Карлюкевіч Алесь - Дзяржаўная ўстанова культуры

Віртуальны музей Алеся Махнача

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ, беларускі краязнаўца, літаратуразнаўца, журналіст, дзяржаўны дзеяч:

     — Першая мая сустрэча з Алесем Махначом адбылася, калі яшчэ вучыўся ў Пухавіцкай дзесяцігодцы. Гэта было да 1981 года. Сустрэча праходзіла ў кабінеце фізікі. Прызнацца, зусім не памятаю, пра што расказвалі Захар Бірыла, Станіслаў Шушкевіч, Алесь Махнач. Мне вельмі хацелася ўзяць аўтограф у гэтых пісьменнікаў, творы якіх, зразумела, чытаў. 

     Але з сабою кнігі нікога з іх у мяне не было. Крыху засумняваўшыся, я папрасіў, каб пісьменнікі распісаліся на зборніку “Універсітэт паэтычны” (гэта — зборнік вершаў выпускнікоў Белдзяржуніверсітэта розных пакаленняў).

     Здаецца, якраз Алесь Махнач заўважыў, што, маўляў, няёмка рабіць аўтографы на кнізе, дзе няма іх твораў. Але ўсё ж пісьменнікі распісаліся.

     …Прайшло шмат гадоў. З 1995 года я працаваў у “Звяздзе”. Разам з Віктарам Хурсікам заснавалі кніжную серыю “Ведаць свой край Беларусь” (асобна выдадзеныя краязнаўчыя нарысы. Кожны – пра адну вёску). Першай была мая кніга – “За Цітаўкаю – Слабада” (пра родную вёску Зацітава Слабада Пухавіцкага раёна). Кніжачку заўважыў Алесь Махнач, прыйшоў да Віктара Хурсіка (ён быў выдаўцом). Завітаў Алесь Іванавіч і да мяне. Павіншаваў, падараваў мне свае кнігі. Вось аўтограф на партрэце з камплекта паштовак “Абаронцы цытадэлі над Бугам”: “…Шчыра віншую з членствам у нашым творчым Саюзе. Шчасця, радасці. Творчага плёну. Моцнага здароўя Вам на гэтай дарозе. З павагай Ал. Махнач. 03.06.98 г.”

     Прыводзячы гэты і другія аўтографы, безумоўна, адчуваю і пэўную няёмкасць. Пажаданні, узнёслыя словы вядомага пісьменніка – як быццам “на вырост”. Але і ў гэтым характар Алеся Махнача: яго высокая чалавечнасць, яго жаданне ўзвысіць чалавека, пахваліць, сказаць цёплае слова. За гэта яму, абаронцу Брэсцкай крэпасці, – і зараз мае словы ўдзячнасці. Тады, у чэрвені 1998, Алесь Іванавіч падараваў і выдадзеную “Юнацтвам” дакументальную аповесць “Камандзір Усходняга форта” – пра Пятра Міхайлавіча Гаўрылава (аўтограф наступны: “Дарагому сябру, цудоўнаму чалавеку, Пісьменніку і Летапісцу нашай зямлі роднай – Алесю Мікалаевічу Карлюкевічу са шчырасцю – Ал. Махнач. 03.06.1998 г.Мінск”).

     Адным выдатным і добрым чалавекам на свеце паменела. Шкада і балюча. Як памяць – і яго, Алеся Махнача, аўтографы.

Проиграть видео
Проиграть видео
Проиграть видео
Проиграть видео
Прокрутить вверх