Жыцця маладога дарога - Дзяржаўная ўстанова культуры

Віртуальны музей Паўлюка Труса

Плылі гады…

А за гадамі скора

Маленства светлае

Праходзіла, як дзень.

І так не верыцца, —

Было, здаецца, учора?

А ўжо сягоння ты

Настаўнік і студэнт.

                       П.Трус

     У 1923 годзе Паўлюк Трус прыязджае ў Мінск, каб паступіць на вучобу. У гэты час яго сябра па Уздзенскай школе Алесь Якімовіч ужо вучыўся ў Белпедтэхнікуме. Падаў і Паўлюк сваю заяву туды ж. Алесь Якімовіч на сустрэчы сказаў яму, што ў тэхнікуме выкладае методыку роднай мовы Якуб Колас.

     Гэта была вельмі прыемная і радасная навіна. Паўлюк Трус, яшчэ не прыняты ў тэхнікум, пачаў прыглядацца да ўсіх настаўнікаў, стараючыся распазнаць знаёмыя абрысы твару любімага пісьменніка, якія запомніліся па кніжных партрэтах. Заглядаў у настаўніцкую, пільнаваў у калідоры, але сустрэцца з Якубам Коласам так і не ўдалося. У час экзаменаў Колас не прысутнічаў, і доўгачаканую сустрэчу давялося адкласці да той пары, калі Паўлюк будзе ўжо студэнтам і ўбачыць Коласа ў аўдыторыі. А да гэтага заставалася ўжо мала часу.

     І вось Паўлюк Трус студэнт Белпедтэхнікума.

Белпедтэхнікум у якім вучыўся Паўлюк Трус (фота з архіва БДАМЛМ)

     Пачалося знаёмства з шумнай студэнцкай сям’ёй. Сяброўская сувязь з Алесем Якімовічам стала яшчэ глыбейшай. Хлопцы паспрабавалі ажыццявіць ранейшыя мары практычна. Яны падалі свае першыя вершы ў рэдакцыю часопіса “Малады араты”.

    І – о шчасце! – праз некаторы час убачылі іх надрукаванымі. Радасці не было канца. Упарта і самааддана пачалі яны працаваць над вершаваным словам. Іх вершы і допісы ўсё часцей з’яўляюцца на старонках студэнцкай насценгазеты. 

Членскі білет №16, выдадзены П.Трусу Усесаюзнай асацыяцыяй пралетарскіх пісьменнікаў 1923 г.

     У 1924 годзе літаратурны гурток тэхнікума сталі наведваць навічкі – Пятро Глебка, Максім Лужанін, Сяргей Дарожны.

Група беларускіх пісьменнікаў (П.Трус – трэці злева ў другім радзе) (фота з архіва БДАМЛМ)

      Літаратурная праца ў гуртку, які часта наведваў Якуб Колас, стала сур’ёзнай школай. Якуб Колас умеў сардэчным бацькоўскім словам дакарыць і падтрымаць. Ён радаваўся, што вакол яго вырастае здольная працавітая літаратурная моладзь, якая смела і ўпарта шукае свае самастойныя шляхі ў літаратуры.

     У чэрвені 1927 г. П.Трус атрымлівае дыплом настаўніка сямігодкі. Паўстае пытанне пра ўладкаванне на працу. Цэнтральнае бюро “Маладняка” прапаноўвае паэту рэдактарскую пасаду ў Мінску, але ён нечакана для ўсіх уладкоўваецца на вольную пасаду сакратара гомельскай газеты “Новая деревня”.

     Акрамя рэдакцыйнай працы, паэт актыўна займаецца асветніцкай справай. Кіруе абласной філіяй БелАППа, часта ездзіць па раёнах, выступае з вершамі, дакладамі. З перапіскі Труса з сябрамі відаць, што ён у Гомелі жыў напружаным духоўным жыццём, наведваў тэатральныя спектаклі, наладжваў літаратурныя справы, клапаціўся пра лёс слоўнага мастацтва на Беларусі.

     У верасні 1928 г. П.Трус становіцца студэнтам літаратурна-лінгвістычнага аддзялення педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Ва ўніверсітэце Паўлюк Трус павінен быў вывучаць самога сябе. Гэта рэдкі, амаль выключны выпадак у гісторыі сусветных літаратур.

Проиграть видео
Проиграть видео
Проиграть видео
Проиграть видео
Прокрутить вверх