4 мая 2018 года

Напярэдадні свята Дня Перамогі раённая бібліятэка сабрала сваіх чытачоў, наведвальнікаў на тэматычны вечар “Памяць: Жанчыны на вайне”.

Прысутныя разам з арганізатарамі  мерапрыемства ўспаміналі пра жанчын, чыя маладосць была апалена полымем Вялікай Айчыннай вайны. Бібліятэкарамі была створана мультымедыйная прэзентацыя, з дапамогай каторай расказана пра цяжкі, пакутны лёс жанчын-медыкаў, лётчыц, зенітчыц, падпольшчыц, разведчыц. У прэзентацыі былі выкарыстаны фрагменты мастацкіх фільмаў пра вайну, музыка, песні гэтай тэматыкі.

Напрыканцы вечарыны перад гледачамі выступіў сямейны дуэт Алы Кунцэвіч і Уладзіміра Ферафонтава, якія выканалі некалькі вядомых песень.

11 мая 2018 года

 

Дню сям'і была прысвечана чарговая сустрэча ў клубе "Мая сям'я", каторы дзейнічае пры цэнтральнай бібліятэцы. 11 мая ў літаратурнай гасцёўні сабраліся маці прыёмных дзяцей, каб абмеркаваць надзённыя праблемы сям'і. Перад удзельнікамі мерапрыемства выступіла галоўны спецыяліст РАА Наталля Герман. Супрацоўнікі бібліятэкі павіншавалі матуль са святам і за кубачкам чаю правялі цікавую і змястоўную размову аб сваіх жыццёвых клопатах, сямейных здабытках.

 

 

16 мая 2018 года

 

Урок здароўя для наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў ТЦСАН 16 мая правялі ў цэнтральнай бібліятэцы  інструктар-валеолаг  УЗ “Уздзенская ЦРБ” Касабуцкая Святлана Леанідаўна і фельчар-валеолаг РЦГіЭ Наталля Пятроўна Лапуста.

У чарговы раз спецыялісты-медыкі завіталі ў бібліятэку, каб расказаць пра здаровы лад жыцця і шкоднасць дрэнных звычак. На гэты раз іх слухачамі і суразмоўцамі сталі выхаванцы тэрытарыяльнага цэнтра абслугоўвання насельніцтва. Удзельнікі размовы прагледзелі відэафільм, уважліва слухалі медыкаў, а на развітанне атрымалі змястоўныя, маляўнічыя буклеты і лістоўкі, прысвечаныя здароваму ладу жыцця.

18 мая 2018 года

 

Цэнтральная раённая бібліятэка прымала ўдзельнікаў этнаграфічнай дыктоўкі "Збяры ў сваім сэрцы Беларусь". Мэтамі мерапрыемства ставіліся і праверка ведаў удзельнікаў, і папулярызацыя нацыянальнай традыцыйнай культуры. Да таго ж, у тэксце былі пытанні, што датычацца гісторыі і культуры нашай Уздзеншчыны, а гэта добрая нагода яшчэ раз звярнуць увагу на малую Радзіму.

Удзельнікі мерапрыемства нядрэнна справіліся з пастаўленай задачай. Па выніках дыктоўкі кожны атрымаў сертыфікат з пазначаным вынікам.

24 мая 2018 года

 

У чарговы раз цэнтральная раённая бібліятэка запрасіла ў літаратурную гасцёўню навучэнцаў раённай гімназіі на ўрок-разважанне "Жгучее мужество слова", прысвечаны 70-годдзю вядомай беларускай пісьменніцы, лаўрэата Нобелеўскай прэміі 2015 года па літаратуры Святланы Алексіевич.

Жыццёвы і творчы шлях пісьменніцы,яе творчыя здабыткі - былі ў цэнтры ўвагі разважанняў бібліятэкара Алены Кучук і вучняў.