Віртуальны музей Алеся Махнача
Малады лейтэнант, сімвал веры і вернасці,
Ты сярод першых вайну сустракаў.
Да апошняга быў з абаронцамі крэпасці,
Раненне, палон і канцлагер спазнаў.
В.Сабалеўскі
“Дзясятага чэрвеня нам прысвоілі званні лейтэнантаў і сказалі: ваша дывізія ў Брэсцкай крэпасці з мая 1941 года. І усё. Паехалі. Ехалі мы радасныя… У нас цяпер былі планшэтка, палявая сумка і асабістая зброя — пісталет. І мы, як кажуць, знаходзіліся на сёмым небе ад шчасця, у другое жыццё ўступалі — у камандзірскае. А было мне тады васямнаццаць гадоў”.
За тры дні да вайны Алесь Махнач прыехаў у Брэсцкую крэпасць на месца службы. Маладых камандзіраў прынялі ў штабе палка. Зачыталі загад, які ўсіх здзівіў. Катэгарычна забаранялася страляць па нямецкім самалётах — парушальніках граніцы. Становішча было трывожным. Батальёны па чарзе працавалі на ўмацаванні крэпасці.
“Я застаўся ў тую ноч у казарме, дзе і рота была, і ўзвод мой у гэтай роце. Папрасіў днявальнага, каб даў мне падушку і загадаў пабудзіць у сем гадзін раніцы. Адразу заснуў, малады ж… І мне прысніўся страшэнны сон… Думаю ў сне, калі ж скончыцца гэты сон-прывід? І толькі калі выбуховая хваля шуганула праз расчыненыя наросхрыст дзверы ў казарму і мяне кінула з нараў аб сцяну, я зразумеў, што гэта не сон, а па нашай зямлі ідзе вайна. І першую сваю каманду я падаў адтуль, з-пад нараў, куды не заляталі асколкі. Я стараўся перакрычаць грукат вайны, хаця і не чуў свайго голасу, але я крычаў: “Я — лейтэнант Махнач! Слухай маю каманду! У ружжо!”
23 чэрвеня байцы 455 стралковага палка знайшлі ў сваім распалажэнні ацалеўшы склад баепрыпасаў. Там і здабылі новенькія, яшчэ ў заводскім алеі аўтаматы. Малодшаму лейтэнанту Махначу да гэтага часу не даводзілася карыстацца такой зброяй.
Праз гады Алесь Іванавіч успамінаў:
“Я ляжаў і прастрэльваў новыя ППД, узятыя са склада, калі мне быццам электратокам працяла левую нагу. Па мне працягваў страляць з пісталета баец. Калі ён быў забіты мной, высветлілася, што гэта пераапрануты ў вопратку нашага байца нямецкі унтэрафіцэр”.
Раненне Аляксандра Іванавіча было вельмі цяжкім: куля прайшла ад пяткі да калена і раздрабіла косць. Ён ужо не мог змагацца і яго перанеслі ў скляпенні да параненых. Іх не было ўжо дзе класці, і людзей складалі ў будынку асобнага батальёна сувязі на падлогу на матрацы. На вялікай браме скляпення байцы крэпасці намалявалі вялікі крыж, каб немцы бачылі, што там параненыя. Але дарэмна: аднойчы туды ўварваўся лёгкі нямецкі танк, пратараніў браму, заехаў у памяшканне і пачаў давіць бездапаможных людзей. Алесь Махнач з апошніх сіл здолеў дапаўзці да люка ў падлозе, які вёў у казематы, і проста зваліўся ўніз галавой, уратаваўся.
“Біліся адчайна. Увесь час здавалася, варта пратрымацца гадзіну, ноч, дзень — і падыйдуць нашы, яны недзе блізка. Нехта знайшоў рацыю, батарэі, закінулі антэну на мур, уключылі. У эфіры адны нямецкія перагаворы. З іх даведаліся, што фашысты ўжо пад Мінскам”.
Падчас моцнай атакі 26 чэрвеня на ўчастку 455-га палка было загадана змагацца нават параненым і кантужаным байцам. Цяпер вораг ішоў лавінай. Выпаўз са скляпення ў казарму і лейтэнант Махнач. Першае, што ён убачыў, — кулямёт “Максім” з запраўленай стужкай, а побач забіты баец. Аляксандр Іванавіч адсунуў цела чырвонаармейца і ўзяўся за ручкі кулямёта.
“Вораг вёў на хаду агонь з аўтаматаў, і кулі стракацелі аб шчыт. Мне пабіла рукі і твар пырскамі расплаўленага свінцу. Патроны ўжо амаль скончыліся. Я згубіў прытомнасць, проста праваліўся ў нішто. Нават не ведаю, ці дастраляў да канца тую кулямётную стужку”.
Ачуняў Аляксандр Іванавіч у палоне. Гітлераўцы змясцілі яго ў лагер у Паўднёвым ваенным гарадку ў Брэсце. Лейтэнанту давялося прайсці праз чатыры нацысцкія лагеры аж да вызвалення, якое наступіла ў 1945 годзе.
“…а потым быў канцлагер за Брэстам, гэта ўжо ў Польшчы. З 12 тысяч палонных у ім выжыла каля трохсот. Амаль не давалі есці, толькі хлеба крыху, ваду. Пачаўся тыф…
А потым перавялі нас пад Чэнстохау, гэта філіял Майданэка быў. Везлі ў таварных вагонах, па дарозе расстрэльвалі кожнага дзясятага затое што не спынілі ўцекачоў, якім удалося збегчы па дарозе.
Апошні мой канцлагер быў на мяжы з Галандыяй — “Везуве”.
“Вызвалілі нас з яго канадцы. Ну, тады ўжо падлячылі збольшага, падкармілі, а потым і нашым перадалі. Усе, хто ў палоне быў адразу траплялі пад падазрэнне, іх “СМЕРШ” правяраў. У “Везуве” усе ўліковыя карткі вязняў захаваліся, там і была мая лагерная біяграфія ад самага пачатку: трапіў у палон пасля бою ў непрытомным стане, ніякіх “заслуг” перад лагерным начальствам не маю. Быў там і апошні запіс, што я прызначаны на спаленне ў крэматорыі. Яшчэ б колькі дзён саюзнікі прамарудзілі з наступленнем — і усё…
Вярнулі мне і афіцэрскае званне, і ў камсамоле аднавілі. Да вайсковай службы я болей быў не прыдатны. Вярнуўся дахаты ў роднае Забалацце”.
За мужнасць і гераізм, праяўленыя пры абароне Брэсцкай крэпасці Аляксандр Іванавіч Махнач быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І і ІІ ступені, медалямі.