- Віртуальны музей Паўлюка Труса
- Дзіцячыя гады
- “І пайшоў я ў свет…”
- І будуць дні ў паходах
- Жыцця маладога дарога
- Новы этап у жыцці — “Маладняк”
- “Маладняк” ці “Узвышша”
- Кумір беларускай моладзі
- На прасторах творчасці
- На сцежках славы
- Ушанаванне памяці
- “Мы прыходзім у свет, каб уславіць яго…”
- Чытацкая вернасць
- Прысвячаюцца Паўлюку Трусу
- “Ой, вёска, вёска пры гасцінцы”
Віртуальны музей Паўлюка Труса
Гады, гады. Чаму так рана
Вы адцвілі ў красе вясны?
Няўжо затым, што мне на Яна
Перад люстэркамі з туману
Усплывалі вобразы труны?
П.Трус
Пасля здачы экзаменацыйнай сесіі за першы курс летам 1929 года Паўлюк Трус гасціў у Нізку. Дапамагаў бацьку ўправіцца з работаю па гаспадарцы. Але ж мусіў ехаць у Мінск, бо ўжо пачыналіся заняткі ў універсітэце, трэба было падрыхтаваць у друк свой новы зборнік вершаў. Мала пабываў ён у вёсцы. А за той кароткі тэрмін быў з усімі такі ж добры, такі ж ласкавы…
У Мінск вярнуўся ў канцы жніўня, потым адправіўся ў вандроўку. Яшчэ ў дарозе адчуў: штохвілінна мацнеюць сімптомы нейкай хваробы. Хапіла сіл адведаць сяброў, якія адпачывалі ў Ждановічах пад Мінскам: Міколу Хведаровіча, Васіля Шашалевіча, Пятра Глебку.
Адчуўшы нядобрае, Паўлюк пакінуў Ждановічы і пехатою адправіўся ў сталіцу. У бальніцу прыйшоў з высокай тэмпературай. Аповядамі пра сябе нікога не турбаваў, назваўшы прозвішча і імя, прадставіўся студэнтам. У бальнічным калідоры ложак яго стаяў. Там ён і сканаў. Ціхі, нікому не вядомы.
Выратаваць юнака ўрачам не ўдалося, надта позна звярнуўся па дапамогу. Прычынай быў тыфус. Памёр Паўлюк Трус 30 жніўня 1929 года, калі яму было ўсяго дваццаць пяць гадоў.
Тэлеграму родзічам паэта даставіў сакратар камсамольскай ячэйкі. Стары Трус у вёсцы быў пісьменны, умеў чытаць і друкаванае, і рукапіснае.
“Паўлюк… памёр…брушнога тыфусу…безадкладна прыязджайце…пахаванне панядзелак другога верасня”, — слова на слова прачытаў ён і ўжо нічога не бачыў ад раптоўнага туману ў вачах.
Бывае ў жыцці такі момант. Ён выпякае ў сэрцы след на ўсё жыццё. Марылька, сястра паэта, трасучыся ад глухой роспачы, ціха загаласіла:
— А мой жа ты бра-ту-у-улечка!
— Ах ты, Паўлючок, ты мой Паўлючок! Выдыхнуў з грудзей цяжар паветра стары бацька. Невымоўная смяротная туга сціснула яму сэрца.
ПАХАВАННЕ
Яшчэ ніколі не бачыў Беларускі Дом пісьменніка гэтулькі гасцей. Засмучона шапталіся мужчыны і хлопцы. Плакалі жанчыны і дзяўчаткі. Неслі вянкі з красак амаль што восеньскіх, каб уквеціць дарогу Паўлюку. Уквеціць вечны шлях.
Труны не адчынялі, ніхто твару яго ў апошні раз не ўбачыў.
“Столькі было ў гэтым чалавеку жыцця і сілы, што вестка аб смерці яго здавалася неверагоднай. Толькі ўбачыўшы партрэт нябожчыка ў жалобных стужках, а на вайсковых могілках курганок, засыпаны асеннімі астрамі, кветкамі – я паверыў”, — успамінаў М. Лужанін.
“Ну, спі спакойна! Ты ўжо нічога не чуеш.
Без пары ты адышоў.
Хто б мог падумаць, хто?
Смерцю сваёй сезон адчыніў.
Няўжо мёртвы будзе сезон?
Ну, нічога, Паўлюк!
Нічога! Нічога!
Жыццё складаецца з нарадзін і смерці.
Ты ўжо ўсё прайшоў.
Канец” –
з успамінаў М. Гарэцкага. (1929 г.)
Яго смерць на кароткае імгненне з’яднала ўсіх, хто ішоў з ім побач у літаратуры. Хаваў яго літаральна ўвесь Мінск. У ганаровай вахце стаялі Я.Купала, Я.Колас, З.Бядуля, К.Крапіва, М.Чарот, М.Лужанін, А.Якімовіч, М.Гарэцкі, прадстаўнікі ЦК КП(б)Б.
На смерць паэта адгукнуліся вершамі, допісамі, тэлеграмамі многія-многія людзі, у тым ліку П.Глебка, М.Гарэцкі, М.Хведаровіч, А.Звонак, М.Лужанін, А.Русак.