Чыгрына Галіна - Дзяржаўная ўстанова культуры

Віртуальны музей Алеся Махнача

Галіна Чыгрына, былая настаўніца Сямёнавіцкай сярэдняй школы Уздзенскага раёна:

     – Добры дзень, маладыя людзі. Вы самі да мяне завіталі, ці пад прымусам? – усміхаючыся, запытаў Аляксандр Іванавіч. – Не вельмі запатрабавана сёння беларускае слова (літаратура). Што вы на гэта скажаце?

     Мы моўчкі з засцярогай глядзелі на падцягнута, статнага, даволі яшчэ прывабнага мужчыну.

     — Нам прапанавалі з вамі сустрэцца, – знайшоўся, што адказаць Валодзя Гвоздзеў, стараста групы.

      — Дзякуй за праўду. Рады, што без хлусні. Будзем знаёміцца…

      Але прадоўжыць яму не даў наш куратар Піліпенка М.Ф., які разгублена развёў рукамі і спрабаваў змякчыць абставіны, ліквідаваць канфуз сваіх студэнтаў. А калі Аляксандр Іванавіч даведаўся, што ініцыятарам нашай сустрэчы быў прафесар Абецэдарскі Л., з гонарам зазначыў:

      — Правільны чалавек. Беларусалюб. Сапраўдны сын нашай зямлі.

  А затым з хітрынкай:

      — Як вам з ім? Не моцна муштруе?

   Гэта была спроба наладзіць кантакт, знішчыць бар’ер паміж сабой, вядомым ужо пісьменнікам, і намі, студэнтамі.

    Далей пайшла размова: спакойная, даверлівая, шчырая. Махнач Алесь (так ён сябе называў) аказаўся цікавым субяседнікам. Здзіўляла яго манера гутаркі: то лагодная з жартамі, то сур’ёзная з павучэннямі. З цягам часу я зразумела, што такім чынам ён кантраляваў нашу ўвагу, каб не стаміць размовай, не перагрузіць інфармацыяй, даць магчымасць успрыняць сказанае так, як ён гэтага хацеў. Тонкі псіхолаг!

   Такім, напэўна, і павінен быць сапраўдны пісьменнік, бо напісанае трэба, каб кранала не толькі розум, але і сэрца.

     А тады мы слухалі і лавілі кожнае яго слова:

      — Вы шчаслівыя, вы жывіцё ў іншым свеце: прыгожа апрануты, смачна ясьце, спакойна спіце, шукаеце сябе ў навуцы. У меня было другое юнацтва: басаногае, паўгалоднае, вельмі хацелася вучыцца. Не, я не скарджуся. Наадварот, ганаруся, што я сялянскі сын, умею выконваць любую вясковую работу. Лёс не песціў мяне. Прыходзілася з маленства пасвіць кароў, араць, сеяць, касіць. Нягледзячы на цяжкую працу, люблю вёску. Яна стварае пэўны настрой, пэўным чынам уплывае на характар чалавека, яго паводзіны. У вёсцы не схаваешся ад людзей, як у горадзе, там ты заўсёды навіду і гэта накладвае адбітак на тваё жыццё.

  Расхваляваўся Аляксандр Іванавіч, гаварыў горача, міжволі ўцягваючы нас у кругаверць сваіх думак. Яму імпанаваў такі лад жыцця, вызываў светлыя пачуцці і ён хацеў раздзяліць іх з намі. А на твары – то свет, то цень. У вачах смутак. Раптам настрой мяняецца:

     — Не хачу вяртацца ў мінулае. Сказаць проста, а як гэта зрабіць, – разважаў ён услых. 

    Хвіліну памаўчаў, быццам збіраючыся з думкамі, і загаварыў пра вайну, пра нечаканы, шквальны агонь фашыстаў па крэпасці, пра страшэнны грукат гармат, пра крыкі і стогны параненых байцоў, пра страх перад невядомасцю.

    — Паваяваць добра не паспеў, а жаху і здзекаў нацярпеўся: цяжкія раны, палон, канцэнтрацыйныя лагеры, гады лячэння ў савецкіх шпіталях. Доўга трымала вайна мяне ў сваіх абцугах. Знявечыла не толькі цела, але і душу, – гаварыў так, быццам шукаў у нас падтрымкі, разумення.

     Невясёлыя ўспаміны нагадвалі споведзь чалавека. Ён як бы вывернуў з глыбіні душы ўсё, што цяжарам там ляжала: і горач, і смутак, і боль. Цяжкасці не сагнулі, не зламалі яго. Цвёрды характар. Чалавек – волат. Не падпарадкаваўся абставінам, а ўзяў на сябе адказнасць за сваё жыццё. Перамог пакуты і адчай, і сэрдца – чулае, трапяткое – пацягнулася да людзей. Захацелася падзяліцца перажытым. Так з’явіліся яго шматлікія творы. Жыццё ўступіла ў сваю каляю.

     З цеплынёй і любоўю расказваў аб сваёй роднай вёсцы Забалацце на Уздзеншчыне. Для яго тут усё блізкае, дарагое. Тут вытокі яго лёсу, яго зямны рай. Толькі добрыя словы і ўдзячнасць былі адрасаваны землякам. Вочы зноў заблішчалі, засвяціліся радасцю. Патрыёт! Сціплы, адкрыты, тактоўны: ён прыцягваў да сябе. Было ўражанне, што мы знаёмы даўно, толькі абставіны разлучылі нас. Актуальна гучаць яго настаўленні напрыканцы нашай сустрэчы:

      Любіце наш край, шануйце яго людзей, беражыце сваю спадчыну.

 

 

Проиграть видео
Проиграть видео
Проиграть видео
Проиграть видео
Прокрутить вверх