- Віртуальны музей Паўлюка Труса
- Дзіцячыя гады
- “І пайшоў я ў свет…”
- І будуць дні ў паходах
- Жыцця маладога дарога
- Новы этап у жыцці — “Маладняк”
- “Маладняк” ці “Узвышша”
- Кумір беларускай моладзі
- На прасторах творчасці
- На сцежках славы
- Ушанаванне памяці
- “Мы прыходзім у свет, каб уславіць яго…”
- Чытацкая вернасць
- Прысвячаюцца Паўлюку Трусу
- “Ой, вёска, вёска пры гасцінцы”
Віртуальны музей Паўлюка Труса
Паўлюк здолеў сваёй шчырай
багатай творчасцю
заўладаць чытачом і слухачом.
А.Якімовіч
Якой жа асобай ён быў, малады таленавіты беларускі паэт? Убачыць Паўлюка Труса нам дапамогуць некаторыя ўспаміны яго сяброў, знаёмых, паплечнікаў: Міколы Хведаровіча, Пятра Глебкі, Максіма Лужаніна, Анатоля Астрэйкі.
Сваёй усебаковай адоранасцю Паўлюк прыцягваў да сябе многіх сяброў-аднавяскоўцаў. Яшчэ да з’яўлення камсамольскай ячэйкі ў вёсцы склалася суполка творчай моладзі, душой і лідэрам якой быў Паўлюк. І пазней, калі вучыўся ў Белпедтэхнікуме і прыязджаў дадому, моладзь з нецярпеннем чакала яго. Бо кожнае новае з’яўленне Паўлюка ў вёсцы ператваралася ў ціхае, але запамінальнае свята, у якім былі і аповеды пра мінскае жыццё, і першае агучванне новых вершаў, і парады, што і як рабіць каб жыць лепш і цікавей.
Сапраўдны талент – заўсёды талент арыгінальны. З якім захапленнем у другой палове 20-х гадоў сустракалі яго вершы шматлікія чытачы, як апладзіравала яму моладзь на літаратурных вечарынах!
Паўлюк любіў жыццё, любіў людзей, сыходзіўся з імі вельмі лёгка і шчыра. Ён лічыўся кумірам у моладзі, пачынаючыя літаратары хадзілі па пятах паэта, баючыся загаварыць. Паўлюк Трус чытаў свае вершы, умеў зачараваць прысутных, валодаў майстэрствам артыста-чытальніка. Моладзь зачытвалася вершамі Паўлюка: іх дэкламавалі ў агульным студэнцкім памяшканні, пераймалі яго манеру пісьма.
Кожную суботу ў Белпедтэхнікуме па ўспамінах студэнтаў, наладжваліся вечары паэзіі і зала ледзь умяшчала сваіх і “чужых” студэнтаў, што збіраліся ці не са ўсяго Мінска. І найбольшыя воплескі тут заўсёды меў ён – Паўлюк, круглатвары юнак з кучараваю каштанавай чупрынаю. Голас у Паўлюка быў звонкі, ад яго веяла нейкім вясеннім водарам, вішнёвым белым садам. Чытаў ён амаль усё па памяці, чым здзіўляў сваіх слухачоў. Паслухаць выступленні Паўлюка Труса прыходзілі студэнты рабфака і педфака ўніверсітэта. Праз некаторы час тэхнікумаўскія літаратурныя вечары з удзелам П.Труса пачалі наведваць пісьменнікі і паэты.
Ён быў надзвычай просты і ветлівы, здатны на трапныя жарты. Запомніўся ён сябрам і сучаснікам у скураной тужурцы, вышыванай сарочцы, падпярэзанай саматканым поясам з тоўстымі кутасамі.
Вочы Паўлюка Труса свяціліся прыязнасцю, нават на рэзкія крытычныя заўвагі сяброў ён рэагаваў спакойна і разважліва. Сучаснікі адзначалі поўную адпаведнасць яго шчырай непасрэднасці як паэта і як чалавека.
Сябар П.Труса Пятро Глебка успамінаў: “Ніколі не бачыў я яго ў роспачы, або ў глыбокім засмучэнні. Ён заўсёды быў вясёлы, напаседлівы і рухавы. Сярод нашых равеснікаў ніхто не ўмеў так непасрэдна, залівіста, аж да слёз смяяцца, як смяяўся Паўлюк Трус“.
Уменне знайсці выхад з цяжкага становішча, вострае слова, высокі палёт думкі — вось якасці Паўлюка Труса. З ім заўсёды было весела. Жыццярадасным, сяброўскім таварышам памятаюць яго сучаснікі.
Аб весялосці, раскацістым смехе, аб гумары (часам па-сялянскі грубаватым) гэтага каржакаватага, плячыстага хлопца – ведаюць усе, хто з ім сустракаўся.
Ён заўсёды быў добрым актывістам. Ніводная газета педтэхнікума не выходзіла без яго удзелу.
У 1928 годзе ўлетку, Пятро Глебка і Паўлюк Трус прайшлі пешшу ўсю Слуцкую і Мінскую акругу. У кожнай вёсцы, дзе яны спыняліся, вечарам Паўлюк Трус збіраў моладзь, чытаў свае апавяданні, вершы, танцаваў, спяваў – наўвогул, быў сваім хлопцам.
Паўлюк Трус любіў усе віды мастацтва, прымаў узел у пастаноўках на самадзейнай сцэне, спяваў у хоры. Душа яго была раскрыта насцеж усяму прыгожаму. Вяршыняй гэтага хараства была народная песня. Ён любіў яе ўсім сэрцам і спяваў заўсёды з натхненнем і асалодай. Адгэтуль, ад роднай песні, ад народнага жарту, ад шчырага і вясёлага сэрца паэта і ішлі пачаткі яго творчасці.