Яндекс.Метрика

6 мая 2020 года

 

“Светлае імя Беларусі” — пад такой назвай у бібліятэцы прайшоў дзень памяці паэта — нашага земляка, Паўлюка Труса. Мерапрыемства праходзіла ў відэафармаце. У рамках дня памяці была праведзена акцыя “Чытаем разам Паўлюка Труса”, у якой прынялі ўдзел чытачы і супрацоўнікі раённай бібліятэкі, раённага Дома культуры.

1 верасня 2020 года

 

   Для вучняў 7 і 10 класаў Уздзенскай раённай гімназіі бібліятэка падрыхтавала гісторыка-краязнаўчую мультымедыйную прэзентацыю “Я вырос здесь и край мне этот дорог”, прысвечаную Году малой радзімы. 

    З гісторыяй і сучаснасцю нашай Уздзеншчыны пазнаёміла актыўны чытач бібліятэкі, удзельніца літаб’яднання “Неманец”, педагог з 50-гадовым стажам В.М. Шытыка. Для ўдзельнікаў мерапрыемства прагучалі песні аб родным краі ў выкананні Алега Каламійца.

      У гэты ж дзень быў праведзены гісторыка-краязнаўчы ўрок для вучняў 8 класа Уздзенскай СШ №1 імя А.С. Пушкіна “Здесь Родины моей начало”.

20 лістапада 2020 года

 

     Збор краязнаўчых календароў, якія ўжо 13 гадоў выдае нястомны краявед А.І.Нікітка, папоўніўся новым выданнем. На гэты раз Аляксандр Іванавіч зацікавіўся жыццём і дзейнасцю аднаго з законанастаўнікаў і тлумачоў торы Мошэ Файнштэйна, які нарадзіўся і вырас у мястэчку Узда, быў рабінам Узды і Любані. Не вытрымаўшы перадваенных ганенняў на габрэяў, Мошэ Файнштэйн эміграваў у ЗША, дзе за палову стагоддзя набыў статус самага аўтарытэтнага законанастаўніка юдаізму. Памёр у Нью-Ёрку у 1986 годзе, пахаваны на Святой Зямлі ў Іерусаліме.

   Слухаючы эмацыянальны аповед Аляксандра Іванавіча пра свой краязнаўчы вышук, удзельнікі прэзентацыі, якая адбылася 20 лістапада ў гасцёўні цэнтральнай раённай бібліятэкі імя П. Труса, зноў з гонарам канстатавалі: зямля Уздзеншчыны падарыла міру шмат таленавітых людзей і наша задача – захаваць памяць пра іх.

21 студзеня 2021 года

 

“Аставіў добры след” – пад такой назвай прайшоў у бібліятэцы вечар памяці, прысвечаны краязнаўцу У.М.Кісялёву. Прысутныя ўшанавалі памяць даследчыка, перагарнулі старонкі яго кніг “Прафесар электраграфіі і магнетызму”, “Пуцявінамі Наднямоння”, “Наднёманскімі пуцявінамі”, “На истоках Нёмана” і інш. Удзельнікі мерапрыемства азнаёміліся з кніжнай выстаўкай “Уладзімір Кісялёў – даследчык Уздзеншчыны”. У гэты дзень хвіліны памяці нястомнага краязнаўцы прайшлі ва ўсіх сельскіх бібліятэках раёна.

12 сакавіка  2021 года

 

    На стэндап party “Кандрат Крапіва — чытаем сёння” былі запрошаны вучні 9-га класа Уздзенскай санаторнай школы-інтэрната. Ім была прапанавана экскурсія-агляд па выстаўцы, прысвечанай класіку беларускай літаратуры К. Крапіве, а таксама цікавыя факты з жыцця пісьменніка, яго творчай дзейнасці.

      А потым хлопчыкі і дзяўчынкі ў стылізаванай зоне чыталі творы К. Крапівы: байкі, сатырычныя вершы. Вучняў зацікавіла творчасць пісьменніка, некаторыя з іх некалькі разоў выходзілі на пляцоўку, каб яшчэ раз агучыць неўміручыя творы пісьменніка.

28 красавіка 2021 года

 

    На краязнаўчую канферэнцыю “Тут Радзімы маёй пачатак”, прысвечанай 90-годдзю з дня нараджэння даследчыка Уздзеншчыны, краязнаўцы У.М.Кісялёва, сабраліся педагогі, пісьменнікі, краязнаўцы, школьнікі, прадпрымальнікі-мецэнаты, каб успомніць пра нашага вядомага земляка, падзяліцца сваімі ўспамінамі аб сустрэчах з ім.

   Адкрыў краязнаўчую канферэнцыю Настаяцель храма святых апосталаў Пятра і Паўла, протаіерэй Грыгорый Чарапеннікаў.

    Прысутныя з цікавасцю слухалі выступленні настаўніка гісторыі сярэдняй школы №2 імя К.К.Крапівы А.М.Ярмольчыка, А.І.Нікітку, навучэнку СШ №2 імя К.К.Крапівы А.Журкевіч, загадчыцу раённай дзіцячай бібліятэкі Г.М.Аўсеенка, пісьменнікаў Д.Вінаградава і В.Шытыка.

   Вынікі краязнаўчай канферэнцыі падвяла дырэктар раённай бібліятэкі А.В. Драчан. Усе выступленні суправаджаліся мультымедыйнай прэзентацыяй.

3 лютага 2022 года

 

    Супрацоўнікі раённай бібліятэкі прынялі ўдзел у навукова-практычным семінары "Ураджэнцы роднага краю" у межах рэспубліканскага праекта "На хвалі часу, у плыні жыцця", які адбыўся на базе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

    Быў падрыхтаваны відэаролік "Тут слова Труса гучыць, не змаўкае..." пра ўшанаванне памяці паэта-земляка на малой радзіме.

14 мая 2021 года

 

   «Вера как подвиг» — пад такой назвай ў бібліятэцы прайшоў вечар памяці протаіерэя Міхаіла Навіцкага ў рамках бібліятэчнага праекта "Вучым ганарыцца мінулым".

  У мерапрыемстве прынялі ўдзел настаяцель храма Пятра і Паўла протаіерэй Грыгорый Чарапеннікаў; краязнаўца, настаўнік гісторыі СШ №2 імя К.К.Крапівы А.М. Ярмольчык, вучні 10 класа раённай гімназіі.

   Аповед аб жыцці М.Навіцкага дапоўнілі супрацоўнікі бібліятэкі. На мерапрыемстве гучалі вершы і музычныя творы праваслаўнай тэматыкі. Увазе прысутных была прапанавана прэзентацыя, прысвечаная Міхаілу Навіцкаму і яго сям'і.

    Пра гераічны подзвіг сына Міхаіла Навіцкага - Мікалая, быў паказаны відэаролік, створаны на верш Д. Вінаградава “Запоздавшее письмо”.

21 кастрычніка 2021 года

 

    “Край, дзе Нёмана вытокі” — пад такой назвай у УА "Уздзенскі дзяржаўны сельскагаспадарчы ліцэй" прайшоў Дзень краязнаўства. Навучэнцам быў прапанаваны агляд кніг па краязнаўству “Старонка мая, непаўторны куток”, відэапраект аб даследчыку Уздзеншчыны Уладзіміры Кісялёве.

     Удзельнікі мерапрыемства прынялі ўдзел у моўнай гульні “Крынічныя словы роднай мовы”.

22 студзеня 2022 г.   

     Раённая бібліятэка запрасіла чытачоў на вечар-прысвячэнне

"Чырвоная зорка": газета, чытач, бібліятэка" да 90-гадовага юбілею раённай газеты. Аб гісторыі газеты, супрацоўнікаў і рэдактараў, якія яе стваралі, знакамітых людзях, якія з ёй супрацоўнічалі, даведаліся на мерапрыемстве яго ўдзельнікі.

  Прысутныя распавядалі аб сваім супрацоўніцтве з раённай газетай, з цеплынёй гаварылі аб журналістах выдання, дарылі ім святочныя віншаванні.