1 верасня 2018 года

 

1 верасня ў Дзень ведаў вучні раённай гімназіі завіталі ў бібліятэку, дзе для іх быў падрыхтаваны ўрок, прысвечаны Году малой Радзімы. Бібліятэкары правялі з вучнямі віртуальнае падарожжа ў вёску Нізок - радзіму нашых вядомых пісьменнікаў П. Труса, К. Крапівы, Л. Арабей. Вучні ўбачылі і пачулі шмат цікавых фактаў з жыццёвага і творчага шляхоў вядомых землякоў, азнаёміліся з цікавымі фотаздымкамі і відэаматэрыялам.

6 верасня 2018 года

Гасцямі бібліятэкі сталі навучэнцы Уздзенскага прафесійнага ліцэя. Юнакі і дзяўчаты, члены БРСМ прынялі ўдзел у квест-гульні “Время выбрало нас”, прымеркаванай да Дня нараджэння БРСМ.

Моладзь, разбіўшыся на дзве каманды, прераадольвала “перашкоды” ў выглядзе інтэлектуальных, пазнавальных, пошукавых, творчых заданняў. Прайшоўшы ўвесь запланаваны арганізатарамі квеста маршрут, юнакі і дзяўчаты дарылі частачку сваіх сэрцаў любімай арганізацыі, а першы сакратар БРСМ Юлія Зяневіч падаравала кожнаму ўдзельніку гульні памятныя сувеніры.

14 верасня 2018 года

Юбілейная вечарына з нагоды 70-гадовага юбілею беларускага пісьменніка, ураджэнца вёскі Чурылава Васіля Шырко адбылася 14 верасня ў канцэртнай зале Палаца культуры.

На працягу дзвюх гадзін юбіляру было выказана шмат цёплых слоў, шчырых віншаванняў. Гасцямі свята былі пісьменнікі А. Марціновіч, У. Шарпіла, Д. Вінаградаў. Сардэчна віншавалі з юбілеем пісьменніка намеснік старшыні райвыканкама А.А. Федчанка, старшыня раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” Т. Мятліцкая. Ад літаб’яднання “Нёманец” выступіла В. Бокуць-Чабатарова.

Напрыканцы свята цёплыя словы віншаванняў выказала дырэктар Уздзенскага гісторыка-краязнаўчага музея Т. Лухверчык і ўручыла юбіляру святочны каравай. Прыйшлі павіншаваць пісьменніка і вучні СШ №1 імя А. С. Пушкіна. Артысты раённага цэнтра культуры аздобілі вечарыну прыгожымі музычнымі нумарамі. Гучалі песні ў выкананні С. Прыёмкі, А. Каламійца, І. Селіхава, народнага хору ветэранаў “Надзея”. Музычны падарунак ад моладзі Уздзеншчыны прагучаў у выкананні скрыпача А. Жукоўскага. Павіншавалі з юбілеем В. Шырко яго родныя і блізкія.

Увазе гледачоў і гасцей вечарыны былі прадстаўлены буктрэйлер на зборнік казак пісьменніка “Дзед Манюкін і ўнукі” і інсцэніроўка па матывах замалёўкі “Тры першыя і кампот” з гумарыстычнай аповесці “Вунь чурылавец пайшоў”. Прысутным была прапанавана мультымедыйная прэзентацыя аб жыцці і творчасці юбіляра.

19 верасня 2018 года

 

Чарговая сустрэча медработнікаў з вучнямі школ адбылася ў цэнтральнай бібліятэцы 19 верасня.

На гэты раз урок здароўя на тэму “Добрыя парады для вашага здароўя” інструктар-валеолаг Уздзенскай ЦРБ С.Л. Касабуцкая правяла для навучэнцаў раённай гімназіі.

У літаратурнай гасцёўні цэнтральнай раённай бібліятэкі вучні ўважліва слухалі медыцынскага супрацоўніка, прагледзелі прапанаваны відэафільм, задавалі пытанні і атрымоўвалі на іх змястоўныя адказы.

28 верасня 2018 года

 

У раённай бібліятэцы былі падведзены вынікі конкурсу “Ветэранскае падвор’е”, які праводзіў раённы Савет ветэранаў. Былі вылучаны самыя лепшыя гаспадарскія падворкі  раёна. Усе яны адметныя сваёй арыгінальнасцю, непаўторнасцю, прыгажосцю, творчым падыходам. Старшыня ветэранскай арганізацыі Т.І. Лычкоўская ва ўрачыстай абстаноўцы ўзнагародзіла гаспадароў лепшых падвор’яў.