Дзіцячыя гады - Дзяржаўная ўстанова культуры

Віртуальны музей Паўлюка Труса

Паэты пачынаюцца з дзяцінства. Там цячэ рака іх маленства, блытаецца ў ракітах вецер, высвістваюць на ўсе галасы і падгалоскі салаўі, тонуць у вэлюме сады, а позна вечарам узыходзяць на небе зоркі.

                                                                        В.Шырко

     Нарадзіўся Паўлюк Трус 6 мая 1904 года ў вёсцы Нізок на Уздзенскай зямлі. Бацькі яго пабраліся шлюбам, заснавалі сваё гняздо на спрадвечнай сялібе роду Трусаў, у вёсцы Старое Сяло.

     Але незадоўга да з’яўлення на свет іх першынца з вёскай здарылася страшэнная бяда. У навальніцу пярун ударыў у адну хату, узнікнуў пажар. Вецер разліў агонь на ўсю вёску, якая згарэла за нейкія дзве гадзіны. Людзі ледзьве ўратаваліся. Трусы не сталі будавацца на старым месцы, яны заклалі новы дом у найбліжэйшым Нізку: месца цішэйшае, не так адкрыта ветру.

Адам Емельянавіч Трус, бацька паэта (1868 - 1939)

       Пасля нараджэння першынца Паўлюка ў сям’і з’явіліся Міхась, Марыя, Вера.

     Сям’я жыла бедна. Хату мелі невялікую, спалі дзеці ўсе разам на палацях.

     Але іх дзяцінства калыхалі Нёманскія хвалі, грыбны ды ягадны бор, бязмежнасць красак Нізокскай зямлі – і яны падрасталі, амаль не заўважаючы няшчымніцу.

     Паўлюк не меў падабенства ні з братам, ні з сёстрамі. Ён быў круглатвары, усыпаны рабаціннем, вочы цёмныя, карыя, рыжыя валасы кучаравіліся.

    “Ён у вас, як анёлачак, — казала суседка-бабуля, — акурат такога ў цэркаўцы на іконе бачыла, толькі той з крыламі. Гэта знаменне, — бабуля паказвала пальцам на неба, — вялікі чалавек з хлопца выйдзе…”

    “У дзесяць гадоў, — казаў Паўлюк Трус свайму сябру М.Хведаровічу, — я ўжо хадзіў за бараною. Бацька сеяў, а я па свежых слядах баранаваў і не толькі баранаваў, а нават пад’язджаў на баране, за што ад бацькі часта пападала па вушах. У дванаццаць гадоў я браў першыя ўрокі на аратага, праца куды менш цікавая, бо патрабавала пільнасці і вялікай увагі. У пятнаццаць гадоў я моцна трымаў касу ў руках і, як спрактыкаваны мастак, добра вымалёўваў шырокія пракосы на нашых прынёманскіх лугах”, крыху пазней вазіў з бацькам узімку лес да Вусы на сплаў”.

Сплаў лесу па Вусе. 1924 г.

        У вясковай школе Паўлюк здзіўляў настаўніка сваёй стараннасцю і кемлівасцю. Пачалі праяўляцца ў вучня і іншыя здольнасці. У школе Паўлюк лічыўся мастаком. Ён умеў намаляваць у сваім сшытку вясковую вуліцу. Зіму. Вясковыя хаты пад калматымі шапкамі снегу. Вясковую студню. Каля яе ўвіхаліся жанчыны. Хлапчукі з торбамі цераз плячо беглі ў школу. Аднойчы нават паспрабаваў намаляваць і самога настаўніка. Сябры аднакласнікі падлабуньваліся, каб і ў іх сшытках што-небудзь намаляваў Паўлюк.

Сшытак-газета “Низокская жизнь” рукапіс Паўлюка Труса
Проиграть видео
Проиграть видео
Проиграть видео
Проиграть видео
Прокрутить вверх