Новы этап у жыцці - “Маладняк” - Дзяржаўная ўстанова культуры

Віртуальны музей Паўлюка Труса

     Пісанне вершаў для Паўлюка Труса стала вялікай слаўнай жыццёвай мэтай. Творы Пятра Глебкі, Максіма Лужаніна, Сяргея Дарожнага, Паўлюка Труса пачалі ўсё часцей друкавацца ў часопісах “Маладняк” і “Малады араты”, у газетах “Беларуская вёска”, “Чырвоная змена”.

     А ў 1925 годзе ўсе гэтыя маладыя паэты ўжо былі членамі “Маладняка”. Кожны з іх нібы падкрэсліваў сваю прыналежнасць да маладнякоўскага згуртавання тым, што падпярэзваўся саматканым беларускім паяском. Трошкі пазней гэты паясок з кімаўскім значком на яго левым канцы стаў своеасаблівай эмблемай часопіса “Маладняк”.

Серыя «Кніжніца «Маладняка» (выйшла каля 60 кніг)

        У адным доме з газетай “Чырвоная змена”, на Камсамольскай вуліцы была таксама і рэдакцыя юнацкага часопіса “Малады араты”. Пасля заняткаў у тэхнікуме сюды яны часта забягалі. Але ў рэдакцыі, чамусьці, найбольш ведалі Паўлюка Труса. Ён быў надзвычай просты і ветлівы, здатны на трапныя жарты. Ды і вершы яго былі калі не песенна-лірычныя, дык абавязкова прыпраўленыя едкім гумарам.

Пісьменнікі і паэты Усебеларускага аб’яднання “Маладняк” сярод чырвонаармейцаў падшэфнай часці. У цэнтры другога рада – Паўлюк Трус. 1926 г. (З фондаў БДАМЛМ)

      У пачатку 1927 года Паўлюк Трус наведваў маладнякоўскую паэтычную студыю. Яна збіралася ў будынку прафсаюзаў на пляцу Волі. Раз у тыдзень невялічкі пакой на трэцім паверсе запаўняўся звонкімі юнацкімі галасамі.

     У студыю ўваходзілі Пятро Глебка, Алесь Звонак, Янка Бобрык, Максім Лужанін, Зіна Бандарына, Жэня Пфляўмбаум, Наташа Вішнеўская і іншыя маладыя паэты таго часу. Многія з іх сталі вядомымі пісьменнікамі, займалі досыць вялікія пасады і працавалі ў Акадэміі навук. А тады ўсе былі студэнтамі, і іх літаратурныя спробы здаваліся самай найвышэйшай і высакароднай справай.

        На свеце не было для пачынаючых паэтаў нічога больш важнага і каштоўнага, чым іх скораспелыя вершыкі. Яны жылі імі і дыхалі, а з’яўленне вершаў у друку было найвялікшай урачыстасцю.

         Паўлюк Трус у той час быў адным з прыкметных беларускіх паэтаў сярод студыйцаў. Яго вершы друкаваліся асобным зборнікам і часта з’яўляліся на старонках часопісаў. Паўлюк часта выступаў разам з маладнякоўцамі на літаратурных вечарах.

Супрацоўнікі часопіса "Полымя", сярод якіх Я. Купала, Я. Колас, З. Бядуля, П. Трус, У. Ігнатоўскі і інш. [1926–1927 гг.] Фотарэпрадукцыя. (З фондаў БДАМЛМ)

      … Аднак найбольш цікава было тады, калі студыйцы самі разбіралі сваю творчасць. На чарговых занятках Паўлюк Трус чытаў свае новыя вершы. Перад гэтым было надзвычай шумліва і весела. Актыўнасць была празмерная. Але калі Трус пачынаў чытаць, усе слухалі, не прапускаючы ніводнага слова: 

                                                         За акном над хутарамі ноч…

                                                         І маўчаць за возерам таполі.

                                                         Толькі сэрца сціснецца ад болю,

                                                         Як успомню, што было даўно.

                                                        Будзе песня, казка, а ці сказ?

                                                        Будзе песня, казка, а ці помнік?

                                                        Кожны з нас дні завірухі помніць,

                                                        Як вінтоўку ў роспачы сціскаў.

      Асабліва шмат спрэчак выклікаў верш “На што мне смех”. Выступалі Глебка, Лужанін, Звонак, Бандарына і інш. Яны выказвалі шмат процілеглых думак. Адны залічалі паэта да кола найлепшых паэтаў імажыністаў, другія ставілі яго ў шэрагі прадаўжальнікаў творчасці Тараса Шаўчэнкі і Янкі Купалы і лічылі, што якраз па такім шляху павінна развівацца беларуская паэзія. Праз гады разгубляліся дакладнасці гэтых спрэчак, а верш застаўся і гучыць так:

                                                      Нашто мне смех тваіх вачэй,

                                                      Твайго аблічча каляровасць!..

                                                      Калі душа баліць, яшчэ

                                                      Па той чарнявай, смуглабровай.

                                                      Нашто мне смех тваіх вачэй!..

     Адам Бабарэка, уласцівым яму ціхім, ледзь чутным голасам і разважлівым тонам, супакойваў “гарачую буру пачуццяў”. Паўлюк Трус вельмі спакойна рэагаваў на рэзкія крытычныя заўвагі сяброў, бо сапраўды яны былі дабразычлівымі. Ён сам прызнаў, што дзе-нідзе перахапіў. Занадта вялікі ўплыў зрабілі вершы Сяргея Ясеніна, якога бязмерна любіў Паўлюк Трус.

Паўлюк Трус. На адвароце здымку – дароўны надпіс: «Адаму Бабарэку на добрую памяць ад сябра Усебеларускага аб’яднання паэтаў і пісьменнікаў “Маладняк” П. Труса. Закалосіць свабодным здымам маладога жыцця акіян. 24/Х 25 г.». З архіва Адама Бабарэкі

       У канцы 1927 года, пасля рэарганізацыі “Маладняка”, Паўлюк Трус збліжаецца з групай маладнякоўцаў, якія сталі ініцыятарамі перабудовы арганізацыі ў новых умовах на новы лад. Ён выбіраецца ў ініцыятыўную групу і разам з Рыгорам Мурашкам, Платонам Галавачом склікае надзвычайны з’езд “Маладняка”.

      Паўлюк Трус у сваіх выступленнях у друку і пры сустрэчах трымаўся пэўнай думкі: на базе былой арганізацыі “Маладняка” стварыць масавую літаратурную арганізацыю камсамольскага напрамку. Сумесна з загадчыкам выдавецтва “Чырвоная змена” У.Вержбаловічам Паўлюк Трус упарадкаваў выдавецкія справы часопіса “Маладняк”. Пад яго ўплывам арганізацыя “Пробліск” заявіла аб сваёй самаліквідацыі і цалкам далучылася да абноўленага “Маладняка”. У хуткім часе далучыліся і пісьменнікі арганізацыі “Літаратурная камуна”, у першую чаргу Пятрусь Броўка і Янка Скрыган.

Аўтограф верша ПаўлюкаТруса, закрэслены цэнзарам (фота з архіва БДАМЛМ)
Проиграть видео
Проиграть видео
Проиграть видео
Проиграть видео
Прокрутить вверх