да мастацкага слова, жаданне самастойна разведаць чароўную сілу яго казачнай прыгажосці. І ён ім першым паказаў свае нясмелыя спробы пяра – вершы, напісаныя пад уплывам творчасці Янкі Купалы і Тараса Шаўчэнкі, Аляксандра Пушкіна і Сяргея Ясеніна.