Віртуальны музей Алеся Махнача
Карта-схема «Забалацце і яго наваколле»
(першая палова 30-х гадоў ХХ стагоддзя)
склаў па ўспамінах дзіцячых гадоў Алесь Махнач
Алесь Махнач вядомы як краязнавец. Ужо жывучы ў Мінску, ён не губляў сувязей з роднай вёскай, шукаў свае карані. Найбольш значнай працай аўтара з’явіліся нарысы “Мой Нёман”, “Цячэ рэчка”, “Ля родных крыніц”. Твор “Мой Нёман” быў пазней дапоўнены і надрукаваны ў часопісе “Нёман”, а пасля ўвайшоў у беларуска-літоўскі зборнік “Наш Нёман”. Гэта нарыс пра наш славуты Нёман, яго вытокі, людзей, якія знайшлі прытулак на яго берагах, і наогул, пра бацькаўшчыну.
Ён заставаўся ўсё жыццё бясконца ўлюбёным у сваю родную Уздзеншчыну. Яго заўсёды прыцягвалі мужныя, таленавітыя і працавітыя землякі. Пра іх надрукаваны шматлікія нарысы і артыкулы ў часопісах, зборніках, газетах у тым ліку і на старонках раёнкі “Чырвоная зорка”.
У апошнія гады жыцця Алесь Махнач рупліва збіраў звесткі пра свой родны край, Уздзеншчыну. Гэты час прайшоў у нястомнай працы ў архівах і бібліятэках. Пісьменнікам былі сабраны і запісаны каштоўныя звесткі пра сваіх продкаў і землякоў.
У 1998 годзе ў серыі “Ведаць свой край Беларусь” выйшаў яго краязнаўчы зборнік нарысаў “Нізок” пра вядомых людзей, якія нарадзіліся ў гэтай вёсцы.
Не забываў пісьменнік і пра родную вёску Забалацце. У архівах А. Махначом сабраны звесткі аб гісторыі вёскі. Яго цікавіла ўсё, што тычылася мінулага малой радзімы.
Праз тры гады пасля смерці пісьменніка-краязнаўцы паводле апошніх матэрыялаў выйшла чарговая кніжка з серыі “Ведаць свой край Беларусь” — пра вёску Забалацце і яе людзей.
Толькі дзякуючы працам краязнаўцы можна і сёння атрымаць уяўленне пра той Нёманец, на берагах якога месціцца вёска Забалацце, адчуць прыгажосць родных пісьменніку Наднёманскіх мясцін.
Даследчык прасачыў гісторыю старажытнага сялянскага роду Махначоў, назваў усіх выдатных людзей вёскі.
Калі А. Махнач працаваў загадчыкам Прысынкаўскай сельскай бібліятэкі (1947-1953), запісаў у роднай вёсцы і навакольных каля трох тысяч прыказак і прымавак. Звыш 350 з іх увайшло ў акадэмічны двухтомнік “Прыказкі і прымаўкі”, а таксама ў зборнік “Вытокі”.
Надрукаваў нарыс пра сваіх землякоў у часопісе “Маладосць” — “Кароўка”, “Кураняткі” і “Песня пра Сталіна”, а таксама ў “Чырвонай зорцы” за 1998 год — “Самародны талент”, пра самадзейнага кампазітара Паўла Шыдлоўскага.
Пра паэта-маладнякоўца В. Казлоўскага ў 1994 годзе ў ЛіМе быў надрукаваны нарыс пад назвай “Расстраляных дум закілзаныя коні”.
У 1999 годзе таксама ў ЛіМе пабачыў свет краязнаўчы нарыс “Забалацкі дзед Янкі Купалы”.
У тым жа годзе ў “Чырвонай зорцы” было змешчана гістарычнае даследванне “Інвентар маёнтка расказвае…”