14 чэрвеня 2018 г.

 

Надзвычай цёплай і добразычлівай аказалася чарговая сустрэча нашага пісьменніка-земляка Дзмітрыя Вінаградава з вучнямі сярэдняй школы №1, якая адбылася  ў літаратурнай гасцёўні цэнтральнай бібліятэкі. З цікавасцю і захапленнем дзеці слухалі расповед Дзмітрыя Леанідавіча пра яго жыццёвыя сцяжынкі, пра кніжкі, якія ён напісаў пра і для дзяцей. А потым чыталі творы, абмяркоўвалі праслуханае і дзякавалі пісьменніку за цікавую сустрэчу.

 

 

19 чэрвеня 2018 года

19 чэрвеня сябры, калегі, вучні, якія сабраліся ў чытальнай зале раённай бібліятэкі, віншавалі з юбілеем Валянціну Мікалаеўну Шытыку, якую з нашай бібліятэкай яднае цеснае даўняе сяброўства.

Мультымедыйная прэзентацыя дапамагла прагартаць старонкі жыццёвай кнігі Валянціны Мікалаеўны. У гэты святочны дзень яе віншавалі калегі з СШ №2 імя К. Крапівы начале з дырэктарам А. Іаргачовай, былая вучаніца Марына Бурая і вакальная група дзіцячай школы мастацтваў. Дырэктар раённай бібліятэкі А. Драчан уручыла юбілярцы падзяку за супрацоўніцтва, удзельнікі хора ветэранаў  “Надзея” віншавалі Валянціну Мікалаеўну добрымі песнямі. Дарылі свае віншавальныя словы імянінніцы і ўдзельнікі літаратурнага аб’яднання “Нёманец”.

На свяце гучалі песні ў выкананні А. Каламійца, Сяргея Шытыкі - сына юбіляркі, сяброўкі А. Сурман.

29 чэрвеня 2018 года

25 год таму свет пабачыў першы зборнік твораў удзельнікаў літаб’яднання “Нёманец”. З гэтай нагоды 29 чэрвеня раённая бібліятэка ладзіла літаратурнае свята. На сустрэчу сабраліся тыя, хто меў непасрэднае дачыненне да гэтай падзеі, а таксама бібліятэкары сельскіх бібліятэк, чытачы - аматары паэзіі. Разам з вядучымі імпрэзы ўдзельнікі свята ўзгадвалі, як пачыналася работа над стварэннем зборніка, як праходзіла яго прэзентацыя ў Уздзенскім гісторыка-краязнаўчым музеі. Сваімі ўспамінамі падзяліліся В. Сабалеўскі, В. Чарнюк, І. Гетманчук, К. Рогава. У гэты святочны дзень удзельнікі свята чыталі вершы, спявалі песні, а бібліятэкары нават інсцэніравалі верш В. Сабалеўскага “Такое рознае каханне”.

Пасля ўдзельнікі свята ля гарадскога фантана выпусцілі ў неба каляровыя шары з назвай зборніка-юбіляра, а К. Рогава прачытала свой верш “Звіні, наднёманская ліра”, якім 25 гадоў таму завяршала свята паэзіі.