8 лістапада 2018 года

 

8 лістапада літаратурная гасцёўня цэнтральнай бібліятэкі адчыніла дзверы для вучняў 10 класа сярэдняй школы імя А.С. Пушкіна. Для іх сёння бібліятэкары падрыхтавалі літаратурную мультымедыйную  вечарыну, прысвечаную 200-годдзю з дня нараджэння вядомага рускага пісьменніка Івана Тургенева. Навучэнцы з цікавасцю слухалі інфармацыю пра лёс і творчы шлях пісьменніка, азнаёміліся з літаратурай, прадстаўленай на выставе.

14 лістапада 2018 года

 

"Радком сваім я край праслаўлю", пад такой назвай 14 лістапада ў раённай бібліятэцы адбыўся творчы вечар-сустрэча з пісьменніцай, кіраўніком народнага клуба кампазітараў і паэтаў "Жывіца" Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці Ірынай Аляксандраўнай Карнаухавай. 

Стала добрай традыцыяй запрашаць у бібліятэку цікавых людзей: мастакоў, музыкантаў, пісьменнікаў. Ірына Аляксандраўна ахвотна прыняла запрашэнне бібліятэкі і пазнаёміла чытачоў і аматараў паэзіі са сваёю творчасцю. У аўтарскім выкананні прагучалі вершы рознай тэматыкі, якія вельмі цёпла ўспрымаліся аўдыторыяй. У другой частцы літаратурнай сустрэчы свае паэтычныя творы ўвазе гледачоў прадставілі ўдзельнікі літаратурнага аб'яднання "Нёманец". Упрыгожылі сустрэчу музычныя выступленні салістаў раённага Палаца культуры.

21 лістапада 2018 года

 

Да 70-годдзя з дня нараджэння Яўгеніі Янішчыц у літаратурнай гасцёўні цэнтральнай бібліятэкі для вучняў сярэдняй школы №2 імя К. Крапівы бібліятэкары падрыхтавалі вечар-партрэт пад назвай "Партрэт жанчыны незвычайнага лёсу". Жыццёвы і творчы шлях паэткі раскрыты арганізатарамі мерапрыемства з дапамогай мультымедыйнай прэзентацыі, аудыё-, відэаролікаў.

29 лістапада 2018 года

 

У літаратурнай гасцёўні цэнтральнай бібліятэкі сабраліся навучэнцы раённай гімназіі, каб паслухаць карысныя парады ад медыцынскіх работнікаў па здароваму ладу жыцця. Такія сустрэчы школьнікаў з работнікамі медыцыны сталі ў бібліятэцы рэгулярнымі. Сёння ў чарговы раз падлеткі вялі сур'ёзную размову з Касабуцкай Святланай Пятроўнай, інструктарам-валеологам цэнтральнай раённай бальніцы, і Лапустай Наталляй Пятроўнай, фельчарам-валеолагам раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. "Время любить, время думать", такую назву мела мерапрыемства, арганізаванае напярэдадні Сусветнага дню барацьбы са СНІДам.  Прапанаваныя для прагляду відэаролікі, прымусілі школьнікаў задумацца над праблемай росту гэтага захворвання ва ўсім свеце. Што абавязкова павінен ведаць кожны пра такое захворванне, як засцерагчыся ад гэтай бяды - расказвалі медработнікі падлеткам. А затым вучні разгадвалі крыжаванку і атрымалі ў падарунак папяровыя лістоўкі-закладкі "Стоп СНІД".

30 лістапада 2018 года

 

Да чытачоў раённай бібліятэкі завітаў пісьменнік, прафесар гісторыі, даследчык Аляксандр Чаромін. Цікавым і змястоўным было выступленне пісьменніка. А. Чаромін - аўтар многіх кніг па гісторыі. З некаторымі з іх прысутныя змаглі азнаёміцца на кніжнай выстаўцы, прысвечанай творчасці аўтара. На сустрэчы гісторык пазнаёміў чытачоў  і з новымі кнігамі: "Брест. История приграничного города (X - XXI века)" і "Священная дружина. Антитеррор". Напрыканцы сустрэчы А. Чаромін адказаў на пытанні прысутных.