Яндекс.Метрика

1 красавіка 2016 года

 

    У госці да бібліятэкараў завіталі вучні 7 – 8 класаў санаторнай школы. Дзеці толькі прыехалі да нас у Узду і ім было цікава больш даведацца пра гэта мястэчка Беларусі. Бібліятэкар Ліана Тападзе правяла экскурсію, расказала прысутным пра пісьменніцкі здабытак раёна, пра знакамітую вёску Нізок, адкуль у свет выйшла некалькі пісьменнікаў. Была паказана інтэрактыўная выстава “Крапівінскі скарб”, прысвечаная 120-гадоваму юбілею Кандрата Крапівы. Затым слухачы разам з экскурсаводам накіраваліся ў літаратурную гасцёўню, дзе паглядзелі 2 фільмы: пра Лідзію Арабей - “Радкі майго жыцця” і “Уздзенская ідылія” – гісторыка-краязнаўчы экскурс.

6 красавіка 2016 года

 

   У чарговы раз на творчую сустрэчу сабраліся паэты літаратурных аб'яднанняў Клецка, Узды і Дзяржынска. У гэты сонечны красавіцкі дзень гасцей вітаў клецкі  "Голас". "Вясна, паэзія, гумар" - такую назву атрымала сустрэча. Утульная зала Клецкага цэнтра культуры ў гэты дзень стала творчай пляцоўкай не толькі для паэтаў і пісьменнікаў "Нёманца", "Голаса", "Вытоку", але і для артыстаў-выканаўцаў песень, пакладзеных на вершы клецкіх паэтаў. Гаспадары сустрэчы і іх госці чыталі вершы, расказвалі калегам пра свае творчыя планы, спявалі. Удзельніца літаратурнага аб'яднання "Голас" (г.Клецк) Таццяна Цвірка прысвяціла гасцям сустрэчы свой верш.

 

У шосты дзень красавіка

(Святочным ён здаецца!).

Я шчыра рада вас вітаць

У нашым сціплым Клецку.

Няхай сустрэча наша ўсіх

Цяплом сардэц сагрэе.

Хачу прызнацца вам услых:

То – слаўная падзея.

Раёны тры – у трэці раз

Ў вянок адзін спляліся.

Сябры мае, у добры час

Калісьці мы сышліся!

Пасеялі нямала спраў

У радочкі творчай нівы,

Хай будзе наш сумесны сплаў

І шчодры, і ўрадлівы!

Ужо мы з вамі сваякі,

Мы родныя па душах!

Хай ткуцца новыя радкі

Прыгожа і нязмушана!

Хай мілуе вас бацька-лёс

Асобы! Творцы! Людзі!

За тое дзякуй, што вы ёсць!

І хай “сто лят” вам будзе!

                                      Таццяна Цвірка

   06.04.2016 г.     

 

    Удзельнікі літаратурнага аб'яднання "Нёманец" В. Сабалеўскі і Г. Нічыпаровіч атрымалі з рук Алены Стэльмах, пісьменніцы, члена праўлення Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, дыпломы выдавецкага дома "Звязда".

13 красавіка 2016 года

 

      У літаратурнай гасцёўні цэнтральнай раённай бібліятэкі адбылося свята. Тамара Антонаўна Каляда сабрала калег па літаратурным аб'яднанні "Нёманец", сяброў, аднадумцаў на творчы вечар з нагоды свайго юбілею.

Прыйшлі павіншаваць калегу Сняжана Лешчанін, Таццяна Цехнебедзіна, Дзмітрый Вінаградаў, Ніна Лятун, Вольга Бокуць-Чабатарова, Галіна Нічыпаровіч. Былі сяброўкі Тамары Антонаўны Уладзіслава Махлай і Наталля Кашынская.

     Бібліятэкар аддзела абслугоўвання Ліана Тападзе адкрыла мерапрыемства, распавяла пра гэтага прыгожага душой чалавека. Затым Тамара Антонаўна ўзяла ініцыятыву ў свае рукі і прэзентавала слухачам сваю новую кнігу “ Паэма пра гасціннасць”, якую яна прысвяціла паэтэсе і пісьменніцы, Члену Саюза пісьменнікаў Беларусі Галіне Міхайлаўне Нічыпаровіч. Уважлівая публіка з цікавасцю слухала паэму.

     Затым былі ўзаемныя віншаванні. Віноўніца выразіла словы ўдзячнасці  бібліятэкару ЦРБ Ганне Аўсеенцы, загадчыцы метадычнага аддзела Вользе Віяленцій, фатаздымак якой Тамара Антонаўна выкарыстала ў сваёй кнізе вершаў “Белая раніца”. Наступіла чарга прымаць словы падтрымкі ад калег-пісьменнікаў. Дырэктар цэнтральнай раённай бібліятэкі Аксана Драчан уручыла  ад супрацоўнікаў добры падарунак. Было выказана шмат шчырых пажаданняў. Веснавыя прыгожыя кветкі ад сяброў яшчэ больш ажывілі абстаноўку. Супрацоўнікі метадычнага аддзела ўнеслі пад спевы “Happy Birthday to you!” уласнаручна прыгатаваны Тамарай Антонаўнай замыславаты пірог, аздоблены свечкамі. Вольга Віяленцій правяла з прысутнымі цікавую віктарыну.

      Усе засталіся задаволенымі, успаміны аб свяце надоўга застануцца ў памяці і юбіляршы, і людзей, якія прыйшлі, каб падтрымаць яе ў такі знамянальны дзень.

22 красавіка 2016 года

 

   Гадзіна ўспамінаў “Чернобыль: не гаснет памяти свеча” адбылася 22  красавіка ў цэнтральнай бібліятэцы. На сустрэчу з пісьменнікам Дзмітрыем Вінаградавым  прыйшлі  вучні 9 “В” класа Уздзенскай сярэдняй школы №2 імя К. Крапівы.

   30 гадоў прайшло з таго часу, як адбылася гэта жудасная катастрофа, але  памяць пра яе  застаецца. У літаратуры, публіцыстыцы ў свой час  з’явілася шмат твораў, прысвечаных тэме Чарнобыля. Дзмітрый Леанідавіч Вінаградаў у сваёй творчасці таксама неаднойчы звяртаўся да гэтай тэмы. У 2013 годзе ён выдаў кнігу “ Время выбрало нас”, у якой апісвае рэальныя факты,  звычайныя перажыванні і непакой чалавека, на лёс  якога выпалі перашкоды, і які ставіць сваёю мэтай выратаваць жыццё і здароўе блізкіх людзей.  Расказаў пісьменнік і пра кнігу «Хойнікшчына. Легенды. Падзеі.Людзі.»

  Гутарка працягвалася амаль 2 гадзіны.  Вучні ўважліва слухалі пісьменніка, задавалі пытанні, азнаёміліся з выставай літаратуры, прыгатаванай бібліятэкарамі.