3 сакавіка 2017 года
З пазітыўным настроем збіраліся матулі, якія выхоўваюць прыёмных дзяцей, у гасцёўні цэнтральнай бібліятэкі 3 сакавіка. У гэты дзень тут ладзілася святочнае паседжанне клуба "Мая сям'я" з нагоды прыгожага вясновага свята - Дня жанчын. Шмат добрых слоў падаравала сваім калегам галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Наталля Герман і дырэктар СПЦ Вольга Данільчук. За кубкам гарбаты жанчыны прыемна правялі час, а напрыканцы святочнага мерапрыемства атрымалі невялікія салодкія "кампліменты".
15 сакавіка 2017 года
Халодны сакавіцкі дзень 15 сакавіка стаў сапраўдным святам для вучняў раённай гімназіі, СШ №1 імя А.С.Пушкіна, СШ №2 імя К.Крапівы, Зенькавіцкай і Сямёнавіцкай БШ. Маладым грамадзянам Беларусі, якім ужо споўнілася 14 гадоў, у Дзень Канстытуцыі ва ўрачыстай абстаноўцы ўручылі пашпарты. Іх віталі афіцыйныя асобы раённага выканаўчага камітэта: старшыня раённага савета дэпутатаў І.А.Пятровіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі А.Г.Спірына, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму У.Я.Казючыц, а таксама начальнік аддзялення па грамадзянству і міграцыі Уздзенскага РАУС В.І.Гічык, першы сакратар Уздзенскага РА ГА “БРСМ” Ю.С.Зяневіч, старшыня раённага савета воінаў-інтэрнацыяналістаў І.П.Аліпаў. Падлеткам былі ўручаны падарачныя выданні “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь”, “Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь”, памятныя сувеніры. На святочную экскурсію гасцей запрасіў Палац культуры.
Уздзенская цэнтральная раённая бібліятэка імя П.Труса прапанавала паўдзельнічаць у квест-гульні “Жывая бібліятэка”. Падзяліўшыся на каманды і атрымаўшы заданні, нашы госці імпэтна кінуліся іх выконваць. Патрэбна было скласці два сказы пра значэнне кнігі ў жыцці чалавека. Першай справілася з заданнем каманда “зялёных”, але і “чырвоныя” адсталі літаральна на хвілінку. Маладыя грамадзяне Беларусі запісаліся ў раённую бібліятэку, на фармулярах пазначыўшы нумары сваіх новенькіх пашпартоў.
10 сакавіка 2017 года
“Оставайтесь на линии жизни”, аўтарытэтнае меркаванне, сустрэча з медыцынскімі работнікамі
Вучні 8 класса СШ №2 імя К.Крапівы наведалі ЦРБ імя П.Труса, дзе для іх была арганізавана сустрэча з медыцынскай сястрой кабінета здаровага ладу жыцця Святланай Касабуцкай і з фельчарам-валеолагам раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Наталляй Лапустай.
Зноў і зноў медыцынскія работнікі б’юць трывогу з-за таго, што маладыя людзі спрабуюць ужываць розныя наркатычныя сродкі, наносячы тым самым непапраўную шкоду здароўю. Аўтарытэтна, з дэманстрацыяй відэаролікаў, медыкі расказалі аб наступствах ужывання алкаголю, спайсаў, сінтэтычных наркотыкаў, правялі анкетаванне, раздалі буклеты, лістоўкі і брашуры па тэме.
25 сакавіка 2017 года
Суботні дзень перад канікуламі – гэта ўжо амаль канікулы!
З карысцю і задавальненнем сямікласнікі СШ №1 імя А.Пушкіна разам з класным кіраўніком М.А.Атраховіч і школьным бібліятэкарам І.В.Бельскай правялі гэты дзень 25 сакавіка ў Палацы культуры. Яшчэ ў фае гасцей сустрэла загадчык аддзела культурна-забаўляльнай дзейнасці раённага дома культуры Л.К.Цвірко і запрасіла на экскурсію. Школьнікі паглядзелі, дзе і як працуюць акампаніятары і харэографы, мастакі і майстры народных промыслаў, убачылі прыгожыя выставы, залы гурткавой работы.
У цэнтральнай раённай бібліятэцы імя П.Труса школьнікаў віталі бібліятэкары А.А.Кучук, Н.А.Шчамянок, В.Я.Віяленцій. Па ўзросту сямікласнікі яшчэ з’яўляюцца чытачамі дзіцячай бібліятэкі, і не ўсе нават былі ў “дарослай” кніжніцы. Тым цікавей – а што ж там асаблівага? Аказалася, што ў бібліятэцы можна пашукаць скарбы, чым і заняліся нашы наведвальнікі. Давялося і ў каталогах пакапацца, і падшыўкі газет пагартаць, і разабрацца ў сістэме расстаноўкі фонда. Нават зазірнуць у сур’ёзныя тамы публічнага цэнтра прававой інфармацыі прыйшлося, каб знайсці фрагменты двух мудрых выказванняў пра кнігу. Дапамагала разабрацца ў складаных сітуацыях і накіроўвала пошукі ў патрэбнае рэчышча студэнтка факультэта інфармацыйна-дакументных камунікацый БДУКМ Валерыя Шкода, член раённай літаратурна-творчай суполкі “Вясёлка”, маладая пісьменніца Уздзеншчыны.
Потым разам пілі гарбату з цукеркамі і размаўлялі пра планы і мары, а наперадзе яшчэ быў міні-канцэрт у глядзельнай зале… Канікулы пачаліся!
30 сакавіка 2017 года
ў літаратурнай гасцёўні цэнтральнай раённай бібліятэкі імя П.Труса адбыўся вечар «Я помню вальса звук прелестный». Вядучая мерапрыемства – актыўная ўдзельніца клуба “Залаты ўзрост”, літаб’яднання “Нёманец” Валянціна Мікалаеўна Шытыка расказала аб гісторыі вальса, пазнаёміла з творчасцю вядомых кампазітараў: Ф. Шуберта, Ф. Шапэна, І. Штрауса, А. Грыбаедава і іншых кампазітараў. Удзельнікам мерапрыемства была прапанавана мультымедыйная прэзентацыя з праглядам відэаролікаў “Вальс фантазия” М.Глінкі, “Метель” Г. Свірыдава, “Сказки венского леса” І. Штрауса і інш. У выкананні народнага хора ветэранаў “Надзея” прагучалі некалькі вальсаў.