- Віртуальны музей Паўлюка Труса
- Дзіцячыя гады
- “І пайшоў я ў свет…”
- І будуць дні ў паходах
- Жыцця маладога дарога
- Новы этап у жыцці — “Маладняк”
- “Маладняк” ці “Узвышша”
- Кумір беларускай моладзі
- На прасторах творчасці
- На сцежках славы
- Ушанаванне памяці
- “Мы прыходзім у свет, каб уславіць яго…”
- Чытацкая вернасць
- Прысвячаюцца Паўлюку Трусу
- “Ой, вёска, вёска пры гасцінцы”
Віртуальны музей Паўлюка Труса
Лірыка Паўлюка Труса – гэта як бярозавік.
Ён хмельны сваёй веснавой маладосцю,
ён так і не паспеў выбрадзіцца…
Паэзія Паўлюка Труса – чыстая, як крынічны струмень, і шчырая, як народная песня, — стала ўзорам “пачуццёвай лірыкі” у беларускай літаратуры. Настальгія паэта па родных Нізоўскіх ваколіцах, святая вера маладосці ў жыццё, каханыя вобразы беларускіх прыгажунь прарасталі ў ёй шчодрай нівай дзівосных радкоў.
ЛІРНІК ВЯСКОВЫ
У яго творах заўсёды жыла вёска. Чыстая рамантызацыя яе чароўных краявідаў, народнай песні, сялянскай працы, выкліканая настальгічнымі пачуццямі юнака, была характэрная асабліва ў першую пару творчай дарогі паэта.
Закудравіў час асенні;
З поля звезены снапы.
І чуваць на прыгуменнях, —
Смела гопаюць цапы.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
А ўдалі кужэльнай вёскі,
Над прасторамі палёў,
Льюцца песні адгалоскі,
Вырываюцца з грудзёў.
(“Асенняя праца”, 1924 г.)
З асаблівым замілаваннем ажываюць у вершах паэта малюнкі вясковай працы – ворыва, касавіцы, жніва.
Люблю жніво!..
Прастор шырокі,
Дзе ў межах
Шэпчуць каласы…
Дзе спевы коцяцца далёка
На ўзмор’і гордае красы!…
(“Жніво”, 1926 г.)
А такія радкі сведчаць не толькі пра тонкі паэтычны зрок, але і бездакорны слых:
Выйду ў поле…
Дзень асенні…
Павуціння тонкі пыл…
Чую –
Там на прыгуменні,
Адзываюцца цапы.
(“Выйду ў поле”, 1925 г.)
Моцна ўражваюць цымбалы яго паэзіі. Прырода разам з песняй назаўсёды ўвайшла ў творы паэта, прыдала ім асобы каларыт

П.Трус пакінуў вёску лапцюжную, бедную, з горкім потам знясільваючай працы. Ён жадаў ёй лепшай долі, а таму шукаў прычыны яе гаротнага стану. На гэтыя прычыны “указала” партыйная ідэалогія, і ён, з верай у хуткае збаўленне вёскі ад невуцтва і цемнаты, рынуўся ў барацьбу за новы лад. Чыстая рамантыка адступае на другі план, і ў яго творчасці вяршэнства бярэ агітацыйны верш, не пазбаўлены пры гэтым тонкага лірызму ў паданні вясковых карцінак.
Не званіце так таемна
Вы, разбітыя званы,
Бо вы звоніце дарэмна
Над прасторамі вясны.
Годзе, годзе – кажуць людзі –
Строіць кпіны з мужыкоў.
Далей гэтага не будзе, —
Нам не трэба ўжо папоў.
(“На ўсяночнай”, 1924 г.)
Не верце злым духам
І бабам шаптухам,
Царкоўным законам,
У жыцці забабонам.
(“Мінулася кату масленіца”, 1924 г.)
Так нараджаецца цэлы пласт падобнай творчасці П.Труса ў 1924-1925 гг.: “Як чытаюць “Беларускую вёску”, “К кулаку мне йсці нягожа – мне страхоўка дапаможа”, “Камітэты дапамогі ставяць беднага на ногі”, “На ўсяночнай”, “Лячыся ў доктара, а не ў шаптухі” і інш. П.Трус пачынае захапляцца рэвалюцыйнай стыхіяй.
Твар не хаваю ад ветра,
Хай расцалуе буяны…
Веру, пальне над сусветам
Бура на змроку ці рана.
(Пасля буры”, 1925 г.)
У яго вершах з’яўляюцца воразы-сімвалы, якія прынёс у яго творчасць час вялікіх надзей: бунтарскія хвалі, бурны акіян, вольная плынь, мяцежная завіруха.
Чую песні стыхіі-разводдзя,
Не стрымаць твае вольнае плыні!
Упусціла старое паводдзе,
Калі вір маладога нахлынуў.
(“То не гул завірухі мяцежнай”, 1925 г.)
Паступова ад замілаванасці вёскай, ад перажыванняў за бядотны стан сваёй малой радзімы, паэт пераходзіць да асэнсавання нацыянальнага, да высокіх пачуццяў сына Беларускай зямлі. Яго паэзія 1926-1927 гадоў ёсць пачатак гэтага асэнсавання.
Тыя сцежкі,
Што ў заўтра вядуць, —
Тыя сцежкі аднолькавы, мусіць?
Здзейсніць мэту
І золата дум
Падарыць на карысць Беларусі.
(“Брату”. 1926 г.)
ЖЫЦЦЁ Ў ПЕСНІ, АД КАЛЫСКІ
Песня неадступна ішла ў нагу з Паўлюком Трусам. “Ці то на полі, ці ў лесе, ці за працай дома я заўсёды спяваў, голас песні гучаў у маім сэрцы” аб гэтым паэт красамоўна сказаў у адным са сваіх вершаў.
Жыццё ў песні
ад калыскі.
Пакуль гараць у вачах агні,
пяеш аб родным,
сэрцу блізкім,
а сэрца звон
звініць, звініць…
У лузе вербалозы
Пахіліў мароз, —
Ды не плачце ж, вочы,
У радасці без слёз!
(“Ці ж мне сёння плакаць?…)
Часам асобныя творы паэта нібыта цалкам крынічаць з песні (“Ой, у полі тры таполі…”, “Цячэ рэчка з-пад явару…”, “Ой, вярбіна зялёная…”).