Віртуальны музей Алеся Махнача
Многія гады мяне, непрафесіянала ў літаратуры, звязвала з Алесем Іванавічам Махначом, падрыхтаваным і вытанчаным літаратарам, добрае ціхае зямляцкае сяброўства. Праз яго я займеў цудоўную магчымасць вучыцца, спасцігаць таямніцы творчага працэсу.
Алесь Іванавіч быў чалавек адкрыты, шчыры, не прыхоўваў сакрэты свайго майстэрства. Неаднаразова перадаваў мне ўнікальныя гістарычныя архіўныя знаходкі, літаратурныя матэрыялы. Дзяліўся новымі ідэямі і накірункамі пошукаў. Праз Алеся Іванавіча я далучыўся да жыцця і творчасці выдатнай гістарычнай асобы – літаратара, журналіста, выдаўца, нашага земляка – Фадзея Булгарына.
За некалькі дзён да смерці Алеся Іванавіча ў нас адбылася чарговая сустрэча з тых, якія мы ладзілі рэгулярна, як правіла, “на паўдарозе”. Я прыйшоў на станцыю метро “Усход”, але не адразу змог знайсці Алеся Іванавіча, чалавека акуратнага і адказнага, у навакольным тлуме. Мы сядзелі на адной лаве, толькі па розныя бакі. Паміж намі была масіўная тумба. Нешта было ў тым знакавае…
На прыканцы размовы Алесь Івановіч вярнуўся да сваёй турботы апошняга часу – рукапісу пра гісторыю роднай вёскі Забалацце. Пытаўся: ці будзе карэктна пералічваць паасобна тытулы вядомых забалацкіх Махначоў, калі амаль што не ў кожнага з іх было гэтых тытулаў некалькі? Ці не будзе гэта захвальваннем прадстаўнікоў яго роду? Я, як мог, супакойваў яго.
У гэты раз расставанне было прасякнута нейкім непадуладным нам засмучэннем. Аддзелены шклом вагона, я ўзіраўся на адзінокую фігуру дарагога мне, стомленага гадамі і вапрабаваннямі, чалавека, які, абапіраючыся на кіёк, паспешліва шпацыраваў на выхад.
Прайшоўшы праз выпрабаванні, Алесь Іванавіч змог захаваць свой звычайны, светлы, шчыры і адкрыты характар, уласцівы толькі яму. Ён сам, скалечаны вайной, меў патрэбу ў дапамозе. Але ўсё жыццё спяшаўся з ёю да іншых. Падтрымліваў моладзь, пачынаючых паэтаў і пісьменнікаў, уздзенскае творчае аб’яднанне “Неманец”.
Паважаў Алесь Іванавіч сельскую творчую інтэлігенцыю, у першую чаргу настаўнікаў, супрацоўнікаў Дамоў культуры, сельскіх бібліятэк. Неаднойчы запрашаў на вельмі цікавыя і павучальныя сустрэчы з імі і мяне. Гэта было самае жаданае для яго асяроддзе, бо з яго выйшаў і сам ён. Таму і званне Заслужанага работніка культуры рэспублікі было дадзена яму зусім невыпадкова.
На збегу дзён сваіх Алесь Іванавіч аддаваў сябе краязнаўству. Такога руплівага і кваліфікаванага архівіста як Алесь Махнач цяжка было і ўявіць. Матэрыялы быццам бы ішлі да яго самі. Ад званка да званка архіўнай установы ён, не адрываючыся і не разгінаючыся, занатоўваў сваім акуратным почыркам звесткі пра сваіх продкаў і землякоў са старадаўніх “рэвізскіх казак”, з маёнткавых інвентароў і інш.
Хто працягне яго агульнакарысную справу, хто закончыць распачатыя ім распрацоўкі, хто падхопіць накірункі пошукаў і ідэі, – цяжка сказаць…
Алесь Іванавіч заставаўся ўсё жыццё бясконца ўлюбёным у сваю родную Уздзеншчыну. Яго заўсёды прыцягвалі мужныя, таленавітыя і працавітыя землякі. Пра іх надрукаваны шматлікія нарысы і артыкулы ў часопісах, зборніках, газетах, у тым ліку і на старонках раёнкі “Чырвоная Зорка”, да якой ён ставіўся заўсёды з выключнай цеплынёй і павагай.
Для ўсіх нас Алесь Іванавіч доўгія гады быў у поўным сэнсе слова старэйшынам. Не займаючы ніякіх афіцыйных пасад, ён заслужана карыстаўся правам апошняга голасу пры вырашэнні штодзённых раённых спраў.
Мы любілі Алеся Іванавіча за яго шчырасць, прыязнасць, адкрытасць.