Прастора творчасці літаб’яднання “Нёманец”
Маляўнічы куток Беларусі…
Тут усё ў непаўторнай красе:
Ціхахвальная рэчка Вуса
Бацьку-Нёману воды нясе…
П. Махнач
Уздзеншчына – калыска для многіх песняроў, майстроў мастацкай прозы і паэтычнага радка. Адсюль, дзе бярэ свой пачатак адна з прыгажэйшых беларускіх рэчак – Нёман, выйшлі ў вялікую літаратуру, праславілі затым родны край сваёй творчасцю прызнаныя сёння паэты і пісьменнікі. Багатую спадчыну землякоў-класікаў, што нарадзіліся на зямлі ўздзенскай, перанялі і з гонарам працягваюць сённяшнія творцы, удзельнікі літаратурнага аб’яднання “Нёманец”. Гэта людзі з розным жыццёвым і літаратурным вопытам, сталыя і маладыя, што толькі яшчэ пачынаюць літаратурную справу, і, можна спадзявацца, дастойна прадоўжаць літаратурныя традыцыі.
З 1995 года творчая суполка створана на базе цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Паўлюка Труса і аб’ядноўвае мясцовых аматараў літаратуры, якія працуюць у розных жанрах. “Нёманец” ставіць сваёй мэтай вывучэнне і прапаганду літаратурнай спадчыны Уздзеншчыны, развіццё літаратурных традыцый, падтрымку пачынаючых мясцовых пісьменнікаў і паэтаў. Як магутная плынь, “Нёманец” пашырае сабе дарогу далучэннем да мастацкага слова новых аўтараў. На сённяшні дзень удзельнікамі з’яўляюцца звыш 20 пісьменнікаў і паэтаў, сярод іх сябры Саюза пісьменнікаў Беларусі: Дзмітрый Вінаградаў, Віктар Сабалеўскі, Галіна Нічыпаровіч, Зоя Калкоўская, Валянціна Шытыка, Таццяна Цехнябедзіна.
Мясцовыя пісьменнікі неаднаразова станавіліся пераможцамі і лаўрэатамі многіх міжнародных, рэспубліканскіх, абласных і раённых творчых конкурсаў, яны ўдзельнічаюць у літаратурных святах, арганізоўваюць сустрэчы з вучнямі, ладзяць прэзентацыі новых кніг. Творы мясцовых аўтараў друкуюцца на старонках газет “Чырвоная зорка”, “Літаратура і мастацтва”, “Сельская газета”, “Звязда”, часопісаў “Вожык”, “Полымя”, “Маладосць”, “Алеся”, “Гаспадыня” і іншых.
Уздзенская цэнтральная раённая бібліятэка імя П. Труса ў серыі “Бальзам жывых крыніц” выдае з 2004 года зборнікі аўтараў, удзельнікаў літаб’яднання. Пабачылі свет зборнікі паэзіі Дзмітрыя Вінаградава, Галіны Нічыпаровіч, Алы Шыбко, Тамары Каляды, Вольгі Бокуць-Чабатаровай, Ліаны Тападзэ, Алесі Зінічэнка, Наталлі Вайцяховіч, Вольгі Кандрацьевай, Таццяны Цехнябедзінай і інш. Члены клуба “Нёманец” з’яўляюцца ўдзельнікамі народнага клуба самадзейных кампазітараў і паэтаў “Жывіца”.
Гімн аб’яднання
Звіні, наднёманская ліра,
У сэрцы радасць абуджай!
Красу жыцця, руплівасць хлебароба,
Дзіцячых крокаў першых спробу
І родны край свой праслаўляй.
Звіні, наднёманская ліра!
Струменьчыкам вады жывой
Хай слова кожнае пральецца
І песняй жаўруковай узаўецца
Над нашай дзіўнаю зямлёй.
Звіні, наднёманская ліра!
Мужней, на крылах мары ўзлятай.
Як споведзь дзён даўно мінулых,
Як запавет нашчадкам нашым –
Звіні, ніколі не змаўкай!
Клаўдзія Рогава