З аўтабіяграфіі Алеся Махнача - Дзяржаўная ўстанова культуры

   

     Нарадзіўся Алесь Махнач 27 жніўня 1922 г. у в.Забалацце Уздзенскага раёна Мінскай вобласці.

  

    

    …Маці Алеся Іванавіча, Вольга Мікалаеўна, з невялікай лясной вёскі Боркі, бацька нарадзіўся і вырас у Забалацці. Маці была на трынаццаць гадоў маладзей ад бацькі. Прыгожая, працавітая. Любіла песні, танцы.

     Гадавала Алеся бацькава маці. Яна часта наведвала сваю родную вёску Нізок. Звычайна брала з сабою Алеся. Напачатку яна яго, маленькага, насіла за плячыма, пасля, як падрос крыху, ужо сам подбегам шыбаваў за бабуляй. Там, у Нізку, ён упершыню пачуў пра Кандрата Крапіву, Паўлюка Труса.

     “Мяне заўсёды цягне ў Забалацце, што на Уздзеншчыне. Невялічкая вёска стаіць у самым вярхоўі Неманца, з якога бярэ свой выток славуты Нёман. Гэта мой родны кут. Тут калісьці гаманіла маё басаногае маленства. Часта ўспамінаю той далёкі час. У памяці паўстае вузкая палоска зямлі, сціснутая палыновымі межамі. Я іду за плугам. Побач крочыць бацька.

     — Далей вучыцца не пойдзеш, — чую яго словы. — Трэба ж некаму на гаспадарцы застацца.

     Восенню мае аднагодкі ідуць у пяты клас, а я застаюся дома. Летам пасу каровы, зімою памагаю людзям малаціць, перавозіць з балота сена, даглядаць скаціну. Напрадвесні загаварылі аб калектывізацыі.

     Горш не будзе, чым было, — вырашае бацька на сямейным савеце і садзіць мяне пісаць заяву. Ён дыктуе, а я выводжу словы: “Так як мы беднякі з беднякоў, просім Савецкую ўладу прыняць нас у калгас”.

     Вясной стаў пасвіць небагаты калгасны статак: шэсць кароў і некалькі авечак. У маёй торбачцы заўсёды побач з акрайцам чэрствага хлеба ляжаць кніжкі. Захапляюся творамі М.Гогаля, Я.Коласа, К.Крапівы. Не расстаюся і з падручнікамі для пятага класа. Вельмі хочацца вучыцца.

     Восенню паступаю ў вячэрнюю школу. Кожны вечар бягу за чатыры кіламетры ў гарадскі пасёлак Узда. Вяртаюся дахаты позна ноччу. Страшна ісці праз лес аднаму, але прага да вучобы бярэ сваё.

     Спрабую пісаць вершы. Аб гэтым хтосьці расказвае выкладчыку беларускай літаратуры Наумаўцу. Ён памагае перавесціся ў дзённую школу, запісвае ў свой літаратурны гурток. Там не чую размовы аб тым, што азначае той ці іншы літаратурны тэрмін. Гутарка ідзе пра хараство і багацце мастацкага слова. Для гэтага настаўнік бярэ які-небудзь цікавы твор і разглядае яго з усіх бакоў. Заняткі літаратурнага гуртка нагадваюць нешта накшталт сённяшняга народнага ўніверсітэта.

     Наступаюць летнія канікулы, і я са школьнымі сябрамі адпраўляюся ў «далёкія» вандроўкі па роднаму краю. Бываю ў вёсках, дзе нарадзіліся і правялі дзяцінства многія беларускія пісьменнікі”.

     Ад яго чакалі вершаў, а яны не пісаліся. Алесю падабалася матэматыка, фізіка. Пасля васьмі класаў вырашыў паступаць у ваеннае вучылішча.

     Дарэмна адгаворвалі бацька і маці. Алесь паспяхова прайшоў медыцынскую камісію, здаў уступныя экзамены і стаў курсантам Мінскага ваенна-пяхотнага вучылішча імя М.І.Калініна. Тут Алесь правучыўся 2 курсы, а потым быў пераведзены ў Калінкавіцкае пяхотнае вучылішча, якое скончыў у 1941 годзе.

Алесь Махнач, курсант Мінскага ваенна-пяхотнага вучылішча 1940 г.
Проиграть видео
Проиграть видео
Проиграть видео
Проиграть видео
Прокрутить вверх