Яндекс.Метрика

19 студзеня 2017 года

 

Напярэдадні 85-гадовага юбілею раённай газеты “Чырвоная зорка” літаратурная гасцёўня сабрала яе сяброў, супрацоўнікаў, чытачоў.

Багатай на разнастайныя падзеі была біяграфія газеты ў розныя перыяды гісторыі ад “Калгасніка Уздзеншчыны”,  “Прыгранічнага калгасніка”, “Сталінскай праўды”, “За Савецкую Радзіму”, да сучаснай – “Чырвоная зорка”.  Менавіта ў “Чырвонай зорцы” пачыналі свой творчы шлях, шліфавалі майстэрства К. Крапіва, П. Глебка, А. Якімовіч, І. Гурскі і іншыя знакамітыя пісьменнікі і паэты Уздзеншчыны.

Успамінамі аб рабоце на пасадзе рэдактара  газеты падзяліліся В.С. Галенчык і В.В. Сабалеўскі.

Любімую газету ў гэты дзень прыйшлі павіншаваць удзельнікі літаб’яднання “Нёманец”.  Шмат цёплых слоў, вершаваных радкоў прысвяцілі раёнцы Т. Каляда, Г. Нічыпаровіч, А. Шыбко, В. Шытыка, Л. Астравух.

Аб раённай газеце і яе месцы ў сваім жыцці распявядалі А. Лятун, А. Дубовік, В. Віяленцій, А. Філіповіч, А. Якуценка, В. Рыдзецкая. Яны шчыра павіншавалі рэдакцыю газеты з надыходзячым святам, пажадалі ўсім супрацоўнікам творчага плёну.

         На мерапрыемстве прысутнічала рэдактар раённай газеты “Чырвоная зорка” Таццяна Мятліцкая. Яна расказала аб працоўных буднях рэдакцыі, карэспандэнтаў газеты.  Падзялілася творчымі планамі і задумкамі, адказвала на пытанні ўдзельнікаў сустрэчы.

31 ліпеня 2017

 

Супрацоўнікі раённай бібліятэкі і самыя актыўныя яе чытачы прынялі ўдзел ў цырымоніі памінання Мікалая і Магдалены Радзівілаў, пакланіліся праху кніягіні, які будзе перазахаваны ў Чырвоным касцёле Святых Сымона і Алены ў Мінску. 

Шмат людзей наведалася ў гэты дзень у Кальвінскі збор у п. Першамайск. Урну з прахам асветніцы і мецэнаткі прывёз са Швейцарыі на радзіму Алесь Сапега, прадстаўнік асацыяцыі беларусаў. У мерапрыемстве таксама прынялі ўдзел настаўнік СШ №2 імя К. Крапівы Андрэй Мікалаевіч Ярмольчык, пісьменнік Анатоль Бутэвіч. Ксёндз Дзяніс Шастаковіч прачытаў малітву аб супакаенні сямейнай пары Радзівілаў. Былі запалены свечкі, ускладзены кветкі.

Супрацоўнікі бібліятэкі запрасілі замежных гасцей наведаць цэнтральную раённую бібліятэку. За кубачкам гарбаты вялася  размова пра вечныя каштоўнасці, дабрачынныя справы і чалавечую памяць.

2 лютага 2018 года

 

У літаратурнай гасцёўні цэнтральнай раённай бібліятэкі сабраліся гурткоўцы з СШ №2 імя К. Крапівы на мультымедыйную краязнаўчую віктарыну "Мая Радзіма - Уздзеншчына". Яна складалася з пяці частак, якія былі прысвечаны знакавым мясцінам Уздзеншчыны, гістарычным і архітэктурным помнікам, вядомым мясцінам. Вучні ўважліва слухалі інфармацыю, актыўна адказвалі на пытанні віктарыны і дэманстравалі добрыя веды гісторыі свайго краю.  Да таго ж бібліятэкары пазнаёмілі юных краязнаўцаў з літаратурай гэтай тэматыкі, што знаходзіцца ў фондах бібліятэкі.

18 мая 2018 года

 

Цэнтральная раённая бібліятэка прымала ўдзельнікаў этнаграфічнай дыктоўкі "Збяры ў сваім сэрцы Беларусь". Мэтамі мерапрыемства ставіліся і праверка ведаў удзельнікаў, і папулярызацыя нацыянальнай традыцыйнай культуры. Да таго ж, у тэксце былі пытанні, што датычацца гісторыі і культуры нашай Уздзеншчыны, а гэта добрая нагода яшчэ раз звярнуць увагу на малую Радзіму.

Удзельнікі мерапрыемства нядрэнна справіліся з пастаўленай задачай. Па выніках дыктоўкі кожны атрымаў сертыфікат з пазначаным вынікам.

1 верасня 2018 года

 

1 верасня ў Дзень ведаў вучні раённай гімназіі завіталі ў бібліятэку, дзе для іх быў падрыхтаваны ўрок, прысвечаны Году малой Радзімы. Бібліятэкары правялі з вучнямі віртуальнае падарожжа ў вёску Нізок - радзіму нашых вядомых пісьменнікаў П. Труса, К. Крапівы, Л. Арабей. Вучні ўбачылі і пачулі шмат цікавых фактаў з жыццёвага і творчага шляхоў вядомых землякоў, азнаёміліся з цікавымі фотаздымкамі і відэаматэрыялам.

6 лютага 2019 года

 

Для выхаванцаў санаторнай школы ў гэты дзень бібліятэкары падрыхтавалі пазнавальную мультымедыйную віктарыну  "Мая Радзіма - Уздзеншчына", пытанні якой закранулі розныя напрамкі культурна-асветніцкага развіцця нашай малой радзімы. Акрамя таго, школьнікам быў прапанаваны для прагляду відэафільм "Уздзенская ідылія".

2 мая 2019 года

 

2 мая ў чытальнай зале цэнтральнай раённай бібліятэкі адбыўся вечар памяці протаіерэя Міхаіла Навіцкага, чый лёс цесна звязаны з гісторыяй Уздзеншчыны. Ён служыў Богу і людзям, нягледзячы на ганенні і цяжкасці. Айцец Міхаіл Навіцкі не адрокся ад праваслаўнай веры, а быў дарадчыкам для ўсіх веруючых і здзейсніў духоўны подзвіг, прыняўшы пакутніцкую смерць.

На вечарыне гучалі вершы, духоўная музыка П. Чайкоўскага, песні праваслаўнай тэматыкі. Для ўдзельнікаў вечарыны была падрыхтавана мультымедыйная прэзентацыя аб жыцці айца Міхаіла. Пранікнёна і цікава прагучалі выступленні гасцей - настаяцеля храма Святых апосталаў Пятра і Паўла протаіерэя Грыгорыя Чарапеннікава і настаўніка гісторыі СШ №2 ім К. Крапівы, даследчыка А.М. Ярмольчыка.

19 ліпеня  2018 г.

 

У чытальнай зале бібліятэкі адбылася цікавая падзея – прэзентацыя кнігі Віктара Хурсіка “Vale!”, якая прысвечана жыццю, мецэнацкай і асветніцкай дзейнасці нашай славутай зямлячкі, княгіні Марыі Магдалены Радзівіл. Сэрца яе заўсёды належала Беларусі. І служэнне Беларусі было не проста пафасам, а справай, якая ішла праз сэрца і была мэтанакіраванай і канкрэтнай.

Аб нашай славутай зямлячцы разважалі ўдзельнікі свята: настаўнік гісторыі СШ № 2 імя К.К. Крапівы А. Ярмольчык, прадпрымальнік А. Нікітка, дырэктар бібліятэкі А. Драчан, былы дырэктар гісторыка-краязнаўчага музея А. Папко, мастак А. Філіповіч. Удзельнікі літаб’яднання “Нёманец” Т. Каляда прачытала верш, прысвечаны Магдалене Радзівіл. Упрыгожыла свята песня У. Мулявіна на верш Я. Купалы “Малітва” у выкананні вучаніца Уздзенскай дзіцячай школы мастацтваў М. Тоўсцік.

Цікавым і эмацыянальным было выступленне аўтара кнігі – пісьменніка, журналіста і выдаўца Віктара Хурсіка. На свяце гучалі вершы беларускіх паэтак Е. Лось, К. Буйло, якія аздабляла музыка М. Глінкі. Ф. Шапэна. Прысутныя пажадалі аўтару натхнення, творчага плёну, цікавых сустрэч з чытачамі і здзяйснення ўсіх задумак.


24 жніўня 2018 года

 

У літаратурнай гасцёўні цэнтральнай раённай бібліятэкі сабраліся госці для таго, каб павіншаваць Яўгена Уласевіча, старшыню  Уздзенскага аддзялення Беларускага Саюза афіцэраў, з выхадам з друку кнігі дакументальнай прозы “Гвардии комбат”. Гэта кніга прысвечана незаслужана забытаму подзвігу нашага земляка Гундзіловіча Паўла Міхайлавіча, ураджэнца вёскі Ліцвяны.

Павіншаваць аўтара ў гэты дзень прыйшлі галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі К.Л. Іванова,  настаўнік гісторыі СШ №2 імя К.Крапівы А.М. Ярмольчык, член саюза пісьменнікаў Беларусі пісьменнік Д.Л. Вінаградаў, падпалкоўнік у адстаўцы В.А. Зябора.

Асобыя словы падзякі гучалі ў адрас аўтара ад намесніка дырэктара бібліятэкі Святланы Анатольеўны Максімовіч, кранальным было выступленне Вольгі Бокуць-Чабатаровай, якая выканала песню, словы якой сталі своеасаблівым эпіграфам для кнігі Яўгена Уласевіча.

29 красавіка 2016 года

 

У цэнтральнай раённай бібліятэцы імя П.Труса адбыўся вечар-ушанаванне нашага земляка Уладзіміра Мікалаевіча Кісялёва з нагоды яго  85-годдзя.

  Галоўная справа жыцця Уладзіміра Мікалаевіча – вывучэнне  і даследаванне роднай зямлі, Наднямоння. Блакітная стужка Нёмана знітавала яго лёс з гісторыяй родных мясцін, з лёсамі і знакамітых гістарычных асобаў,  і простых людзей. У.М.Кісялёў – аўтар краязнаўчых работ, прысвечаных  вытоку Нёмана, кніг і нарысаў, прысвечаных людзям Наднямоння. Уражвае нават пералік кніг: “На истоках Нёмана”, “Пуцявінамі Наднямоння”, “Прафесар электраграфіі і магнетызму”, “Парадоксы “электрического человека”, “Исследователь внимательный и трудолюбивый”, “Наднёманскімі пуцявінамі”.

  Павіншаваць юбіляра сабралася шмат гасцей, аднадумцаў, паплечнікаў, сяброў. Шчырыя словы прывітання гучалі ад дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Схода Рэспублікі Беларусь У.С.Цыдзіка, пісьменніка, старшыні Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі М.П.Пазнякова, пісьменніка, крытыка, публіцыста Я.І.Хвалея, пісьменніцы А.А. Стэльмах, членаў літаратурных аб’яднанняў “Выток” (Дзяржынск) і “Нёманец” (Узда), настаўнікаў, бібліятэкараў, музейных работнікаў, прадстаўнікоў раённай улады.

  Уладзімір Мікалаевіч адзначыў, што нават сам тэрмін краязнаўства мае больш змястоўны сэнс, па сутнасці, гэта –  Радзімазнаўства. Тое, без чаго любому чалавеку не стаць асобай, але  асабліва важна для маладога пакалення. Таму прыемна, што побач з Маэстра Краязнаўства (так назваў Уладзіміра Мікалаевіча выкладчык Уздзенскага сельскагаспадарчага ліцэя П.Д.Апановіч) у гэты дзень былі вучні СШ №2 імя К.Крапівы начале з А.М.Ярмольчыкам, гімназісты з настаўнікамі Г.В.Гладкай і І.А.Ткачэнкам.

   Няма ў свеце больш пачэснай місіі, чым кропля за кропляй захоўваць памяць аб сваёй маленькай радзіме, бо як маленькія ручайкі і рэчкі збіраюцца ў магутныя акіяны, так гісторыя кожнага куточка роднай зямлі становіцца гісторыяй нашай Беларусі.

За шчырую плённую працу Вам, Уладзімір Мікалаевіч, нізкі паклон ад землякоў!

31 мая 2016 года

 

    31 мая раённая бібліятэка запрасіла вучняў раённай гімназіі на дзень краязнаўства “Ён Радзімаю завецца , непаўторны гэты край”.  У гэты дзень гімназісты азнаёміліся з выставай-экспазіцыяй, прысвечанай 120-годдзю з дня нараджэння К. Крапівы “Крапівінскі скарб”. Затым у літаратурнай гасцёўні навучэнцам была прапанавана віртуальная краязнаўчая віктарына “Уздзеншчына – мая Радзіма”, а напрыканцы сустрэчы вучні прагледзелі відэафільмы “Уздзенская ідылія” і “Выток Нёмана – выток духоўнасці”.

15 красавіка 2016 года

 

   Атмасфера шчырасці і сяброўскай ўзаемапавагі панавала 15 красавіка ў чытальнай зале раённай бібліятэкі. Грамадскасць раёна ўшаноўвала ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Уладзіміра Яфімавіча Парабковіча. Ён з таго пакалення салдатаў Перамогі, што вынеслі на сваіх плячах увесь цяжар вайны.

   Павіншаваць юбіляра  прыйшлі: старшыня раённага савета дэпутатаў І.А.Пятровіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі А.Г.Спірына, прадстаўнік адміністрацыі кампаніі “Марк Фармэль” Л.М.Шыбко, старшыня Беларускага Саюза афіцэраў Уздзенскага раёна  Я.М.Уласевіч і Саюза воінаў-інтэрнацыяналістаў І.П.Аліпаў, старшыня Уздзенскай раённай арганізацыі ветэранаў Т.І.Лычкоўская, А.К.Якуценка.

  Шмат цёплых слоў прагучала ў адрас юбіляра. Успаміналі вялікі працоўны і жыццёвы вопыт Уладзіміра Яфімавіча, актыўную грамадзянскую пазіцыю, шматбаковую  грамадскую дзейнасць.

   Віншавалі У.Я.Парабковіча вучні  СШ №2 імя К.Крапівы і раённай гімназіі, метадыст раённага аддзела адукацыі А.В.Шыманская, дырэктар Уздзенскай раённай бібліятэкі імя П.Труса А.В. Драчан, удзельніца клуба “Залаты ўзрост” В.Р.Бокуць-Чабатарова.

   Сапраўдным апафеозам свята стаў візіт калег Уладзіміра Яфімавіча  з Беларускага саюза ваенных маракоў: сябра-франтавік,  салавецкі юнга, капітан-лейтэнант у адстаўцы Аляксандр Фёдаравіч Шаршавін, галоўны карабельны старшыня  ў адстаўцы Уладзімір Мікалаевіч  Качура, капітан 2 ранга запаса Беражны Барыс Мікалаевіч.

   Музычныя нумары, якія падарылі юбіляру Алег Каламіец і вакальная група “Сакавіца” аддзялення дзённага знаходжання асоб састарэлага ўзросту, таксама былі вытрыманы ў марской тэматыцы.

Вечар-ушанаванне суправаджаўся мультымедыйнай прэзентацыяй, прысвечанай юбіляру, дакументальнымі відэаматэрыяламі.

22 мая 2019 года

 

У чытальнай зале бібліятэкі прайшла юбілейная вечарына, прысвечаная 115-годдзю з дня нараджэння Паўлюка Труса. 

Прысутным на вечарыне была прапанавана мультымедыйная прэзентацыя аб жыцці і творчасці маладога таленавітага паэта, які за шэсць год сваёй літаратурнай дзейнасці прайшоў вялікі і складаны творчы шлях.

Бібліятэкары сельскіх бібліятэк-філіялаў падрыхтавалі паэтычную імпрэзу з мастацкіх радкоў-прысвячэнняў Паўлюку Трусу.

Госцем свята ў гэты дзень была старшыня Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Святлана Анатольеўна Быкава. Свае песні прысутным дарылі ўдзельнікі народнага хору ветэранаў "Надзея", удзельнікі літаратурнага аб'яднання "Нёманец" чыталі свае вершы.