Віртуальны музей Алеся Махнача
Гадоў дваццаць назад халодным восеньскім ранкам, заходзячы ў бібліятэку, я заўважыла каля вітрыны з краязнаўчымі матэрыяламі сталага чалавека ў даўгаватым цёмным паліто, берэце і з кійком у руцэ. Павітаўшыся, ён схіліўся над вітрынай і стаў далей разглядаць дакументы. Праз некаторы час я ўбачыла гэтага чалавека ў чытальнай зале. Уважлівей прыглядзеўшыся, пазнала: дык гэта ж Алесь Махнач, пісьменнік, франтавік, кажуць, ён нават некалі працаваў у Прысынкаўскай бібліятэцы.
Пераадолеўшы няёмкасць, што адразу не пазнала такого чалавека, пачала з ім гаворку. Ён таксама сарамліва папрасіў прабачэння, што завітаў так рана. Маўляў, ведае, што бібліятэка яшчэ не павінна абслугоўваць чытачоў, аднак, вось так здарылася, што яму спатрэбілася пераглядзець раёнку за мінулыя гады. З першай хвіліны знаёмства я адчула вялікую сціпласць, тактоўнасць, ветлівасць гэтага чалавека, а за гады супрацоўніцтва даведалася і пра іншыя яго чалавечыя якасці: жыццялюбства, дапытлівасць, незвычайнае майстэрства расказчыка і слухача, пачуццё гумару і вялікую, бязмежную любоў да Радзімы.
Бываючы ў родных мясцінах, ён ніколі не абмінаў бібліятэкі – ні нашу раённую, ні сваю Забалацкую. Ён пільна і ўважліва ўнікаў у справы бібліятэк: якія кнігі атрымліваюць, якія выпісваюць газеты і часопісы, хто сёння ідзе ў бібліятэкі, ці ахвотна чытае моладзь, як яна бавіць свой вольны час, наогул, чым жывуць людзі ў глыбінцы.
Асаблівую ж цікавасць у яго выклікала краязнаўства. Знаёмячыся з краязнаўчым фондам цэнтральнай раённай бібліятэкі імя П.Труса, Алесь Махнач часта хваліў нас за тое, што мы не абмяжоўваемся толькі кнігамі ці часопісамі, а ствараем тэматычныя папкі выразак з перыёдыкі, картатэкі. Кожны раз, бываючы ў нас, ён знаёміўся з папаўненнямі картатэкі храналогіі падзей на Уздзеншчыне, на падставе якой выдаецца краязнаўчы каляндар, скрупулёзна вывучаў спецыялізаваны фонд
“Нёманіяна” і сам падарыў не адзін дакумент для яго папаўнення. Шматгадовае плённае супрацоўніцтва з Раісай Фёдараўнай Дубовік, бібліятэкарам-краязнаўцай, паўплывалі на тое, што Алесь Махнач пакінуў у спадчыну Забалацкай сельскай бібліятэцы свае архівы, тое, што іншыя знакамітыя людзі передаюць музеям.
Алесь Махнач быў натхніцелем, нават “хросным бацькам” многіх цікавых краязнаўчых праектаў. Пяць гадоў доўжыўся праект “Уздзеншчына літаратурная”, у выніку якога быў сабраны багаты матэрыял пра пісьменнікаў-землякоў, адкрыты невядомыя імёны “маладнякоўцаў” Паўла Германа з Забалацця і Аляксандра Карачуна з Кухціч, праведзены шэраг літаратурных сустрэч і свят. Гэта дзякуючы Алесю Іванавічу мы пачалі збіраць матэрыялы і ствараць летапісы вёсак.
Можна сказаць, што справай усяго жыцця А.Махнача быў Нёман, наша славутая рака. Ёй пісьменік прысвяціў шэраг публікацый, знайшоў зацікаўленых людзей, каб стварыць дакументальны фільм пра гэтыя мясціны, прымаў самы актыўны ўдзел у міжраённай навукова-практычнай канферэнцыі “Рака Нёман: гісторыя і сучаснасць”, якая прайшла ў 1995– 1996 гг. па Уздзенскім, Капыльскім, Стаўбцоўскім раёнах.
Алес Іванавіч пайшоў з жыцця, але ў вёсцы яго добра памятаюць, у вёсцы, для якой ён быў і застаецца Ганаровым грамадзянінам, адкуль ён пайшоў у вялікі свет і дзе знайшоў свой апошні прытулак на вясковых могілках побач з не так даўно адбудаванай царквой. Дарэчы, на святкаванні свайго 75-годдзя, ён, атрымаўшы ад райвыканкама прэмію за вялікі ўклад у развіццё краязнаўства раёна, усю аддаў яе на адраджэнне царквы.
Вельмі хочацца спадзявацца, што творчасць А.Махнача, яго добрыя справы застануцца ў памяці людской, пра яго будуць успамінаць не толькі пад час юбілеяў.