Віртуальны музей Алеся Махнача
У 1954 годзе Брэсцкай крэпасцю і яе абаронай зацікавіўся пісьменнік і публіцыст Сяргей Смірноў.
Яму стала зразумела: перад ім цэлы пласт ваеннай гісторыі, найбольш драматычныя старонкі Вялікай Айчыннай вайны. 10 гадоў С. Смірноў працягваў захапіўшыя яго пошукі. З-пад яго пяра з 1955 па 1960 год выйшлі некалькі кніг, артыкулы, апавяданні аб подзвігу абаронцаў Брэсцкай крэпасці.
З небыцця пісьменнік вярнуў шмат імёнаў абаронцаў цытадэлі. Адно з іх – Аляксандра Іванавіча Махнача. Яго імя ў першыню загучала са старонак кнігі Сяргея Смірнова “Брестская крепость”.
Не дзіўна, што тэматыка-жанравыя прыярытэты пісьменніка-франтавіка цесна звязаліся з падзеямі перажытай вайны. Наколькі значнай для творцы была гэтая тэма, сведчыць яго пісьменніцкая ўвага да ваенных падзей. Творы гэтыя ствараліся не адзін год, і прайшлі некалькі этапаў удасканалення.
Усё часцей і часцей памяць вяртала Алеся Махнача ў Брэсцкую крэпасць. Успаміналася апаленая вайной маладосць. Да яго прыязджалі абаронцы, успаміналі мінулае. І сам Алесь Іванавіч, адчуваючы патрэбу расказаць пра перажытае, працаваў днём і ноччу.
“Дзеці крэпасці” — дакументальная аповесць. Яе героі — дзеці Брэсцкай крэпасці — Пеця Клыпа, Коля Новікаў, Пеця Кацельнікаў, Валодзя Казьмін, Валя Зенкіна, Нюра Кіжаватава — стаялі насмерць побач з савецкімі воінамі і камандзірамі ў цяжкія дні абароны.
Кніга разышлася за лічаныя дні.
Гераічную драму “Маленькія салдаты” Алесь Махнач таксама прысвяціў баявым сябрам і юным абаронцам Брэсцкай крэпасці. На старонках п’есы ён расказаў аб мужнасці і гераізме дзяцей савецкіх камандзіраў і выхаванцаў палка.
На адным дыханні напісаў ён ці не сваю лепшую п’есу “Гаўрошы Брэсцкай крэпасці”.
П’есу ў Беларусі ўпершыню паставіў Гомельскі абласны драматычны тэатр. Колькі гадоў гэта гераічная драма не сыходзіла з падмосткаў Львоўскага абласнога тэатра. І навогул, больш за дзесяць тэатраў Украіны далі другое жыццё “Гаўрошам Брэсцкай крэпасці”.
Дакументальная аповесць “Камандзір Усходняга форта” прысвечана Герою Савецкага Саюза Пятру Міхайлавічу Гаўрылаву, які месяц кіраваў абаронай Усходняга форта.
Нацысты ўзялі Смаленск, ішлі на Маскву, а Брэсцкая крэпасць не здавалася… Сустрэчы, гутаркі, успаміны ўдзельнікаў абароны цытадэлі леглі ў аснову кнігі.
Ваеннай тэматыцы належыць і зборнік п’ес для дзяцей “Шпачок”, выдадзенны ў 1963 годзе. У ім адлюстравана героіка Вялікай Айчыннай вайны, а добрае веданне тых жудасных падзей дапамаглі аўтару стварыць вобразы юных герояў.
За дакументальныя аповесці “Дзеці крэпасці”(1974), “Камандзір усходняга форта” (1991) А. Махнач быў узнагароджаны Міжнароднай асацыяцыяй пісьменнікаў баталістаў і марыністаў дыпломам і медалём К. Сіманава. Гэтыя творы маюць строгую дакументальную аснову, у іх аўтар выявіў сябе выдатным даследчыкам.
Алесь Махнач таксама з’яўляўся адным са складальнікаў і членаў рэдкалегіі зборніка ўспамінаў абаронцаў Брэсцкай крэпасці.